Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсія конегадоўцаў у Беларусі – на мяжы зьнікненьня


Вячаслаў Кулік, Менск Навучальныя ўстановы Беларусі адмовіліся ад падрыхтоўкі конегадоўцаў. Паводле чыноўнікаў Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, адмыслоўцы гэтай справы цяпер губляюць працу з-за няўпыннага скароту колькасьці коней ў калгасах і саўгасах краіны.

Міхал Мартышэнка з пухавіцкай вёскі Блонь узгадаваў каня для разнастайнай працы паводле дзедаўскага навучаньня.

(Мартышэнка: ) “Годзік коніку быў. Купілі жаробчыкам за 200 даляраў. Прайшоў зь ім амаль 90 кілямэтраў. Некалі дзяды казалі, што калі купіш каня, то трэба весьці пешкі, бо за дарогу пасябруеш, і конь будзе слухацца цябе. Сёньня, як запрэгчы, то яшчэ паглядзіць, хто за плугам ідзе. Не падабаецца чалавек – разварочваецца ў пастронках й бяжыць, каб укусіць. А мяне слухаецца!” (звяртаецца да каня)Так, Чыжа? Разумнік! Хочаш хлеба?”

Гаспадар ня скупы на конскі корм, бо жывіна дае яму добры заработак на старане.

(Мартышэнка: ) “У мінулую вясну садзілі бульбу па 2,5 тысячы за сотку. За дзень атрымлівалі па 70-90 тысячаў беларускіх грошыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, што ў вёсцы існуе салідарнасьць між гаспадарамі коней”.

(Мартышэнка: ) “Сустракаемся, дамаўляемся, колькі будзем браць за сотку”.

(Карэспандэнт: ) “А калгасныя коні вашым не канкурэнты?”

(Мартышэнка: ) “У калгасе былі 5 ці 7 коней, але не было каму даглядаць іх. І тыя, што былі, цыганам аддалі”.

Пра тое, што калгас – не спаборнік прыватніку, гавораць і тутэйшыя жыхары: Ніна Герасіменя і ейны муж Іван.

(Ніна: ) “Няма каму каня навучаць. Ведаеце, гэта ж вялікая навука! А тут 6 ці 7 гадоў каню, але ён не навучаны. Да яго ж не падыйсьці!”

(Іван: ) “Запрэгчы няма ў што. Конюх кажа: “Бяры каня хоць за грыву, хоць за хвост”. Таму лепш зьвярнуцца да прыватніка, заплаціць яму. Бо ў яго і ўся збруя ды інструмэнт”.

Паводле уліку Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, калгасы Беларусі з 1994 году штогод губляюць па 8-9 адсоткаў ад агульнай колькасьці коней. Было амаль 140 тысячаў, засталося 72. Прычыны такога заняпаду называе загадчык аддзелу ў міністэрстве Ўладзімер Улашчанка.

(Улашчанка: ) “У большасьці гаспадарак мала ўвагі надаецца корму коней, догляд не такі, як належыць быць. Улічваючы такое становішча, то й конегадоўцаў становіцца менш. Іх зараз не навучаюць у тэхнікумах і інстытутах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG