Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

19 студзеня нарадзіліся Эдгар По, Поль Сэзан, Лешак Бальцаровіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 19 студзеня

19 студзеня праваслаўныя беларусы традыцыйна адзначаюць Вадохрышча – апошняе сьвята каляднага цыклю. “Сьвятое Хрышчэньне – Калядам прашчэньне”. У гэты дзень, які гістарычна зьвязваюць з хрэсьбінамі Ісуса Хрыста, людзі асьвячалі ваду. Сьвянцоная вада, лічыцца, мае цудадзейную сілу.

19 студзеня 1969 году ў Празе на Вацлаўскім пляцы спаліў сябе студэнт Ян Палах. Гэта быў знак пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. Сёньня каля мэмарыяльнага знаку на месцы спаленьня заўсёды ляжаць кветкі і зьбіраецца моладзь.

19 студзеня 1862 году памёр Міхал Без-Карніловіч, які напісаў кнігу “Гістарычныя зьвесткі пра знакамітыя мясьціны ў Беларусі”. Наагул, Без-Карніловіч быў вайсковым тапографам і статыстыкам. Многія сучасныя беларусы ўпершыню даведаліся пра сярэднявечныя войны Вялікага Княства Літоўскага і Масковіі менавіта з гэтай кнігі Без-Карніловіча, бо савецкая гісторыя пра гэтыя войны маўчала.

19 студзеня 1809 году ў амэрыканскім горадзе Бостан нарадзіўся пісьменьнік Эдгар Алан По. Яго называюць пачынальнікам дэтэктыўнага жанру, ягоныя жахлівыя апавяданьні пра студню і майгач, залатога жука ці забойства на вуліцы Морг дагэтуль ледзяняць сэрца. По пражыў вельмі цяжкае нэрвовае жыцьцё, шмат пакутаваў і быў прычынай пакутаў для свайго атачэньня. Эдгар По пісаў ня тое што добра, а так, што душа скаланаецца ў чытача і праз 200 гадоў – ад страху, ад самоты і ад жаласьці. Апроч дэтэктыўных апавяданьняў Эдгар По пакінуў у сваім творчым даробку вершы – абсалютна незвычайныя і можа быць яшчэ больш жахлівыя і жаласныя, чым ягоная проза. На беларускую мову іх перакладаў паэт Алег Мінкін.

Сярод іншых славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 19 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага мастака Поля Сэзана, расейскага эсэра і лідэра антыбальшавіцкага змаганьня Барыса Савінкава, які, дарэчы быў схоплены і расстраляны ў 1925 годзе ў Менску; беларускага гісторыка Зіновія Капыскага, аўтара польскай эканамічнай рэформы Лешка Бальцаровіча і амэрыканскую рокавую сьпявачку Джэніс Джоплін, якая пражыла ўсяго 27 гадоў, але пасьпела стаць кумірам некалькіх пакаленьняў моладзі.
XS
SM
MD
LG