Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе адзіным дэмакратычным кандыдатам?


Юры Сьвірко, Менск Шмат хто гаворыць, што наступныя прэзыдэнцкія выбары адбудуцца толькі ўвосень 2006 года, бо мінулыя выбары былі 9 верасьня 2001. А што гаворыць заканадаўства Беларусі на гэты конт?

Паводле знакамітага артыкулу 81 дзейнай канстытуцыі, які быў зьменены на апошнім рэфэрэндуме, але застаўся нязьменны ва ўсіх іншы частках, выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым за пяць месяцаў, і праводзяцца не пазьней чым за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта. Гэта значыць, што, паколькі інаўгурацыя А.Лукашэнкі адбылася 20 верасьня 2001 г., то наступныя выбары пройдуць не пазьней за 20 ліпеня 2006 году, а канкрэтна іх дату вызначыць парлямэнт не пазьней за 20 красавіка таго ж году.

Нагадаю, што сэсія парлямэнту ў Беларусі пачынаецца заўсёды 2 красавіка, таму дакладна дзень выбараў мы ўведаем у красавіку наступнага году.

Але абмежаваньне “не раней за”, што да правядзеньня выбараў, у канстытуцыі няма. Мяркуецца, што прэзыдэнта выбіраюць на 5 гадоў, аднак той жа 81 артыкул у канстытуцыі прадугледжвае і такую сытуацыю: “Калі пасада аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз трыццаць дзён і не пазьней чым праз 70 дзён з дня адкрыцьця вакансіі”. Апазыцыя мяркуе, што А.Лукашэнка можа скарыстацца гэтай нормай: пайсьці датэрмінова ў адстаўку і прызначыць выбары ўжо сёлета, тым больш што 87 артыкул канстытуцыі кажа, што прэзыдэнт можа ў любы час падаць у адстаўку.

Пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму зразумела, што Лукашэнка будзе кандыдатам на выбарах прэзыдэнта. Хто будуць ягоныя супернікі?

У 2001 годзе ў бюлетэні былі яшчэ два прозьвішчы. Відавочна, што Ўладзімер Ганчарык зноў балятавацца ня будзе, а вось Гайдукевіч ужо сказаў, што будзе балятавацца: лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі быў ужо вылучаны зьездам сваёй партыі як кандыдат на прэзыдэнта яшчэ летась. Спадар Гайдукевіч нават заявіў, што гатовы стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі і супрацьстаяць А.Лукашэнку. Але нагадаю, што ў 2001 годзе гэтае супрацьстаяньне скончылася з вынікам 2,5% галасоў, зь якімі С.Гайдукевіч заняў 3-е, апошняе месца.

Што да іншых прэтэндэнтаў, то ўчора пра свой намер браць удзел у выбара прэзыдэнта заявіў лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк. Яшчэ пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявіў учора былы старшыня БСДП Народная грамада Мікола Статкевіч. Яго ўжо вылучылі прэтэндэнтам на званьне адзінага апазыцыйнага кандыдата ад эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”. Гэтая кааліцыя нават прыдумала сваю рэвалюцыйную сымболіку: валошкавы колер, які супадае, на маю думку, з колерам сьцягу Эўразьвязу.

Але я думаю, што найбольшая колькасьць апазыцыйных партыяў будзе стаяць за адзіным кандыдатам ад кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Хто ім будзе, пакуль невядома. Вінцук Вячорка, лідэр партыі БНФ, пакуль маўчыць, Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік дзяржавы, кажа, што не зьбіраецца ў прэзыдэнты. А вось Анатоль Лябедзька, лідэр АГП, і Сяргей Калякін, лідэр партыі камуністаў, заявілі пра свае намеры вылучацца.

Увогуле, пяцёрка мяркуе вылучыць 1 кандыдата ад кожнай партыі і па 2 ад кожнай беларускай вобласьці, пасьля чаго 7 рэгіянальных кангрэсаў у абласьцях і горадзе Менску выбяруць зь іх толькі аднаго.

Яшчэ ў 1999 годзе была спроба правесьці прэзыдэнцкія выбары. Гэтую спробу арганізаваў тады Віктар Ганчар, які цяпер лічыцца зьніклым бязь вестак. Тады балятаваліся Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір. Вынікі тых выбараў не былі прызнаныя паводле беларускага заканадаўства, Міхаіл Чыгір правёў некалькі месяцаў у турме, а Віктар Ганчар зьнік.

У 2001 годзе хацеў балятавацца таксама былы пасол у Латвіі Міхаіл Марыніч, які цяпер асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня за тое, што ён нібыта злоўжываў службовым становішчам: скраў кампутары арганізацыі, якую сам ачольвае.

Незалежныя кандыдаты, якія пойдуць на выбары без кааліцыі – якія ў іх пэрспэктывы? Цяжка сказаць, колькі іх будзе – можа, таксама каля 20, як было прэтэндэнтаў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, але іх тады не зарэгістравалі. Адразу прыходзяць у галаву былы міністар замежных справаў і былы амбсадар Беларусі ў Японіі Пятро Краўчанка, які таксама намякаў, што пойдзе ў прэзыдэнты, на тое, што ён мае добрыя сувязі ў Маскве і ўвогуле ў сьвеце. Ён некалькі разоў казаў, што знаходзячыся ў Японіі меў вельмі добрыя кантакты з маскоўскімі, расейскімі палітыкамі. Увогуле Краўчанка пакуль лічыць заўчасным гаварыць на гэтую тэму, але ўвесь час кажа, што ён будзе вельмі добрым прэзыдэнтам.

Таксама зьбіраецца балятавацца былы дэпутат Вярхоўнага савета і былы палітвязень Андрэй Клімаў, які ўвесь час называе сябе пратэжэ расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і абяцае беларускую рэвалюцыю ўжо вельмі хутка, а менавіта – сёлета 25 сакавіка.

Магчыма, што пойдзе ў прэзыдэнты Натальля Машэрава, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, якая ўжо спрабавала вылучацца, але была абвінавачаная А.Лукашэнкам у здрадзе. Н.Машэрава адмовілася балятавацца ў Палату прадстаўнікоў і сказала, што парлямэнт з такімі функцыямі не адпавядае самому статусу парлямэнту.
XS
SM
MD
LG