Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія бізнэсоўцы: “пакуль ня будзе вызначаны сьпіс дакумэнтаў пра парадак спагнаньня ПДВ, мы нічога ня будзем пастаўляць”


Міхал Стэльмак, Менск 19 студзеня ў Маскве кіраўніцтва Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў зьбіраецца разгледзець становішча, што ўзьнікла ў сувязі з новым падатковым мэханізмам ва ўзаемадачыненьнях Беларусі й Расеі. Нагадаю, Беларусь і Расея дамовіліся пра спагнаньне зь 1 студзеня падатку на дабаўленую вартасьць паводле краіны прызначэньня, аднак у пытаньні практычнай рэалізацыі гэтай дамоўленасьці партнэры па Саюзнай дзяржаве сутыкнуліся з цяжкасьцямі.

Што канкрэтна мяркуе разгледзець Расейскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў? У гэтую арганізацыю, што аб’ядноўвае ўплывовых бізнэсоўцаў Расеі, паступіў зварот Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, у якім беларускія прамыслоўцы выказалі заклапочанасьць эканамічнымі праблемамі, якія ўзьніклі зараз у беларуска-расейскіх стасунках.

Нягледзячы на ўступленьне ў дзеяньне міждзяржаўнага пагадненьня пра спагнаньне падатку паводле краіны прызначэньня, расейскія партнэры, паводле Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, аказаліся непадрыхтаванымі да супрацоўніцтва ў новых умовах. У прыватнасьці, беларускія гаспадарнікі, як вынікае зь іх тлумачэньня, незадаволеныя неабгрунтаванымі, на іх думку, цэнамі на расейскую прадукцыю.

Шмат прэтэнзіяў да расейскага боку маюць і ўладныя структуры Беларусі. А паколькі Расейскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў мае ўплыў на дзейнасьць уладных структураў і бізнэсу Расеі, то беларускі бок спадзяецца, што гэтая арганізацыя зробіць пэўны ўнёсак у тое, каб эканамічнае супрацоўніцтва партнэраў па Саюзе аднавілася ў найкарацейшы тэрмін.

Беларускі бок – гаспадарнікі і ўлады – вінавацяць ва ўзьніклай праблеме сваіх партнэраў з Расеі. А што кажуць на гэты конт самі расейцы?

Паводле расейскіх незалежных экспэртаў, вінаватыя ў цяжкасьцях абедзьве дзяржавы – Беларусь і Расея, паколькі яны ня здолелі як сьлед падрыхтавацца да новаўвядзеньня. Што тычыцца гаспадарнікаў гэтай краіны, то яны найперш ускладаюць адказнасьць за цяжкасьці на расейскія ўрадавыя структуры.

У прыватнасьці, на іх думку, вінаватая Фэдэральная падатковая сыстэма, якая нібыта дагэтуль ня забясьпечыла расейскія прадпрыемствы, што супрацоўнічаюць зь Беларусьсю, адмысловымі дакумэнтамі, на падставе якіх можна распачаць працу ва ўмовах спагнаньня падатку на дабаўленую вартасьць паводле краіны прызначэньня. У прыватнасьці, вось што паведаміў мне на гэты конт спадар Аляксандр, кіраўнік адной зь пецярбурскіх фірмаў, што займаецца імпартам у Расею беларускіх прадуктаў харчаваньня:

(Аляксандр: ) “З расейскага боку дакумэнты ня адпрацаваныя. Няма ніякіх інструкцыяў, каб можна было як сьлед працаваць. Ніхто ня дае тлумачэньняў. Таму ўсе і баяцца. У Беларусі на некаторую частку прадукцыі падатак на дабаўленую вартасьць быў меншы, а ў нас большы. І таму, што гэтая схема ня адладжана, незразумела, як мы мусім дзейнічаць. У якія тэрміны мы павінны гэты падатак плаціць. Пагадненьне падпісаць падпісалі, а інструкцый для яго выкананьня няма”.

Як вынікае з тлумачэньняў расейскіх бізнэсоўцаў, яны прыпынілі пакуль – адны поўнасьцю, іншыя часткова – набыцьцё беларускіх тавараў. Паколькі іх палохае магчымае пакараньне мясцовых падатковых органаў, што вельмі верагодна ва ўмовах цяперашняй няпэўнасьці ў супрацоўніцтве з беларускімі суб’ектамі гаспадараньня.

Дарэчы, новы падатковы мэханізм адмоўна адбіваецца ня толькі на расейскім імпарце з Беларусі, але й на экспарце. Вось што, напрыклад, паведаміла мне Алена Еўсьцігнеева, афіцыйная прадстаўніца маскоўскай карпарацыі “Росхлебапрадукт”, што экспартуе ў Беларусь прадукты харчаваньня:

(Еўсьцігнеева: ) “Пакуль нічога ў Беларусь ня пастаўляем. Бо баімся, што падатак на дабаўленую вартасьць нам ня вернуць. Мы чакаем, пакуль будзе вызначаны сьпіс дакумэнтаў пра парадак спагнаньня ПДВ. Пастанова ўраду павінна выйсьці 20 студзеня. А пакуль ня будзе дакумэнта, мы нічога ня будзем пастаўляць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG