Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальна арганізаваць незалежнае вяшчаньне на Беларусь з суседніх краінаў?


Ігар Карней, Менск Дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Літвы ініцыявалі арганізацыю незалежнага тэлерадыёвяшчаньня на Беларусь з сумежных краінаў. Такі запыт накіраваны ў Эўракамісію, і цяпер там абмяркоўваецца мэтазгоднасьць падобнай ідэі. Ужо ёсьць інфармацыя, што ідэю фінансаваньня такога праекту камісар Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы Бэніта Фэрэра-Вальднэр назвала “цікавай”. Ці азначае гэта, што плян атрымаў на папярэднім этапе, прынамсі, маральную падтрымку?

Наколькі рэальная пэрспэктыва замежнага вяшчаньня на Беларусь? Штосьці канстатаваць заўчасна, бо якраз зараз і вырашаецца: ці сапраўды варты гэты праект фінансаваньня з боку Эўразьвязу? Увогуле ж, нельга казаць, што ініцыятыва прынцыпова новая: яшчэ ў верасьні мінулага году дэпутатка Эўрапарлямэнту Лайма Андрыкене прапанавала закласьці ў бюджэт Эўразьвязу на 2005 год сродкі на арганізацыю тэлерадыёвяшчаньня на Беларусь. Аргумэнтам “за” – сытуацыя з правам на распаўсюд і атрыманьне інфармацыі ў Беларусі: уціск на незалежную прэсу, перасьлед журналістаў, татальны кантроль над электроннымі СМІ.

І вось цяпер іншы дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы, Юстас Паляцкіс, зноў заявіў пра неабходнасьць незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Кіраўніца бюро спадара Паляцкіса ў Вільнюсе Гіедрэ Пурванэцкене лічыць, што ідэя мае шанцы на тое, каб быць рэалізаванай. Вось што яна адказала на пытаньне: як, зь ейнага гледзішча, успрынятая ініцыятыва зацікаўленымі асобамі ў Брусэлі?

(Пурванэцкене: ) “Мне здаецца, што станоўча. Але, ведаеце, я не магу сказаць за эўрапарлямэнтароў – што яны канкрэтна ў гэтым пытаньні вырашаць. Мы такія рэчы самастойна вырашаць таксама ня ўпаўнаважаныя. Але калі Эўрапарлямэнт за штосьці бярэцца, то сыходзіць з пазыцыі паляпшэньня стасункаў паміж дзяржавамі, паміж Эўразьвязам і любой іншай краінай. Але ні ў якім разе – ня з гледзічшча пагаршэньня”.

А як ідэю арганізацыі незалежнага вяшчаньня з суседніх краінаў успрымаюць непасрэдна ў Беларусі – тым больш што паралельна абвешчана пра намер наладзіць вяшчаньне з Польшчы FM-радыёстанцыі “Пагоня”, таксама фінансаванай Эўразьвязам?

У дэмакратычным лягеры ідэю неангажаванага інфармаваньня беларусаў вітаюць, але досыць асьцярожна ставяцца да тэхнічнага моманту ў ажыцьцяўленьні такіх маштабных праектаў. Што да ўласна FМ-вяшчаньня, то зьвяртаюць увагу на лякальны характар тэрыторыяў, якія рэальна ахапіць – звычайна гаворка пра 50-70 кілямэтраў, залежна ад ландшафту.

У справе з арганізацыяй тэлевяшчаньня (як мяркуецца, праз спадарожнік), могуць узьнікнуць праблемы іншага кшталту – адсутнасьць магчымасьцяў прыёму сыгналю, паколькі ўладальнікаў спадарожнікавых талерак у краіне няшмат. Пра гэта кажа і ў нядаўнім “тэлевізійны чалавек” Эдуард Мельнікаў.

(Мельнікаў: ) “Гэта слушная і вельмі неабходная ідэя для нашага грамадзтва: калі людзі будуць ведаць больш, то яны будуць зусім іншымі, чым зараз. Але як практычна гэта зьдзейсьніць, я асабіста ня ведаю. Гэта вельмі складана тэхнічна, і пры жаданьні беларускіх уладаў заблякаваць прыём яны гэта з посьпехам могуць зрабіць. Я пакуль што ня вельмі ўяўляю, як усё гэта можна ажыцьцявіць. А калі маецца на ўвазе перадача праз спадарожнік – то як яго прымаць? Тэхнічны бок вельмі складаны, самы складаны, што ёсьць. Натуральна, што я хацеў бы мець доступ да неангажаванай, праўдзівай інфармацыі, але як гэта зрабіць?”

Магчыма, падобныя пытаньні штурхаюць да практычных дзеяньняў і прадстаўнікоў Эўразьвязу: вядома, што разглядаецца магчымасьць прыезду ў менскі офіс ТАСІС, кіраўніцтва якім ажыцьцяўляецца праз дэлегацыю Эўракамісіі ў Кіеве, дадатковых экспэртаў. Магчыма, тады і будуць зробленыя нейкія высновы ў тэхнічным аспэкце незалежнага вяшчаньня.

На тле размоваў пра магчымасьць замежнага вяшчаньня на Беларусь заўважна актывізуецца дзяржаўная “машына”. Міністар інфармацыі Уладзімер Русакевіч ужо заяўляў, што яму ўсё вядома пра спробу Захаду пачаць “інфармацыйную вайну супраць Беларусі”, а таму ўлады гатовыя да контра-дзеяньняў. Пэўна, пад гэтым маецца на ўвазе ўсталяваньне кантролю над адносна вольнадумным мясцовым FM-эфірам, а таксама эканамічны і судовы ўціскі на незалежную прэсу. Ну і, нарэшце, абвешчана: у пачатку лютага пачнецца вяшчаньне самастойнага спадарожнікавага тэлеканалу “Беларусь-ТБ”, які будзе несьці Захаду сваю праўду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG