Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька лічыць, што кола прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў звузіцца да 5-7 асобаў


Уладзімер Глод, Менск 18 студзеня ў Менску прайшла сустрэча лідэраў стала дзеючай нарады дэмакратычных сілаў. Акрамя лідэраў пяці палітычных партыяў, якія ініцыявалі стварэньне Народнай кааліцыі "Пяцёрка+", у ёй удзельнічалі прадстаўнікі яшчэ трох партыяў: Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), "Надзеі", зялёных, а таксама аргкамітэту новай партыі, якую стварае экс-дэпутат Уладзімер Навасяд і кааліцыі "Маладая Беларусь" на чале з Паўлам Севярынцам.

Палітыкі абмяркоўвалі, якім чынам арганізаваць працэс вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў. Гэты працэс, падкрэсьлівалі ўдзельнікі сустрэчы, важны, перадусім, таму, што ён дазваляе аб''ядноўваць сілы апанэнтаў дзейнага кіраўніка беларускай дзяржавы. Але любую добрую справу можна лёгка ператварыць у фарс. Менавіта так, напрыклад, выглядае інфармацыя пра тое, што ў сьпісе магчымых прэтэндэнтаў ад апазыцыі ўжо амаль 40 прозьвішчаў.

Жаданьне -- гэта адно, а рэальныя магчымасьці -- зусім іншае, падкрэсьлівае кіраўнік Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька:) "Там мала заявіць, што я хачу быць адзіным кандыдатам. Трэба прыняць рэальны ўдзел у рэальным працэсе, і па нейкіх аб''ектыўных крытэрах выйсьці на таго, хто, паводле перакананьня бальшыні дэмакратычнага актыву, будзе дзеяздольным кандыдатам".

Той жа Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што працэс выхаду на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі будзе, з аднаго боку, весьці да зьяўленьня новых прэтэндэнтаў, а з другога -- многія з цяперашніх самавылучэнцаў паступова будуць здымаць свае кандыдатуры:

(Лябедзька:) "У нас сёньня адзін казаў: амбіцыі маю, але прымаць удзел, як кандыдат, ня буду. Я думаю, 5-7 чалавек, за якімі ёсьць нейкія рэальныя структуры, ці біяграфія, якая можа прыцягнуць цікавасьць выбаршчыкаў, можа быць. Будзе больш. Але, я думаю, было б няблага, калі б у працэсе выхаду на адзінага кандыдата узялі ўдзел 5-7 асобаў, якія б прыдалі гэтаму працэсу палітычную вагу й сур’ёзнасьць".

З тых партыяў, якія не ўваходзяць у “Пяцёрку+”, сваіх кандыдатаў у прэзыдэнты прапанавалі Лібэральна дэмакратычная партыя Беларусі -- Сяргея Гайдукевіча і Кансэрвартыўна-хрысьціянская партыя БНФ -- Зянона Пазьняка. Вылучаны і Мікалай Статкевіч, але не ад партыі, а ад Эўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь". Дарэчы, удзельнікі нарады сёньня пасьля бурнай дыскусіі так і ня вырашылі, хто цяпер будзе прадстаўляць Народную Грамаду ў іхных шэрагах: той жа Мікола Статкевіч ці Анатоль Ляўковіч. Вырашана, вярнуцца да гэтай праблемы праз дзень -- 20 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG