Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя беларускія эмігранты ў Сыднэі


Ганна Сурмач, Прага Эфір 18 студзеня. Новая перадача сэрыі “Беларуская замежжа”. Удзельнікі: Ніна і Міхась Чарнякі, Сяргей Ганчароў

На студзень у Аўстраліі прыпадае пік лета. Як прывыкаюць да такіх адрозных ад Беларусі ўмоваў жыцьця на другім паўшар’і новыя беларускія эмігранты, ці знаходзяць яны для сябе мейсца ў аўстралійскім грамадзтве?

Ніна і Міхась Чарнякі жывуць у Сыднэі. На маё пытаньне аб тым, наколькі ім цяжка пераносіць зараз аўстралійскую сьпёку, спадарыня Ніна з усьмешкаю адказвае.

(Ніна Чарняк: )”Заўсёды людзі з Беларусі думаюць, што тут павінна быць вельмі горача. Не надта горача , недзе 25 градусаў, пік лета, не кожны дзень у нас горача, у гэтым годзе толькі недзе два дні было 42 градусы.. Першыя гады мы жылі ў некалькіх кілямэтрах ад акіяна і нам не было цяжка, мы прывыклі хутка».

Шмат цяжэй было маральна прызвычаіцца да новага жыцьця.

(Ніна Чарняк: )”Першыя некалькі тыдняў я нават плакала і папракала мужа, што ён прывёз мяне сюды. Мы не ведалі нікога ў Аўстраліі. Нам прапаноўвалі Адэляіду, але мы выбралі Сыднэй, мы думалі, што тут мы маем больш шанцаў знайсьці працу. Нас пасялілі ў "чорны раён" у Сыднэі. Маё першае расчараваньне было тое, што было вельмі шмат сьмецьця на вуліцах. А я ўяўляла сабе замежжа чыстым, бліскучым”.

Сытуацыя, у якой апынулася спадарства Чарнякоў, была далёка не горшаю ў параўнаньні з тым, як даводзіцца жыць многім іншым эмігрантам. Яны прыехалі ў Аўстралію ў 1995 годзе па праграме незалежнай эміграцыі і мелі права на дапамогу ад аўстралійскіх уладаў і арганізацый, якія займаюцца справамі эмігрантаў.

(Ніна Чарняк: )»Міжнародная арганізацыя дапамогі эмігрантам пазычыла нам грошы на дарогу да Аўстраліі. Гэтыя грошы мы выплачвалі потым цягам двух гадоў. Калі мы прыехалі ў Аўстралію, нас сустрэў прадстаўнік гэтай арганізацыі з перакладчыкам і нас прывезьлі ў кватэру, якую яны для нас нанялі. Нас засялілі і адразу выдалі грашовую дапамогу. Калі мы прыехалі, у нас халадзільнік быў поўны прадуктаў. Нам далі талёны на 100 даляраў на пакупку ежы ў першыя дні. Гэта было 9 гадоў таму, тады ўсё было па іншаму, больш было ільготаў для імігрантаў».

Чаму вы тады выехалі з Беларусі, чым Вы займаліся на Радзіме?

(Ніна Чарняк: )»У Беларусі я працавала настаўніцаю матэматыкі. Муж працаваў праграмістам. Можна было жыць, але, ужо Лукашэнка пачаў кіраваць і гэта нам не вельмі спадабалася. Мы ад''яжджалі з Менску, але раней мы жылі ў Мазыры. Чарнобыль мы перанесьлі і потым пераехалі ў Менск у 1990 годзе. Бацькі мае жылі ў Бараўлянах, мы пакінулі сваю кватэру ў Мазыры і жылі 5 гадоў з маімі бацькамі. Пакінулі Беларусь бо былі праблемы са здароўем пасьля Чарнобылю і мы думалі, што тут лепшыя дактары і нам лепш дапамогуць».

Вы сказалі, што на першым часе ў Аўстраліі Вам істотна дапамаглі і вы нават былі забясьпечаныя жыльлём, а далей вы ўжо мусілі самі неяк спраўляцца?

(Ніна Чарняк: )”Нам кватэру тую далі не надоўга, на 3 месяцы, пасьля гэтага мы павінны былі шукаць жыльлё і самім плаціць. Мы атрымлівалі дапамогу, мелі нейкія грошы, за якія маглі жыць. Нанялі недарагую кватэру і мелі магчымасьць плаціць за яе з гэтай фінансавай дапамогі».

А як было з працаю, з моваю?

(Ніна Чарняк: )”Ангельскую мову мой муж трохі ведаў, ён мог чытаць. Я не ведала нават альфабэта. У мяне такі характар, што я не магу бяз працы. Пачала працаваць, даглядала дваіх дзяцей за 5 даляраў на гадзіну. Але, гэта было нядоўга, я пайшла вучыць ангельскую мову, кампутар. Апошнія 5 гадоў працавала праграмістам. Зараз не працую, у мяне ізноў пачаліся праблемы са здароўем».

(Міхась Чарняк: )”Мне параілі людзі, каб я не кідаўся адразу шукаць працу, калі не маю ангельскай мовы. Сказалі: “Маеш дапамогу, скончы курсы, вывучы мову, потым знойдзеш лепшую працу». Я так і зрабіў. Амаль год вывучаў мову, а пасьля стаў працаваць праграмістам. Гэта была прыватная фірма. Далей так здарылася, што некалькі чалавек з той фірмы аддзяліліся і заклалі сваю фірму і я разам з імі адышоў. Гэта быў адзін ангелец, індус, расеяц і я –беларус. Зараз я саўладальнік гэтай нашай фірмы».

Вам падабаецца ў Аўстраліі?

(Міхась Чарняк: )”Жыцьцё мне падабаецца, канешне».

А што не падабаецца?

(Міхась Чарняк: )”Цяжка сказаць, мабыць, толькі адно, што апошнія 3-4 гады я працаваў вельмі цяжка амаль без адпачынку».

Разам з бацькамі ў эміграцыю выехаў і іх сын Аляксей, цяпер яму ўжо 25 гадоў.

(Міхась Чарняк: ) ”Нядаўна ён скончыў унівэрсытэт і зараз шукае працу. Праграміст. Ён сьпявае вельмі добра па –беларуску».

Спадарства Чарнякоў ужо купілі свой дом і маюць пры ім дзялянку зямлі.

(Ніна Чарняк: )”Садзім агуркі, у гэтым годзе пасадзіла памідоры. Агуркі солім, солім нават рыжыкі. У гэтым годзе ў мяне такія смачныя атрымаліся. Міхась Лужынскі сказаў, што ён такія рыжыкі еў толькі ў дзяцінстве. Рыжыкі - гэта грыбы , якія растуць толькі ў чыстым асяродзьдзі, у чыстым лесе. У Аўстраліі ў гарах сасновы лес і там рыжыкаў, калі добрае надвор''е, дажджы, дык "хаця касою касі", як у нас кажуць».

Ці ядуць іх аўстралійцы?

(Ніна Чарняк: )»У асноўным палякі, расейцы, беларусы. Аўстралійцы не зьбіраюць грыбы»

Спадарыня Ніна , а што Вам найбольш падабаецца ў Аўстраліі?

(Ніна Чарняк: ) “Што нам спадабалася, дык гэта прырода, расьліны. У Сыднэі добры заапарк. Каля нашага дому, у нашым агародзе мы маем папугаяў, якія прылятаюць да нас , як хатнія птушкі, мы іх кормім кожную раніцу. У нашым агародзе жыве яшчарка, вялікая, можа больш за паўмэтра даўжынёй з маленькім яшчаркамі. Яна ў нас таксама ўжо як хатняя жывёла. Яна не палохаецца, прывыкла да нашых гародаў, у нас некалькі кустоў ягадаў расьце, мы іх не ямо, мы купляем у краме ягады, а гэтыя пакідаем яшчарцы. Любіць пятрушку, якая расьце на агародзе. Адно лета мы ў гаражы пакінулі яблыкі і ўбачылі, што нехта гэтыя яблыкі зьядае. А потым пабачылі, што ў нас пад дахам сядзіць апосум з маленькім дзіцяткам. Яны нас не баяліся. Так што атрымліваецца, што наш агарод амаль што заапарк”.

Скажыце, як гэтым летам, пажары ёсьць?

(Ніна Чарняк: )»Гэтае лета цудоўнае, з дажджамі і няма пажараў. Не так, як было мінулым летам, у мінулым годзе ў Сыднэі нават гарэлі раёны».

Вядома, што пажары – гэта вялікая праблема Аўстраліі, дзе так многа эўкаліптавых лясоў, якія ў сьпёку могуць загарэцца нават ад сонечнага промня.

(Ніна Чарняк: )”Пажары і недахоп вады. У нас ужо абмяжоўваецца выкарыстаньне вады. Напрыклад, зараз мы не можам мыць машыну са шлангу. Агарод мы можам паліваць толькі тры дні на тыдзень».

Некалі мне давялося пабываць на знакамітым сыднэйскім водазаборы, які забясьпечвае горад вадою. Гэта унікальнае збудаваньне, з дапамогаю якога зьбіраецца прэсная вада, ачышчаецца і падаецца ў горад. Вялізная плаціна перакрывае горную цясьніну і туды сьцякаецца з гор вада пасьля дажджоў. Вядома, што ў будаўніцтве гэтага аб''екта напрыканцы саракавых гадоў прымалі ўдзел і беларускія эмігранты.

(Ніна Чарняк: )»Гэтая плаціна была зімою толькі напалову запоўненая. Апошнім часам прайшлі дажджы, яшчэ не ведаю, ці запоўненая цяпер. Апошнія тры гады былі засухі ў Аўстраліі. Яшчэ адна асаблівасьць Аўстраліі - тут людзі часта хварэюць на рак скуры. І тут гэта нават не лічыцца вельмі сур''ёзнаю хваробаю. Выразаюць, кожны год робяць праверкі. Тут ёсьць спэцыяльныя клінікі скураныя, бясплатныя. Людзі прыходзяць і правяраюцца. Дзяржава вельмі сур''ёзна ставіцца да гэтай праблемы».

Для беларусаў, мабыць, яшчэ больш небясьпечнае гэтае сонечнае абпраменьваньне?

(Ніна Чарняк: )»Я думаю, што нашыя хварэюць менш. Чалавек, які з дзяцінства прымаў шмат сонечных промняў, ён мае больш шансаў захварэць на рак скуры. У нас у Беларусі няма такога сонца і мы больш устойлівыя. Таксама людзі, якія сюды прыяжджаюць, некаторыя пачынаюць хварэць на астму, алергію. Можа таму, што тут шмат кветак, кветкі тут круглы год».

Ці пазнаёміліся вы там з аўстралійскімі беларусамі?

(Ніна Чарняк: )» Мы знайшлі беларускую суполку - Беларускі клюб. Знайшлі у Інтэрнэце, на сайце радыё Сыднэя, дзе раней была беларуская праграма. Знайшлі адрас царквы, паехалі ў царкву, пазнаёміліся з беларусамі. Езьдзілі ў клюб, пабылі там на вечарыне. Потым нас запрасілі на абед, вельмі было прыемна пачуць беларускую мову, добрую беларускую мову, а не "трасянку".

Беларускі клюб патрабуе новых маладых сілаў. Старэйшыя беларусы яшчэ зьбіраюцца і нешта робяць, але Беларускі клюб павінен мець болей маладзейшых сяброў, каб яны маглі пераняць вопыт ад старэйшых і прынесьці свае новыя думкі, новыя ідэі. Апошнім часам я спрабую сазваніцца, знайсьці людзей з маладой эміграцыі, сагітаваць іх, нешта зрабіць, нешта зьмяніць, каб Беларускі клюб не загінуў, каб ён працягваў сваю дзейнасьць».

Спадарыня Ніна, Вы згадалі вышэй, што знайшлі адрас Беларускага клюбу на сайце радыё, дзе раней была беларуская праграма. Вы пэўна , ведаеце , што гэтая праграма закрылася таму, што не набралася дастатковая колькасьць беларусаў па статыстыцы.

(Ніна Чарняк: )»Я вас скажу, чаму не набралі. Мы - беларусы, мы заўсёды цікавіліся ўсім беларускім. Але, калі быў перапіс насельніцтва ў Аўстраліі і там было пытаньне - на якой мове вы размаўляеце дома , мы напісалі - на расейскай. Калі закрылі гэтае беларускае радыё, я сказала майму мужу: "Гэта і наша віна, таму што мы адказалі, што на расейскай мове размаўляем".

Пасьля ад''езду Вы наведвалі Бацькаўшчыну?

(Ніна Чарняк: )»Мы былі тры гады таму ў Беларусі, нам спадабалася. Усе нашыя родныя там, было прыемна сустрэцца. Спадабаўся Менск, чысты, прыгожы».

А вярнуцца хацелі б на Радзіму?

(Ніна Чарняк: )»Не, мы палюбілі Аўстралію, яна нас добра прыняла, нам тут падабаецца. Мы хацелі б, каб больш беларусаў прыехала ў Аўстралію. Чалавечыя узаемаадносіны тут нашмат лепшыя, чым у Беларусі. Што нам спадабалася -- тут з дзяцінства выхоўваецца добразычлівасьць да іншых людзей. Тут урад клапоціцца пра людзей».

У Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка таксама гаворыць, што клапоціцца пра людзей.

(Ніна Чарняк: )»Я магу прачытаць вам верш, які я напісала пасьля рэфэрэндуму ў 1996 годзе:

Аляксандр Рыгоравіч, што ты "бацька" робіш? У цемру ты вядзеш народ і краіну гробіш. Беларусаў прастатой лоўка скарыстаўся Як дыктатар, другі год правіць ты застаўся. Цяжка думаць, што народ хутка не прачнецца Што цяпер у Беларусі, братка мой, пачнецца?

Так, пачалося. Нешта павінна зьмяніцца».

Яшчэ адзін беларус у Сыднэі Сяргей Ганчароў таксама трапіў у Аўстралію па эміграцыйнай праграме і жыве там ужо чатырнаццаты год. Родам ён з Віцебску, дома атрымаў вышэйшую адукацыю, але на чужыне працу па спэцыяльнасьці не знайшоў.

(Ганчароў: )”У мяне адукацыя інжынэра-мэханіка, працую за звычайным станком ужо 10 гадоў. Праблема ў тым, што мне мова не далася, мне па прыезьдзе было ўжо 37 гадоў. У нас былі вельмі вялікія прадпрыемствы, а тут наша прадпрыемства лічыцца даволі вялікім, але працуе ўсяго 40 чалавек. Выпускаем дэталі для мэдычнага абсталяваньня, робім апэрацыйныя сталы, а таксама цэнтрыфугі для тэставаньня крыві”.

Спадар Сяргей, як Вам пачуваецца ў працоўным калектыве, як да Вас ставяцца, не маеце праблемаў, як чужынец?

(Ганчароў: )”Не, я б не сказаў, ставяцца ўважліва, наадварот падкрэсьліваюць, што ў гэтай краіне ты маеш роўныя правы з карэннымі аўстралійцамі. Але, у культурным сэнсе я ўсё роўна не аўстраліец”.

Сяргей таксама пазнаёміўся з сыднэйскімі беларусамі і з’яўляецца цяпер сябрам Беларускага клюбу.

(Ганчароў: )”На Бацькаўшчыне быў ужо пяць разоў. Ёсьць такая песьня: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць". Лепей за нашу краіну няма!”
XS
SM
MD
LG