Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскі журналіст заяўляе, што ЗША рыхтуюць удар па Ірану


Юры Дракахруст, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пацьвердзіў сваю пазыцыю, што ЗША імкнуцца вырашыць праблему ядзернай праграмы Ірану дыпляматычным шляхам, але не выключаюць і іншыя варыянты. Камэнтар прэзыдэнта прагучаў на фоне дыскусіі вакол сэнсацыйнай публікацыі вядомага журналіста Сэймура Гэрша ў часопіса New Yorker. Паводле Гэрша, наступны ўдар у змаганьні з тэрарызмам Злучаныя Штаты нанясуць па Ірану. Прадстаўнікі амэрыканскага ўраду абвяргаюць паведамленьні журналіста.

Учора прэзыдэнт Буш паўтарыў сваю пазыцыю наконт меркаванай ваеннай ядзернай праграмы Ірану.

(Буш: ) “Мы спадзяемся вырашыць гэта дыпляматычным шляхам, але я ніколі ня буду выключаць іншых магчымасьцяў”.

Тлумачэньне амэрыканскага лідэра прагучала праз некалькі гадзінаў пасьля заявы міністра абароны Ірану Алі Шамхані, паводле якога ніхто не асьмеліцца напасьці на ягоную краіну з прычыны яе ваеннай моцы. Аднак сэнсацыйны матэрыял Сэймура Гэрша сьцьвярджае, што Злучаныя Штаты мэтанакіравана рыхтуюцца да ўдару па Ірану. Справа ня толькі ў распрацоўцы плянаў маштабнай апэрацыі, Гэрш сьцьвярджае, што апошнія паўгода амэрыканскія сілы спэцыяльнага прызначэньня вялі разьведку на тэрыторыі Ірану, вызначаючы цэлі будучых удараў – прынамсі ядзерныя аб’екты і ракетныя ўстаноўкі. Аўтар New Yorkerа падае яшчэ шэраг дэталяў: што разьведчыкам вельмі дапамагла інфармацыя, прадстаўленая Пакістанам; што амэрыканскі спэцназ атрымаў загад на правядзеньне спэцапэрацыяў у 10 краінах Блізкага Ўсходу і Паўднёвай Азіі, і нарэшце, што будучы паход на Іран – есьць наступным крокам палітыкі Джорджа Буша ў дэмакратызацыі Блізкага Ўсходу. Аўтар артыкулу мае крыху скандальную рэпутацыю, але ён першым паведаміў пра катаваньні амэрыканскімі турэмнікамі ірацкіх вязьняў у турме Абу-Граіб. Тады выкрываньні Гэрша пацьвердзіліся, што не дазваляе ігнараваць ягоныя цяперашнія паведамленьні. Сам журналіст спасылаецца на ананімныя крыніцы інфармацыі, гаворачы пра былога высокапастаўленага супрацоўніка разьведкі і дзейнага ўрадавага кансультанта, які мае сувязі ў Пэнтагоне. Артыкул Гэрша выклікаў шэраг абвяржэньняў. Прадстаўніца міністэрства абароны ЗША сказала, што публікацыя поўная фактычных памылак, падобную ж ацэнку даў і прэсавы сакратар Белага Дому. Інфармацыю Гэрша абверглі і прадстаўнікі іранскіх уладаў, паводле іх межы Ірану на замку і амэрыканскім войскам было б цяжка патрапіць у Іран. Між тым ваенныя экспэрты адзначаюць, што амэрыканскія войскі ўжо знаходзяцца ў суседніх з Іранам Аўганістане і Іраку і патрапіць праз мяжу справа не такая ўжо і немагчымая. Грэшам Чубін, дырэктар жэнэўскага цэнтра палітыкі бясьпекі гаворыць, што самае разьвіцьцё палітычных падзеяў можа падштурхнуць амэрыканскі ўрад да пошуку больш эфэктыўных сродкаў узьдзеяньня на Тэгеран.

(Чубін: ) “Іранцы гуляюць вельмі прафэсійную дыпляматычную гульню, яны не супрацьпастаўляюць сябе міжнароднай супольнасьці і робяць крок назад кожны раз, калі ў выніку інспэкцыяў з’яўляюцца новыя факты пра іх ядзерную праграму. Амэрыканцы зацікаўленыя ў тым, каб не дазволіць гэтай палітыцы працягвацца занадта доўга, прыклад Паўночнай Карэі - напамін пра тое , што можна стацца занадта позна вырашаць праблему, калі дзяржава набывае ядзерную зброю”.

Варта сказаць, што Эўразьвяз, прынамсі Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія ўжо працяглы час вядуць перамовы зь Ірана, каб пераканаць Тэгеран адмовіцца ад спробаў стварыць ядзерную зброю. Аднак аўтар публікацыі ў New Yorker Сэймур Гэрш лічыць, што Вашынгтон не цікавяць гэтыя перамовы.

(Гэрш: ) “Злучаныя Штаты не бяруць удзелу ў перамовах, якія на працягу больш чым году вядзе Эўразьвяз, мы застаёмся па-за працэсам, мы мяркуем , што гэта ня будзе працаваць і калі гэта праваліцца, то мы – я маю на ўвазе нэакансэрватараў – хочам мець магчымасьць нанесьці удары па некаторых аб’ектах”.

Як паведамляе газэта Financial times, у Сэнаце ЗША пашыраецца падтрымка жорсткіх крокаў адносна Ірана, ажно да зьмены рэжыму.
XS
SM
MD
LG