Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабодная Беларусь” вылучае Статкевіча і абяцае “васільковую” рэвалюцыю


Альгерд Невяроўскі, Менск Удзельнікі эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”лічаць, што працэс выпрацоўкі стратэгіі дзеяньняў апазыцыі і вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты зацягваецца. Кааліцыя вылучыла прэтэндэнтам у адзіныя кандыдаты Міколу Статкевіча і заявіла пра пачатак стварэньня аб’яднаных рэгіянальных структураў для падрыхтоўкі выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Гэтую ініцыятыву прэзэнтавалі сам Мікола Статкевіч, а таксама старшыня жаночай партыі “Надзея” Валянціна Матусэвіч, кіраўніца “Жаночай лігі” Ніна Стужынская, кіраўнік незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд і каардынатар аргкамітэту па стварэньні Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Павал Севярынец. Удзельнікі эўрапейскай кааліцыі заклапочаныя тым, што іх калегі зь “Пяцёркі плюс” зацягваюць вылучэньне сваіх прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты на прэзыдэнта. Каб паскорыць гэты працэс, яны і вылучылі свайго прэтэндэнта ў адзіныя кандыдаты — Міколу Статкевіча. Вось што ён сказаў:

(Статкевіч: ) “Найпершая якасьць тых, хто пойдзе ў гэтую кампанію — гэта мужнасьць, шчырасьць, маральнасьць і гатоўнасьць ісьці да канца. Калі мы будзем рабіць выгляд, што ў нас ёсьць выбары звычайныя, шукаць памяркоўнага кандыдата, які падабаецца большасьці, будзе чарговая імітацыя. Мы, народ, прачнемся заўтра ў яшчэ горшай Беларусі. Каб беларусы выйшлі на вуліцы, яны павінны ўбачыць лідэраў, якія не хаваюцца ні за чые сьпіны, і якія кажуць: “Трэба ісьці — мы пойдзем наперадзе”.

Разам з тым спадар Статкевіч гатовы дамаўляцца і зь іншымі прэтэндэнтамі, а ў выпадку патрэбы гатовы зьняць сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата. Удзельнікі кааліцыі заклікаюць сваіх калегаў па апазыцыі цягам месяца вызначыць кола патэнцыйных прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты. У якасьці колераў беларускай рэвалюцыі ўдзельнікі кааліцыі прапануюць колеры эўрапейскага сьцягу і нават ужо абралі рэвалюцыйную кветку-сымбаль. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Эўрапейская кааліцыя ня толькі гатовая прапанаваць пэрсанальную альтэрнатыву сёньняшняму рэжыму Лукашэнкі, але й ідэйную, арганізацыйную альтэрнатыву, якая будзе базавацца на сумяшчэньні выбарчых сцэнароў з актыўнай вулічнай дэмакратыяй. На нарадзе эўрапейскай кааліцыі ўзьнікла і адпаведная беларуская назва для колеру — “васільковая” рэвалюцыя”.

На думку ўдзельнікаў эўракааліцыі, часу ў апазыцыі няшмат, і трэба ўжо цяпер пачынаць мабілізацыйную і арганізацыйную працу. Уладзімер Навасяд сказаў, што ён і ягоныя калегі ўжо пачынаюць фармаваць аб’яднаныя структуры кааліцыі “Свабодная Беларусь” у рэгіёнах.
XS
SM
MD
LG