Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчулі магілёўцы эканамічны рост на сваім дабрабыце?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Эканамічны рост у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, склаў летась больш як 11%. Ці адчулі вы гэты эканамічны рост на сваім дабрабыце? З такім пытаньнем наша карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў Магілёва.

(Спадарыня: ) “Не адчула. Не магу сказаць, што горш, але ва ўсякім разе лепшага я не адчула. Мне падаецца, што ў нас вельмі высокія цэны і адносна малыя заробкі”.

(Спадарыня: ) “Справа ў тым, што ўсё дорага і даражэе, а заробак, дапусьцім, абсалютна не павялічваецца, стаіць на месцы. Таму мы ніякага ня бачым росту”.

(Спадар: ) “Ведаеце, на сабе я не адчуў. Асноўная прычына, мне падаецца, гэта камунальныя паслугі. Вось у мяне трохпакаёвая кватэра: калі не лічыць сьвятла, тэлефону і газу, то ўжо недзе каля 50 даляраў даводзіцца плаціць. Гэта шмат, пагадзіцеся”.

(Спадарыня: ) “Я, у прынцыпе, адчула. Увогуле мы жывем у прыгарадзе, і ў нас ёсьць падсобная гаспадарка. Але ўзрос заробак, мы не бядуем”.

(Спадарыня: ) “Ну як сказаць? Трошачкі, ня вельмі. Так, каб гэта адчуць моцна, то не. Начальства атрымлівае нашмат болей за рабочага, у шмат разоў нават”.

(Спадарыня: ) “Паколькі я пэнсіянэрка і працую, таму я, канечне, удзячна ўсёй эканоміцы, так бы мовіць, тым, хто яе праводзіць у жыцьцё. Так, адчула, дзякуй богу”.

(Спадарыня: ) “Я не адчула. Таму што які быў заробак летась, і сёлета такі ж. А цэны вырасьлі нашмат”.

(Спадар: ) “Ведаеце, ня горш і ня лепш асабліва. Можа, нават крыху лепей. Таму што даляр падае, абясцэньваецца, а ў нас цэны эквівалентныя даляру. За кошт гэтага”.

(Спадарыня: ) “Не, цяжка вельмі жывецца нам. Усё дорага, за кватэру заплаціць. Што застаецца нам на жыцьцё? Я асабіста — не. Мне цяжка”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю, адкуль бяруцца такія статыстычныя зьвесткі, але, па-мойму, узровень жыцьця ў нас падае і падае. Вы паглядзіце, квартплата расьце, цэны шалёныя. Не, узровень жыцьця падае. Гэта відавочна”.
XS
SM
MD
LG