Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Галіне Жураўковай будзе абвешчаны 8 лютага


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі з апошнім словам выступілі ўсе абвінавачаныя ў справе Галіны Жураўковай і кіраўнікоў дзяржаўнага прадпрыемства “Белая Русь”. Суду засталося падрыхтаваць і абвясьціць прысуд

Прысуд былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіне Жураўковай і чатыром яе саўдзельнікам будзе абвешчаны 8 лютага. Такое рашэньне прыняла 18 студзеня судзьдзя Ірына Ступень. Пра гэта яна заявіла пасьля таго, як з апошнім словам выступіў былы дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Белая Русь” Віктар Асіпенка. Чаму вынясеньне прысуду Жураўковай адкладзена амаль на 20 дзён?

Паводле былога судзьдзі, вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы, суд самастойна вызначае тэрмін падрыхтоўкі прысуду. Пры гэтым закон дазваляе ўлічваць памеры справы, яе складанасьць, іншыя абставіны. Аднак Гары Пагяняйла не выключае, што ў справе Галіны Жураўковай працяглы час на падрыхтоўку прысуду спатрэбіўся і для пэўных кансультацыяў.

(Паганяйла: ) “Я не выключаю, што недзе нехта будзе вырашаць лёс гэтых людзей да таго, як гэты лёс будзе вызначаны прысудам, гэтым фармалізаваным судовым дакумэнтам”.

Адвакат Галіны Жураўковай даваць камэнтар адмовіўся.

Суд над Галінай Жураўковай пачаўся яшчэ летась у кастрычніку. Былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта абвінавачваюць у крадзяжы больш як 3 мільёнаў даляраў праз атрыманьне незаконнай узнагароды ад кіраўнікоў прадпрыемства “Белая Русь”, якое ёй падпарадкоўвалася. На судзе Галіна Жураўкова вінаватай сябе не прызнала і адмовілася ад паказаньняў, якія дала пасьля затрыманьня. Жураўкова заявіла, што вінаватая толькі перад Аляксандрам Лукашэнкам за кадравыя памылкі. Падчас судовых спрэчак пракурор запытаў для Галіны Жураўковай 4 гады зьняволеньня, хаця інкрымінаваны ёй артыкул прадугледжвае пакараньне ад 8 да 15 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG