Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў збор дэтэктываў “Карона Вітаўта Вялікага”


Ігар Карней, Менск Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусьціла збор сучаснага беларускага дэтэктыву “Карона Вітаўта Вялікага”, які чакаў выхаду ажно 13 гадоў. Сёньня кніга зьявіцца ў кнігарнях Беларусі, а напярэдадні яна была прэзэнтаваная ў Беларускім доме прэсы. Між тым, складальнікі кнігі канстатуюць, што зьяўленьне ў выніковым варыянце шэрагу аўтараў, ды яшчэ з расейскамоўнымі творамі, сталася для іх нечаканасьцю

Назву кніга ўзяла ад твору Міраслава Адамчыка і Максіма Клімковіча “Каханка д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага”. Што да складу аўтараў збору, то крытыкі адзначаюць перадусім яго “стракатасьць”: Адам Глобус, Віктар Праўдзін, Міраслаў Адамчык, Уладзімер Сіўчыкаў, Сяргей Трахімёнак, Людміла Рублеўская, Мікалай Чаргінец, Алесь Усеня ды іншыя. Намесьнік галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп кажа, што, нягледзячы на гэта, падобнага выданьня пісьменьнікі чакалі доўга.

(Шніп: ) “Мы імкнемся, каб кожная кніжка была падзеяй — і для чытачоў, і для нас”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі прайшло часу ад ідэі да ўвасабленьня?”

(Шніп: ) “Ідэя выдаць сучасны дэтэктыў узьнікала неаднойчы — ня ў гэтым і не ў мінулым годзе, а яшчэ гадоў дзесяць таму ў кожнага з нас была такая ідэя, уключна і дырэктара выдавецтва. І дзякуй Богу, што на сёньняшні дзень мы гэтую ідэю ажыцьцявілі. А калі канкрэтна, то летась складальнік гэтай кніжкі Ўладзімер Сіўчыкаў прыйшоў і прапанаваў нам яе выдаць. Мы паглядзелі — вартая справа, і выдалі”.

(Карэспандэнт: ) “Будзе плянавацца яшчэ штосьці падобнае?”

(Шніп: ) “У нас заплянаваная сэрыя, якая так і будзе называцца — “Сучасны беларускі дэтэктыў”. І дзесьці празь месяц выйдзе ўжо другая кніга”.

Як стала вядома, ужо ў лютым на паліцах кнігарняў мусіць зьявіцца дэтэктыўны раман Людмілы Рублеўскай. Між тым, складальнік “Кароны Вітаўта Вялікага” Ўладзімер Сіўчыкаў канстатуе, што склад аўтараў нават для яго аказаўся досыць нечаканым. Прынамсі, расейскамоўныя творы Мікалая Чаргінца і Сяргея Трахімёнка з агульнай ідэяй мала стасуюцца.

(Сіўчыкаў: ) “Я складаў гэтую кніжку трынаццаць гадоў таму для выдавецтва “Юнацтва”. Яна праляжала там да 1998 году. Пасьля гэтага выдавецтва рукапіс мне вярнула. Прайшло колькі гадоў, і я падумаў, што будзе лягічна аддаць яго ў “Мастацкую літаратуру”, якая зьявілася правапераемніцай зачыненага “Юнацтва”. Сярод твораў быў мой, тое, што было напісана Глобусам, Клімковічам, Шайбаком, я закладаў радок для Праўдзіна і Рублеўскай. Але тое, што там зьявіліся Чаргінец і Трахімёнак, ды яшчэ па-расейску — гэта для мяне сталася поўнай нечаканасьцю”.

Затое спадар Сіўчыкаў усьцешаны тым, што прынамсі ўдалося “адстаяць назву” кнігі. На ягоную думку, спалучэньне сэрыі “Сучасны беларускі дэтэктыў” з назвай “Карона Вітаўта Вялікага” мае пад сабой вялікую інтрыгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG