Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я і мае знаёмыя ня толькі не адчуваюць росту дабрабыту, але і ведаюць, што расьце шкода ад гэтай улады”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 17 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Саскевіч Мікола: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! У мяне ёсьць да вас пытаньне. Я пачуў, што на інаўгурацыю Віктара Юшчанкі былі дастаўленыя сымбалі Ўкраіны: булава і сьцяг Багдана Хмяльніцкага. А ці засталіся ў нас нашыя ліцьвінскія сымбалі нашых каралёў і вялікіх князёў Ягайлы, вялікіх князёў Вітаўта, Радзівіла, Сапегі і іншых?

І яшчэ, я ведаю, што ў Польшчы жыве вялікая наша княгіня пані Марыя Сапега. Дай Бог ёй здароўя і доўгіх гадоў жыцьця! Чаму б нашаму журналісту Радыё Свабода не ўзяць у пані Марыі інтэрвію? Я чытаў, што яна прыяжджала да нас у горад Пружаны і дапамагла аднавіць наш сьвяты каталіцкі касьцёл.

І яшчэ. Мой тата памятае, што ў дзяцінстве ў горадзе Пружаны быў прыгожы замак, у якім жыла графіня, але як яе прозьвішча, ён забыўся. Дык вось я хачу запытаць: каму належаў гэты замак і ці жывыя на сёньняшні дзень ягоныя гаспадары? Дзякуй за ўвагу”.

(Слухач: ) “Ня мог утрымацца, шаноўнае панства! Я хачу адказаць на званок жанчыны, якая паказала нам свой твар і твар рэжыму на Беларусі. Гэта твар пачвары камуніста Сталіна і фашыста Гітлера! Я хачу нагадаць гэтай жанчыне, што рабіў фашыст Гітлер: зьнішчаў мільёны мужчын, жанчын, дзяцей, спальваў іх, праводзіў розныя мэдычныя вопыты над імі, мучыў голадам у канцлягерах, разьвязаў другую сусьветную вайну. Тое самае рабіў камуніст Сталін, толькі ў большым маштабе.

А ад сябе дадам, што памятае мой тата. Калі савецкія акупанты напалі на Польшчу ў 1939 гаду, то сталінскія камуністы адбіралі ў людзей усё, забівалі людзей і звазілі ў Сыбір. І вось сталінскія камуністы зайшлі ў хату маёй любімай бабулькі, да маці майго таты, і пачалі забіраць усё, а потым на вачах майго таты пачалі зьбіваць яе і душыць. Дзякуй Богу, што яна жывая засталася. А вось побач жылі добрыя людзі, палякі, і іх усіх сталінскія камуністы забралі і зьвезьлі кудысьці – і дзяцей, і дарослых. Тата кажа, што, напэўна іх усіх камуністы забілі, таму што пра іх больш нічога не было вядома. Вось што чыніў ваш Сталін і Гітлер! Таму асабіста я патрабую, каб вы папрасілі прабачэньня перад усімі!”

(Спадар: ) “Паважаная Свабода! На вашае пытаньне “Ці варта беларусам мець шмат дзяцей, каб нацыя далей разьвівалася?” адкажу так. Трэба добра зарабляць, каб ствараць сям’ю і мець дзяцей, а сэнсу пладзіць жабракоў ды галодных, лічу, – няма. Я жыву, пакуль што ў мяне маленькі заробак, таму аб тым, каб стварыць сям’ю, я пакуль ня думаю”.

(Віктар Бутто: ) “Падобна, што мяне спэцы адключылі ад магчымасьці слухаць беларускую службу Радыё Свабода. Выканаўчая ўлада зь яе прадстаўнікамі жадае, каб я слухаў толькі праўду, якую яны распаўсюджваюць праз іхняе тэлебачаньне, радыё і газэты, згодна якіх у Менску і рэспубліцы Беларусь адсутнічае правасудзьдзе і справядлівасьць, а існуе крымінальны бандытызм, які зьявіўся ў 1991-м годзе і які існаваў у 1937-1953 гадах у мінулым стагодзьдзі, бяз права на абарону тых, хто незаконна пакутаваў”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Добры вечар!

Таварыш бальшавічка! Вы ўчора абвінавацілі амэрыканскага прэзыдэнта Буша і Радыё Свабода, што Буш – дыктатар, а наш Лукашэнка – вельмі добры чалавек. Што я магу адказаць. Каб быў прэзыдэнтам Буш у 1920-1940 гг. мінулага стагодзьдзя, то не дазволіў бы, каб зьнішчылі ні ў чым не павінных людзей, больш за 60 мільёнаў. Ніякай Айчыннай вайны не было б! А Гітлера б за некалькі тыдняў зьнішчылі б! Падумайце, бальшавічка, калі ёсьць чым думаць. Мілошавічы, Садамы і ім падобныя – гэта чалавечкі-людаеды. Ім толькі адзіны шлях – неабходна зьнішчыць альбо садзіць у клетку і не выпускаць на свабоду. Ваш Лукашэнка хоча быць вечным прэзыдэнтам, так ён думае. Хай робіць чэсныя выбары, як на Ўкраіне апошні выбарчы закон, пасьля гэтага хай будзе вечным прэзыдэнтам, калі народ яго абярэ”.

(Спадарыня: ) “Шаноўныя журналісты, слухачы і апазыцыйныя лідэры і шараговыя апазыцыянэры! Прачытаўшы за 14 студзеня артыкул “За што змагаемся” ў газэце “Народная Воля” – напісаў яго наш шаноўны, паважаны і геніяльны наш паэт Ніл Гілевіч – вось хацелася б параіць асабліва лідэрам апазыцыі і тым актывістам апазыцыі, каб гэты артыкул стаў настольным артыкулам усіх апазыцыянэраў. Вось я толькі некаторыя ўрывачкі зачытаю:

“У сьнежні 2004 г. ва Ўкраіне перамагла ўкраінская ідэя. Гэта галоўнае. Перамог ідэал незалежнай дэмакратычнай украінскай Украіны. Гэта яна, гэта ідэя, аб’яднала і дала зразумець. З нашай ідэяй, з нашай верай, з нашай мовай мы пераможам!…” І далей… Тут усё вельмі варта, каб усё гэта зразумець, пачытаць і прыняць да дзеяньня”.

(Спадар: ) “Добры дзень, любімае Радыё Свабода! Лукашэнкаўская прапаганда сьцьвярджае, што велічыня ўнутранага валавага прадукту Беларусі вырасла на 11 адсоткаў. Гэтая велічыня вырасла на языку гэтых наймітаў ад прапаганды, далёкіх ад інтарэсаў народу. Іх адданасьць рэжыму узурпатара дорага каштуе нашаму грамадзтву! Я і мае знаёмыя ня толькі не адчуваюць росту дабрабыту, але і ведаюць, што расьце шкода ад гэтай улады. Напрыклад, каб вырваць зуб, трэба заплаціць. Што гэта, рост дабрабыту ці яго падзеньне? А зьнішчэньне колькасьці насельніцтва Рэспублікі Беларусь? А адмена розных ільгот? Гэта ня рост дабрабыту, а сьведчаньне адваротнага!”

(Спадар: ) “Добры вечар, Свабода! Што здарылася? Страшэнныя шумы на ўсіх дыяпазонах кароткіх хваляў! Немагчыма прымаць ніводнай радыёстанцыі, якія працуюць на кароткіх хвалях. Нехта стварае перашкоды. Растлумачце, у чым справа, мо, атрымаецца вас злавіць”.

(Прафэсар Мікола Савіцкі: ) “Кіраўніцтву Радыё Свабода прапанова. Лічу злабадзённым альбо прачытаць артыкул Ніла Гілевіча “За што змагаемся” “Народная Воля” за 14 студзеня 2005 году, альбо на гэтую ж тэму правесьці зь ім інтэрвію”.

(Пятро Міхайлавіч: ) “Добрай раніцы, Радыё Свабода! У нядзелю 16 студзеня ўважліва слухаў Сяргея Дубаўца, чалавека, якога я надзвычай паважаю, а ў ягонай “Вострай браме” заўжды шукаю адказы на свае пакутлівыя пытаньні: “Дзе ж выйсьце?” і “Што рабіць?” Гэтыя пытаньні ў мяне ўсе апошнія гады ад пачатку незалежнасьці і менавіта да Сяргея Дубаўца. Я заўжды ўважліва сачыў за яго друкаванымі выступамі ў колішняй “Народнай газэце”, у “Нашай свабодзе”, у “Навінах”, а апошнія гады на Радыё Свабода. Мне здаецца, што думка аб тым, што беларускія дыяспары за межамі Беларусі паспрыяюць станаўленьню дэмакратыі ў мэтраполіі, адраджэньню мовы… праз пяць, дзесяць, дваццаць пяць гадоў – гэта нешта далёкае і таму не выглядае рэальным і не надае бадзёрасьці і настрою.

Як адрадзіць у беларусаў жаданьне быць беларусамі? Я цалкам з вамі згодзен, спадар Сяргей, што калі ўжо нават прафэсар Хадыка піша артыкулы па-расейску, то справы ў нас ідуць не ў той бок.

Рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч заўжды абгрунтоваў гэта тым, што такія сур’ёзныя аналітычныя артыкулы трэба пісаць па-руску, каб зразумелі і чыталі рускамоўныя. Гэта ганебная думка! Практыка павінна быць такая, як на Радыё Свабода – усё перакладаць на беларускую мову. Гэта дае магчымасьць беларусу адчуць сваю адметнасьць, заахвочвае яго быць беларусам. А можа, для вырашэньня пытаньня нам патрэбен Шахід?”

(Міхаіл Валодзька: ) “Зразумела, рэкляма – вялікая справа. Як чалавек, які вывучыўся і разабраўся ў Бібліі, хачу сказаць наступнае. Усе рэлігіі і сэкты выступаюць за аднаго Бога, а іх колькасьць – як грыбоў у Чарнобыльскім лесе. Ужо нарадзілася такая прымаўка: калі вы хочаце стаць багатым, то стварыце сэкту ці новую рэлігію, а калі хочаце ліквідаваць іх, то забараніце ім вымагаць ахвярапрынашэньне – дзесяціну. Яны рухнуць як картачны домік. А наконт Бога або таго сьвятога, што ёсьць у прыродзе, то яго ніхто ня бачыў, і ад імя яго ніхто ня мае права быць пасрэднікам яго і дурыць народ.

Біблія – гэта рэлігійнае вучэньне для сыноў Ізраіля, для стварэньня моцнай нацыі і захопу чужых земляў, дзе цячэ малако і мёд. За што яны і атрымалі па заслугам. Мая вам парада. Вы не павінны ўмешвацца ў рэлігіі і сэкты, калі хочаце, каб вас паважалі. Хацелася б, каб вы пусьцілі ў эфір маё пісьмо”.

(Спадарыня: ) “Я кожную раніцу ўключаю свой прымач, каб паслухаць Радыё Свабода, каб пачуць хоць нейкую кроплю праўды ў нашай сучаснай рэчаіснасьці. Амаль што ніколі гэтага не адбываецца! Я толькі нэрвы свае псую. Адразу трошкі можна нешта паслухаць, але потым амаль што ўвесь час трашчыць. Ці гэта ад надвор’я, ад вільготнасьці? Дык іншыя радыёстанцыі добра чуваць! Вось і ўзьнікае пытаньне і адразу адказ: якое жыцьцё на гэтай няшчаснай зямлі – такое і вяшчаньне Свабоды!”
XS
SM
MD
LG