Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Платных мэдычных паслугаў будзе яшчэ больш


Іна Студзінская, Менск Міністэрства аховы здароўя абвясьціла пра чарговы экспэрымэнт па ўкараненьні платных паслугаў пад кантролем дзяржавы. Мэта экспэрымэнту, паводле словаў намесьніка міністра аховы здароўя Віктара Рудэнкі – “максымальна разьмежаваць установы аховы здароўя, якія аказваюць платныя і бясплатныя паслугі”. Міністэрства будзе сачыць за цэнаўтварэньнем і прызначаць кіраўнікоў. У чым сутнасьць чарговага экспэрымэнту?

Я адразу ж патлумачу, што ўсе мэдычныя ўстановы Беларусі ўмоўна можна падзяліць на 3 часткі: дзяржаўныя (паліклінікі, участковыя лякарні, але зараз там ёсьць і платныя паслугі – працэдуры, аналізы, выдача даведак), прыватныя (кшталту вядомых камэрцыйных цэнтраў “Нардзін”, “Ладэ”, дзе ўсе паслугі платныя і нятанныя) і дзяржаўныя ўнітарныя ўстановы, якія працуюць на прынцыпах самаакупнасьці, але кошты на іх паслугі кантралюе дзяржава (у Менску гэта, да прыкладу, вядомы Цэнтар касмэталёгіі і плястычнай хірургіі па вуліцы Багдановіча).

Дык вось, згодна з экспэрымэнтам, мяркуецца, што паступова з дзяржаўных паліклінік і лякарняў платныя паслугі будуць перамяшчацца менавіта ў такія цэнтры. Для экспэрымэнту пакуль Міністэрствам аховы здароўя вызначаныя тры аб’екты: названы мною Цэнтар касмэталёгіі і плястычнай хірургіі ў Менску і дзьве паліклінікі ў Берасьці і Гомелі.

Галоўны лекар Цэнтру касмэталёгіі і плястычнай хірургіі Юры Герасімовіч не ў захапленьні ад таго, што выбар міністэрства аховы здароўя выпаў на ягоную ўстанову:

(Герасімовіч: ) “Думаю, што будзе рэзка скарачацца колькасьць платных паслугаў, што аказваюць дзяржаўныя ўстановы, бюджэтныя. І частку гэтых паслугаў хочуць перакінуць на ўстановы іншых формаў уласнасьці. Гэта прадэкляравана, але як гэта будзе рэалізоўвацца, я пакуль не адкажу. Мы ж ня можам згарнуць тое, што мы цяпер аказваем. Відаць, хочуць, каб мы аказвалі іншыя паслугі, пакуль ня ведаю, якія”.

Але ж касмэталёгія, плястычная хірургія, стаматалёгія, пратэзаваньне зубоў заўсёды, нават ў савецкія часы, былі платнымі паслугамі. Што мае па ўвазе Міністэрства аховы здароўя? Гэтае пытаньне я задала і намесьніку міністра аховы здароўя Віктару Рудэнку.

(Рудэнка: ) “Яны былі платныя, але працавалі ў строгіх межах, вызначаных урадам і па пераліку, які вызначаецца ўрадам. Мы рэкамэндуем дзённыя стацыянары, амбуляторную хірургію, жаночыя кансультацыі. Гэта ўжо пытаньне такое… навязаць іх нельга – маўляў, бяры і аказвай гэты від дапамогі. Гэта трэба атрымаць ліцэнзію, стварыць матэрыяльную базу, і потым працаваць…”

З боку Міністэрства аховы здароўя разуменьне быццам бы ёсьць, што трэба найперш стварыць умовы, матэрыяльную базу. А як гэта будзе на справе? Пакуль кіраўнік вызначанага, так бы мовіць, “паддосьледнага” сталічнага Цэнтру касмэталёгіі і плястычнай хірургіі Юры Герасімовіч вельмі цьмяна ўяўляе, чаго ад яго хочуць:

(Герасімовіч: ) “Як гэта будзе рэалізоўвацца, невядома. Мне, прынамсі, незразумела, якім чынам. Таму што маёй установе грошай ніхто ня дасьць, разумееце? Мы павінны будзем гэта рабіць за свой кошт альбо браць крэдыты. Альбо ўкараняць нешта новае, прынцыпова новае, пашыраць пералік. Пазыцыя нявызначаная, мне нават незразумелая”.

Юрыю Герасімовічу толькі цалкам зразумела: як выканаць загад Міністэрства – гэта яго праблема. Намесьнік міністра Віктар Рудэнка таксама не хавае, што ніякага дадатковага фінансаваньня і матэрыяльнай падтрымкі з боку дзяржавы ня будзе.

(Рудэнка: ) “Яны павінны працаваць на прынцыпах самаакупляльнасьці, у гэтым усё пытаньне. А што гэта за платныя паслугі з падтрымкай дзяржавы? А навошта тады гэта патрэбна наагул?”

Пытаньне рытарычнае. Паводле намесьніка міністра спадара Рудэнкі, адной з галоўных перавагаў такіх цэнтраў ёсьць тое, што працаваць яны будуць у сыстэме дзяржаўнай аховы здароўя, хоць і на камэрцыйнай аснове. Ім дазволена разьвівацца, але за кошт уласнай ініцыятывы і ўласных сродкаў. І пад пільным кантролем дзяржавы. Затое ў народа, па словах намесьніка міністра аховы здароўя спадара Рудэнкі, выбару, дзе лячыцца, паболее. Хоць і за ўласныя грошы.
XS
SM
MD
LG