Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З рэстарацыі “Сафары” зробяць студэнцкую сталоўку


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Комсомольская правда в Белоруссии” пад загалоўкам “Чым болей вы атрымліваеце, тым лепш для падаткавай” кіраўнік аддзела Міністэрства па падатках адказвае на пытаньні: “Колькі трэба плаціць за запаўненьне дэклярацыі? Ці абкладаюцца падаткам пасылкі і бандэролі з-за мяжы? Які падатак возьмуць са 100 даляраў, якія даслала дачка з Амэрыкі? Ці мусіць пэнсіянэрка запаўняць падаткавую дэклярацыю, калі яна атрымлівала працэнты ад унёску? Чаму павінен падаваць дэклярацыю той, хто працуе на двух працах, калі і там і там зь яго бяруць падатак 9%?”

Лепшы футбаліст Беларусі 1998 і 2000 Аляксандр Хацкевіч, які 8 гадоў гуляў за кіеўскае “Дынама”, прызнаўся у інтэрвію “Камсамолцы”, што ў 15 гадоў ён прадаваў іншаземцам шапкі з какардамі і бялковую сынтэтычную ікру як сапраўдную. Тры месяцы таму футбаліст забраў свае грошы зь беларускага бізнэсу. Ён кажа, што зь беларускімі законамі гэта папросту нерэнтабэльна. Чытайце пра гэта ў рубрыцы “Зоркі і кашалькі”.

У крамах зьніклі расейскія ёгурты. На рынках іх разьбіраюць за дзьве гадзіны. Кошты на расейскія малочныя ёгурты і малако падвысіліся, але назіраецца іх дэфіцыт. Гэта выклікана новым парадкам платы ПДВ. Камэнтары пастаўшчыка і прагноз спэцыялістаў чытайце ў сьвежым нумары “Камсамолкі”.

“Белорусская деловая газета” прапануе чытачам артыкул Вадзіма Сяховіча “Уладзімір Навумаў заступіўся за курыльшчыкаў”. Міністар унутраных справаў прапануе змагацца з кантрабандай цыгарэтаў прэвэнтыўнымі мерамі. Ён накіраваў ліст на імя прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, у якім падзяліўся сваімі сумневамі. Паводле ацэнкаў МУС, калі не перагледзяць квоты ўвозу цыгарэтаў на 2005 год, дзяржава можа пазбавіцца 15 мільёнаў рублёў. Гэта недзе 20 мільярдаў рублёў з аднаго мільярда цыгарэтаў.

20 студзеня зачыняць рэстарацыю “Сафары”, больш вядомую пад назвай “Араб Снэк”. Рэстарацыя карысталася попытам ня толькі ў менчукоў (танныя кошты, добры сэрвіс), але ў прадстаўнікоў арабскай дыяспары. Гэта было адзінае месца, дзе яны маглі адзначаць свае рэлігійныя сьвяты. Дырэктар рэстарацыі, грамадзянін Ярданіі Хашым Аль Ціці паведаміў, што адміністрацыя тэхнічнага ўнівэрсытэту хоча забраць рэстарацыю пад студэнцкую сталовую. У інтэрвію “БДГ” ярданец выказаўся, што сярод ягоных суайчыньнікаў наўрад ці знойдуцца жадаючыя пачынаць бізнэс у Беларусі.

“БДГ” аналізуе сытуацыю, якая склалася сёньня ў грамадзтве з утварэньнем новых грамадзкіх аб’яднаньняў. Шмат палітыкаў настойвае на тым, што менавіта яны аб’ядноўваюць апазыцыю. Што адбываецца насамрэч? Ці паспрыяюць гэтыя працэсы кансалідацыі нацыі? Чытайце ў сёньняшнім нумары.

“Витебский курьер” паведамляе пра наступствы ўрагану. Страхавыя кампаніі Віцебскай вобласьці трапілі ў цяжкае становішча, бо некаторыя прадпрыемствы і прыватныя асобы зьвярнуліся па кампэнсацыю стратаў у выніку разбурэньняў ад урагану.

“Витебский курьер” у артыкуле “Ад сяброўства да варожасьці адзін крок” нагадвае чытачам пра Міністэрства праўды ў рамане Джоржа Оруэла “1984” у зьвязку з тым, як дзяржаўны друк паведамляе пра “газавы канфлікт” паміж Расеяй і Беларусьсю. Сытуацыя будзе пагаршацца, але вінаватая будзе Расея. Прэса маўчыць аб тым, што менавіта беларускія ўлады ініцыявалі падпісаньне саюзных дамоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG