Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму адбыўся афіцыйны візыт Лукашэнкі ў Кітай


Юры Сьвірко, Менск Роўна 10 гадоў таму адбыўся першы дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў далёкае замежжа – у студзені 1995 году беларуская дэлегацыя на чале зь ім наведала Пэкін і Шанхай. Адным з журналістаў, які асьвятляў той кітайскі візыт, быў наш менскі карэспандэнт Юры Сьвірко.

У чым была адметнасьць таго візыту спадара Лукашэнкі ў Кітай? Тады закладваліся асновы замежнай палітыкі прэзыдэнцкай Беларусі. Новая каманда заваёўвала сьвет, стварала дыпляматычныя прыярытэты. Тады спадар Лукашэнка імкнуўся паказаць сябе цывілізаваным палітыкам.

Дарэчы, у ягоным самалёце – звычайным арандаваным ляйнэры “Белавія” – апрача журналістаў дзяржаўных СМІ, былі й два незалежныя – карэспандэнтка агенцтва Ройтар Ларыса Саенка ды я. Мяне ўключыў у сьпіс перад самай сваёй адстаўкай тагачасны Лукашэнкаў прэсавы сакратар Аляксандар Фядута – гэта было пэўнай кампэнсацыяй за тое, што напярэдадні мяне выкінулі бяз вопраткі на мароз ахоўнікі, якія не пускалі прэсу на сход з удзелам Лукашэнкі, але раптам пабачылі, што я сяджу ў зале. Адразу скажу, што за гатэль я плаціў сам, сутачных мне не давалі – толькі пералёт быў бясплатным. Хаця як толькі мы селі ў самалёт, тагачасны кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў раздаваў усім па 100 даляраў сутачных і прапанаваў узяць грошы й нам з Ларысай Саенкай, але мы адмовіліся.

Другі раз я лятаў з Аляксандрам Лукашэнкам у замежжа ў ліпені 1996 году, калі яго запрасілі з афіцыйным візытам у Францыю. Гэта быў ягоны першы ды апошні афіцыйны візыт на Захад. Але ўжо тады было зразумела, што галоўным вэктарам спадар Лукашэнка лічыць Усход. Ужо тады пачаліся размовы пра стварэньне восі Менск—Масква—Пэкін.

Гэтая вось дагэтуль не існуе, і Менск лічыць слабым зьвяном тут Маскву. Варта нагадаць, што ў студзені 1995 году Аляксандар Лукашэнка зьлятаў у Кітай, а ўжо ў лютым у Менск прыехаў Барыс Ельцын і падпісаў тут першы буйны дакумэнт з Лукашэнкам – дамову аб дружбе й супрацоўніцтве, якая праз год перарасла ў дамову аб супольнасьці Беларусі й Расеі, а яшчэ праз год – аб Саюзе. Таму пэўным чынам першы кітайскі візыт меў на мэце нейкі ціск на Маскву – паказаць, што Менск можа быць самастойным.

Падчас першага дзяржаўнага візыту Аляксандра Лукашэнкі было даволі шмат кур’ёзаў. Калі спадару Лукашэнку паказвалі Гугун – забаронены горад у цэнтры Пэкіну, дзе раней жылі кітайскія імпэратары – яго павялі праз імпэратарскія пакоі, у тым ліку праз кухню, дзе калісьці гатавалі ежу. Там стаяла вялізная парцалянавая кітайская ваза, і Лукашэнка, паказваючы на яе пальцам, спытаўся ў гаспадароў: “Што, у гэтай каструлі гатавалі?”

А калі Лукашэнку распавялі, што імпэратар меў шмат жонак, дык беларускі прэзыдэнт спачатку паглядзеў на сваю доктарку Ірыну Абельскую, якая яго суправаджала падчас візыту, а потым сказаў журналістцы Ларысы Саенцы: “Вось я пагляджу, як ты пра гэта напішаш!”

У Шанхаі ўсю дэлегацыю прывезьлі на адзіную ў Кітаі валютную біржу. У невялікай залі для перамоваў мне не хапіла крэсла, і я стоячы слухаў размову. Не пасьпеў кіраўнік біржы прывітаць Лукашэнку па-кітайску, як той замест адказу зьвярнуўся да мяне: “Ну, чаго ты стаіш? Хіба месца няма?” Пасьля таго, як гэта пераклалі кітайцам, вакол мяне была ўжо процьма вольных месцаў, і я сеў. Тады Аляксандар Лукашэнка спытаўся ў біржавікоў, што трэба зрабіць, каб у краіне былі замежныя інвэстыцыі. Галоўны біржавік КНР зьдзівіўся пытаньню, але пачаў адказваць: “Канвэрсоўная валюта, палітычная стабільнасьць…” Лукашэнка не даслухаў да канца й сказаў: “Я ўсё гэта ведаю – проста я спытаўся, каб вось ён паслухаў” – і паказаў пальцам на мяне. Пасьля гэтага эпізоду кітайцы лічылі мяне ці не галоўным чалавекам у дэлегацыі.

Але самае сьмешнае здарылася зь Віктарам Кучынскім, які незадоўга да візыту паабяцаў абараняць Аляксандра Лукашэнку нават з гранатамётам у разе патрэбы. Спадар Кучынскі ўжо ў першы дзень візыту зьбег з дэлегацыі на нейкі пэкінскі рынак і вярнуўся зь вялізным мясцовым мячом ці кінжалам. Усе кпілі, што гранатамёта ён не знайшоў.

А сам Лукашэнка вырашыў пакпіць зь Івана Ціцянкова. Спыніўшыся ў цэнтры Шанхаю ды пабачыўшы з мастка, як пад ім плаваюць залатыя рыбкі, Аляксандар Лукашэнка загадаў спадару Ціцянкову: “Ваня, пакармі залатую рыбку!” Кіраўнік справаў прэзыдэнта пачырванеў, палез у кішэню, але корму там не было. “Ваня”, сказаў Лукашэнка, “ты нават хлеба ня маеш? Пра цябе ж прэса піша, што ты мой заўхоз. Які ж ты заўхоз, калі рыбку пакарміць ня можаш?” – сказаў Лукашэнка ў прысутнасьці ўсяе дэлегацыі й пайшоў далей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG