Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Цяперашняя ўлада Беларусі – гэта фактычна нашчадкі тых, хто быў наверсе, а ня ў яме, калі ў Курапатах адбываліся расстрэлы”


Ганна Соусь, Менск 18 студзеня 1989 году Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб ўсталяваньні помніку ахвярам масавых рэпрэсіяў у Курапатах. Мінула 16 гадоў, але помніку ад беларускага ўраду ў Курапатах дагэтуль няма. Больш таго, летась улетку невядомыя адарвалі ад каменя шыльду з надпісам пра тое, што Савет міністраў БССР ўсталюе ва ўрочышчы помнік ахвярам рэпрэсій. Наша карэспандэнтка пагутарыла з экс-міністрам замежных справаў Беларусі Пятром Краўчанкам, які ў свой час браў удзел у цырымоніі ўсталяваньня каменя ў Курапатах, а таксама з актывісткай грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Валянцінай Трыгубовіч.

Пятро Краўчанка згадвае пра тое, зь якімі цяжкасьцямі прымалася 16 гадоў таму рашэньне аб ўсталяваньні помніку ахвярам рэпрэсій ў Курапатах.

(Краўчанка: ) “Курапаты на той час зьяўляліся пытаньнем, якое ў нейкім сэнсе раскалола грамадзтва. Такое рашэньне партыйнай тагачаснай савецкай бюракратыі, зразумела, давалася ня вельмі лёгка. Працуючы ў якасьці сакратара гаркаму партыі я, як ніхто з савецкіх функцыянэраў, быў да гэтага пытаньня падрыхтаваны. Па-першае, таму, што ў нашай сям’і было шмат загіблых ад сталінскіх рэпрэсій. З другога боку, і гэта самае галоўнае, я прайшоў шэраг мітынгаў, якія праводзіліся дэмакратычнай грамадзкасьцю ў тыя часы, у тым ліку ліпеньскі 1989 году мітынг у Курапатах”.

Калі рашэньне аб ушанаваньні памяці ахвяраў рэпрэсій было ўсё ж прынята беларускім урадам, Пятро Краўчанка ўзяў удзел у падрыхтоўцы, а потым і ва ўсталяваньні каменя ў Курапатах. Гэта адбылося 9 траўня 1989 году.

(Краўчанка: ) “У дзень адкрыцьця помніка вельмі напружана абмяркоўвалася пытаньне, на якім узроўні яго адкрываць. Большасьць членаў ЦК выступала за тое, каб адкрыцьцё помніка адбылося толькі на ўзроўні кіраўніцтва гораду. Але тагачасны кіраўнік гарадзкой партыйнай арганізацыі Ўладзімер Галко ўсё ж настаяў на тым, каб Яфрэм Сакалоў прыйшоў у Курапаты і адкрыў помнік. І калі Вы возьмеце падшыўку газэт тых часоў, то ўбачыце, што ў дзень адкрыцьця каля помніку стаіць Пятро Краўчанка(а я адказваў за падрыхтоўку і добраўпарадкаваньне гэтага месца) і члены бюро ЦК на чале з Яфрэмам Сакаловым”.

З таго часу мінула 16 гадоў, але помніка ад беларускага ўраду ў Курапатах дагэтуль няма, як няма ўжо і шыльды аб тым намеры 16-гадовай даўніны.

Актывістка грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Валянціна Трыгубовіч не спадзяецца, што блізкім часе беларускія ўлады паставяць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

(Трыгубовіч: ) “У бліжэйшы час ніякіх значных рашэньняў і значных помнікаў ня зьявіцца, таму што цяперашняя ўлада Беларусі – гэта фактычна нашчадкі тых, хто быў наверсе, а ня ў яме, калі ў Курапатах адбываліся расстрэлы. І тое, што зьнікла дошка з закладнога каменя, надпісам на якой дзяржава абяцала сваім грамадзянам і шырокай сусьветнай грамадзкасьці, што памяць бязьвінна забітых людзей будзе ўшанаваная, сымптаматычна. Лічу, што гэта зроблена сьвядома, каб паціху зацерці саму праблему”.
XS
SM
MD
LG