Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ацэньваць ветлівасьць міліцыянтаў будуць шараговыя грамадзяне і мэдыі


Казімір Яноўскі, Гомель Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў асабіста бярэ удзел у выніковых калегіях рэгіянальных управаў міліцыі. Такая калегія з удзелам Навумава праведзена ў Гомелі. На ёй падсумоўваліся вынікі дзейнасьці праваахоўных органаў за мінулы год. Сярод задачаў на цяперашні год асаблівая ўвага нададзеная нядаўняму загаду міністра №1 наконт ветлівасьці міліцыянтаў.

Няма сумневу, што ветлівасьць у дзейнасьці міліцыі – досыць важны паказьнік. Але як міністар Навумаў вызначае, ветлівыя ў рэгіёне міліцыянты ці не?

Каб ацаніць дзейнасьць гомельскай міліцыі паводле паказьніка ветлівасьці, у рэгіён міністэрства ўнутраных спраў прыслала сваю здымачную групу. Апэратары запісвалі на відэастужку меркаваньні жыхароў Жлобіна, Рагачова і Гомеля наконт ветлівасьці міліцыянтаў. Атрымаўся 20-хвілінны фільм. Яго паказвалі на калегіі, і пасьля ўжо міністар Навумаў даваў ацэнку.

Пра яшчэ адзін спосаб кантролю ветлівасьці генэрал Навумаў казаў журналістам. Міністар бярэцца з дапамогаю сваіх памочнікаў сачыць за публікацыямі ў мэдыях, дзе даецца ацэнка дзейнасьці міліцыі. Так што, паводле Навумава, з гэтага году ў нейкім сэнсе і мэдыі будуць кантраляваць органы ахову парадку. Праўда, генэрал не ўдакладніў, ці пад увагу будуць брацца публікацыі толькі дзяржаўных мэдыяў, ці ў тым ліку і незалежных.

Я, у сваю чаргу, вырашыў пацікавіцца ў гамельчукоў, што яны думаюць пра ветлівасьць гомельскіх міліцыянтаў. Запісаў меркаваньні толькі тых гараджанаў, што мелі нейкія дачыненьні з ахоўнікамі парадку ўжо ў новым годзе – пасьля выхаду адмысловага загаду міністра пра ветлівасьць.

Распавядае малады сябра АГП спадар Артур, які нядаўна з сябрамі раздаваў у Навабеліцкім раёне Гомеля газэту “Время”:

(Артур: ) “Да нас падышоў нейкі маленькі чын, сказаў: бачу, вы раздаяце газэты. У іх партрэты Лукашэнкі, таму трэба разабрацца – легальна гэта ці не? Ён выклікаў нарад. Нарад прыехаў, і яны таксама ня ведалі, што рабіць. Пасьля завезьлі мяне ў пастарунак. Там склалі пратаколы, сфатаграфавалі, зьнялі адбіткі пальцаў. Паставіліся, як да сапраўднага крымінальніка. У нармалёвай краіне міліцыянт наогул не падышоў бы і не спытаў бы, што за газэты вы раздаяце. Раздаяце – і Бог з вамі”.

38-гадовы гамельчук Леанід таксама меў дачыненьні з міліцыянтамі, у тым ліку і зь дзяржаўтаінспэктарамі. Падаю ягоны расповед:

(Леанід: ) “Нядаўна мяне спыніў супрацоўнік дзяржаўтаінспэкцыі. Кажа: праверка дакумэнтаў. Я яму: а дзе ваша “калі ласка”? На гэта ён мне адказаў: “А можна вас, калі ласка, па нырках?” І засьмяяўся. Я разумею, пажартаваў.

А мінулым летам быў выпадак. З маёй аўтамашыны скралі магнітолу. Прыехалі па выкліку міліцыянтаў дзесяць. Усё ветліва было. Праўда, магнітолу да гэтага часу не знайшлі. Вось я і думаю, каб да іх ветлівасьці яшчэ і прафэсіяналізму дадаць, было б вельмі добра”.

Насамрэч, што можна сказаць пра стан злачыннасьці ў рэгіёне? На калегіі абласной міліцэйскай управы згадвалася, у прыватнасьці, што крымінагенная сытуацыя ў рэгіёне характарызуецца павелічэньнем колькасьці зарэгістраваных злачынстваў. Прычым па ўсіх накірунках. Летась зьдзейсьнена амаль 28 тысячаў злачынстваў – на 13,5 адсотка болей, чымся ў папярэднім годзе.

Па лініі крымінальнага вышуку колькасьць злачынстваў падвысілася на 15 адсоткаў – усяго такіх злачынстваў зарэгістравана блізу 23 тысячаў. Тут і цяжкія пабоі з пазбаўленьнем жыцьця, і згвалтаваньні, і крадзяжы, і наўмысныя забойствы. Так што побач з выхаваньнем ветлівасьці нямала сілаў спатрэбіцца на тое, каб неяк супыніць у рэгіёне вал злачыннасьці.
XS
SM
MD
LG