Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

18 студзеня – посная куцьця, або галодная вячэра


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 18 студзеня

18 студзеня ў Беларусі традыцыйна ладзілася трэцяя куцьця – посная, або галодная вячэра. Лічылася, што хто ў гэты дзень посьціць, той у новым годзе ня зьесьць нічога кепскага. Пасьля заканчэньня гэтай куцьці сена, што ляжала пад абрусом на працягу двух калядных тыдняў, нарэшце прыбіралі са стала й заносілі каровам, каб засьцерагчы іх ад суроку.

18 студзеня 1912 году экспэдыцыя першаадкрывальніка Робэрта Скота дасягнула паўднёвага полюсу і тут даведалася, што на паўмесяца раней паўднёвы полюс адкрыў Руал Амундсэн. Наперадзе ў расчараванага Скота і ягоных сяброў быў цяжкі шлях вяртаньня, які яны так і не змаглі пераадолець. Уся экспэдыцыя загінула.

18 студзеня 1984 году памёр Панцеляймон Панамарэнка – кіраўнік савецкай Беларусі. Нарадзіўся ён у Краснадарскім краі і з 1938 да 1947 году быў першым сакратаром кампартыі Беларусі. Сталінскія рэпрэсіі, вайна з фашызмам, паваеннае аднаўленьне – усе найважнейшыя этапы сваёй гісторыі ў 20-м стагодзьдзі краіна праходзіла пад кіраўніцтвам гэтага чалавека.

18 студзеня 1989 году Савет Міністраў БССР прыняў пастанову пра ўзьвядзеньне ў Курапатах помніка ахвярам масавых расстрэлаў 1930-1940-х гадоў. Мінула 16 гадоў, але пастанова ня выкананая і застаецца на паперы да сёньняшняга дня.

18 студзеня 1892 году нарадзіўся Іосіф Лангбард – самы значны беларускі архітэктар пэрыяду БССР. Ён паходзіў зь Беласточчыны, скончыў Пецярбурскую акадэмію мастацтваў. Паводле ягоных праектаў створаныя галоўныя помнікі канструктывізму ў Менску, якія сталі візытоўкамі беларускай сталіцы: опэрны тэатар, Дом ураду, Акадэмія навук і Дом афіцэраў.

18 студзеня 1900 году нарадзіўся беларускі філёляг Віктар Баркоўскі. Ён зьявіўся на сьвет у Менску, скончыў Петраградзкі ўнівэрсытэт, а найбольшае прызнаньне атрымаў у Нямеччыне. Баркоўскі дасьледаваў гістарычную граматыку і дыялекты, а таксама гісторыю беларускага мовазнаўства. Ён, дарэчы, быў рэдактарам знакамітае манаграфіі Яўхіма Карскага “Беларусы”.
XS
SM
MD
LG