Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэран рок-фронту...


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 15 студзеня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Ужо два тыдні, як новы музычны год у Беларусі пачаў адлік чарговых праграм, канцэртаў, фэстываляў, новых дыскаў і праектаў. Пакуль, зразумела, яшчэ заўчасна разважаць пра ягоныя здабыткі, а таму ў чарговым выданьня нашай праграмы мы, зразумела, працягваем азірацца ў мінулае.

Адной з апошніх прэм’ераў году 2004 быў альбом “Вялікае калі ласка” групы “P.L.A.N.”. Гэтая работа, трэба прызнацца, не засталася незаўважанай, і, як і папярэднія праграмы калектыву, выклікала самыя розныя водгукі. Беларуская Свабода выступіла ў якасьці інфармацыйнага спонсара альбому, а таму цалкам невыпадкова зьяўленьне ў нашай студыі лідэра групы, аўтара музыкі большасьці зьмешчаных у альбоме песень Андрэя Плясанава. Дзень добры, спадар Андрэй!

А вось і першае да цябе пытаньне. Звычайна, калі супастаўляеш тое, што пішуць пра “P.L.A.N.”, бачыш самы шырокі дыяпазон ацэнак. Цябе не засмучае той факт, што песьні калектыву ўспрымаюцца гэтак па-рознаму?”

(Андрэй Плясанаў: ) “Адрозна ад цябе, я, на жаль, ня ўсё чытаю, таму, можа, і ня ўсё ведаю. Але як яно можа быць па-рознаму, калі мы іграем стары добры рок-н-рол і блюз?”

(Падбярэскі: ) “Мая асабістая думка: альбом не бездакорны, але ён — найбольш сьпелая работа з трох выдадзеных “P.L.A.N.ам” праграмаў. Ты навучыўся ўжо не сьпяшацца?”

(Плясанаў: ) “Я не магу не сьпяшацца. Я павінен проста несьціся па жыцьці. Час такі: як ня зробіш сам, дык і ніхто ж ня зробіць! Так, уплыў узросту, і да таго ж, я ўжо навучыўся крыху рабіць усё гэта. Вось і выказваюся. Я лічу, што гурт працуе і ідзе ў вельмі правільным кірунку. Думаю, што ў красавіку мы выдадзім наш чацьверты альбом, які будзе мець назву “Пёсэнкі самотнэга ліцьвіна”.

(Падбярэскі: ) “Пагаворым аб стылістыцы альбому. Пачынаў ты ўсё ж з блюзу, у гэтым альбоме шмат і рытм-энд-блюзу, і рок-н-ролу. Плюс бонус — трэкі, вытрыманыя ў стылістыцы рэпавай культуры. Такая стракатасьць цябе не палохае, бо аўдыторыя, здаецца, траціць часам арыенціры таго, чым усё ж ёсьць “P.L.A.N.”?”

(Плясанаў: ) “Ня думаю, што гэта дрэнна. Сучасная моладзь, на жаль, ня ведае ні рок-н-ролаў, ні блюзаў. І тая ж мая дачка: яна слухае толькі гэтую папсу, і ўсё! А тое, што мы некалі рабілі, большая частка моладзі ўжо ня ведае. Таму трэба неяк кампанаваць разам і тое, і другое. Каму не падабаецца гэта — няхай слухае іншае”.

(Падбярэскі: ) “Дык што, вось гэтыя рэпавыя творы ў альбоме варта ўспрымаць як нешта накшталт кручка, нажыўкі, каб зь яе дапамогай прыцягнуць моладзь да той музыкі, зь якой увесь рок-н-рол і пачынаўся?”

(Плясанаў: ) “Так-так! Вельмі б хацелася! У наш час мы ўсё ж куды лепш ведалі і клясыку, і джаз, і рок. А цяпер гэтыя сучасныя плыні настолькі адышлі ўбок ад гэтага!”

(Падбярэскі: ) “Але, Андрэй, згадзіся, што аўдыторыя 30-гадовай даўніны была маналітная. Сёньня кожны кірунак музыкі, стыль мае ўласную аўдыторыю, якая іншай музыкі ня слухае… Пойдзем далей. У гэтым альбоме ты, прызнацца, зрабіў тое, чаго не зрабіў у Беларусі ніхто: заахвоціў сапраўдную легенду беларускай рок-музыкі Вольгу Аліпаву ўзяць удзел у запісе адной песьні”.

(Плясанаў: ) “Яна сама прапанавала мне гэта, калі прыйшла разам зь Юрам Міхайлавым праслухаць запісы гэтага альбому. І Вольга мне сказала, што дзяўчына, якая насьпявала “Самотны блюз”, зрабіла гэта ня ў той стылістыцы. Я адразу ж даў ёй тэкст, яна пасядзела хвілін пятнаццаць, нешта мармытала пад нос, а потым сказала: “Усё, уключай мікрафон, я буду запісвацца”. І вось з маёй лёгкай рукі мы гэтую нашую рок-князёўну зафіксавалі і ў гуказапісу”.

(Падбярэскі: ) “Калі ўлічыць, што дагэтуль у Вольгі не было на радзіме наагул ніводнага выдадзенага трэку, дык гэта варта лічыць сапраўднай падзеяй”.

(Плясанаў: ) “Я таксама гэтак лічу”.

(Падбярэскі: ) “Настаў Новы год, Андрэй, набыло моц патрабаваньне Мінінфармацыі аб 75% беларускай музыкі ў эфіры. Беларуская Свабода, дарэчы, і без загадаў трымаецца гэтага. А вось як у цябе складваюцца цяпер адносіны зь беларускімі радыё- і тэлеканаламі?”

(Плясанаў: ) “З тэлеканаламі — ня вельмі, бо два з паловай месяца стаяла ў гіт-парадзе праграмы “На скрыжаваньнях Эўропы” песьня “Шынкарачка”, але ў фінал ня трапіла. Першы нацыянальны канал радыё круціць нашыя песьні вось ужо трэці год запар, “Аўтарадыё” пачало ставіць нашыя песьні, “Новае радыё” таксама. Дарэчы, мы ўжо сёлета выступалі аж сем разоў на Кастрычніцкім пляцы. А гэта гаворыць пра тое, што “Менск-канцэрт” ужо заўважыў гурт “P.L.A.N.”.

(Падбярэскі: ) “Цягам мінулага году “P.L.A.N.” даў шмат канцэртаў. Ды разам з тым можна было пачуць: ды Плясанаў шчэміцца куды толькі можна. А чаму сапраўды Плясанаў гэткі актыўны?”

(Плясанаў: ) “Ну што значыць “шчэміцца”? Музыка павінен зарабляць на кавалак хлебу, а можа, і болей. А таму я лічу, што выступ на любых канцэртах, якія аплачваюць ці тыя, ці другія, ня мае значэньня. Бо пазыцыя не мяняецца, тэксты песень застаюцца, і энэргетыка ідзе тая, якая ішла заўсёды”.

(Падбярэскі: ) “Самы час на пытаньне па-за тактам. Кася Камоцкая, аглядаючы неяк вынікі чарговага туру “Тузіну гітоў”, даслоўна сказала так: “Што “Куклы”, што “P.L.A.N.” — троху штучныя творы. Хаця штучныя па-рознаму. Але нішто так не псуе твор, як штучнасьць”. Ты маеш магчымасьць зараз адказаць Касі”.

(Плясанаў: ) “А я, дарэчы, адказаў ёй адразу, я добра памятаю. І калі б ты ня змог працытаваць яе, я б сам гэта зрабіў. Ну вось што значыць “штучныя”? Песьню, якая стаяла на “Тузіне”, — “Шукальнікі сэнсу” — я лічу адной з наагул лепшых песень калектыву. Кася — гэта вельмі добрая сьпявачка, але вось як музычны крытык, я лічу, яна ніякая”.

(Падбярэскі: ) “Будзем лічыць — адказаў. Дарэчы, зь цягам часу стаўленьне Касі Камоцкай да творчасьці Антрэя Плясанава і групы “P.L.A.N.” зьмянілася. І вось чаму”.

(Кася Камоцкая: ) “Шчыра скажу, што для мяне напачатку было дзіўна, а потым я зразумела, што гэта проста зьмянілася ягонае стаўленьне да жыцьця, да нейкіх зьяваў, працэсаў. Потым я прыняла гэта ўжо. Цяпер я стаўлюся да яго ўжо значна лепей. Проста тады гэта быў ягоны пачатак, і мне падалося, што там сапраўды было шмат штучнасьці, каньюнктуры. А цяпер я бачу за гэтым пазыцыю. А калі ў творцы ёсьць пазыцыя, дык гэта вельмі важна для мяне. Якраз зьдзівіла ягоная мэтамарфоза, як у бок беларускасьці, так і ў бок музыкі. А калі казаць шчыра, дык калі я пісала пра “P.L.A.N.”, я ня ведала, што гэта група Плясанава. Я ніяк не зьвязвала гэта з асобай Плясанава”.

(Падбярэскі: ) “Андрэй! Тры альбомы за два гады — паказчык як для Беларусі зусім неблагі. Ды мяне не пакідае адчуваньне, што ты такім чынам імкнесься пасьпець зрабіць тое, што не пасьпеў у мінулым. Гэта так?”

(Плясанаў: ) “Гэта ня проста так, гэта — толькі так! Тое, што я некалі пісаў, — яно ж засталося. Што сьпяваў на кухні ці ў падземным пераходзе, калі я часта іграў на Круглай плошчы. І мне было прыемна, калі людзі стаялі і слухалі і кідалі мне грошы. Я на гэтыя грошы потым ішоў і купляў бутэлечку каньяку, торцік, — і дадому!”

(Падбярэскі: ) “Дык вось куды скіроўваўся выхад творчай энэргіі!”

(Плясанаў: ) “Ну а што рабіць?! Калі Генадзь Сыракваш навучыў мяне націскаць кнопкі на кампутары, калі я дастаў добрыя праграмы, абсталяваў дома студыю і ўжо патроху пачаў пісаць, майстарыць запісы, то я зразумеў, што гэта ўсё дае мне магчымасьць, майму гурту выказацца”.

(Падбярэскі: ) “А зараз такое самае банальнае пытаньне: якія пляны ў “P.L.A.N.у” на будучыню, на гэты год?”

(Плясанаў: ) “Чацьверты альбом будзе цалкам акустычны. А паколькі я вельмі люблю групу “Чырвоныя гітары”, там будзе песьня “Анна-Мар’я”, якая, дарэчы, ўжо цэлы год гучыць на першым канале нацыянальнага радыё, будзе песьня “Колеры восені” таго ж Краеўскага, там будзе песьня “Туман-бацюхна”, якая ў 2002 годзе два з паловай месяца стаяла на першым месцы ў гіт-парадзе “Альфа-радыё”. Будзе песьня “Шынкарачка” ў акустычным варыянце і цэлы шэраг вельмі добрых, прыгожых песень, якія запісаны з гітарай, баянам, флейтай”.

(Падбярэскі: ) “Я так разумею, што гэта будзе зборнік такога баляднага характару…”

(Плясанаў: ) “Так, у асноўным баляды, якія будзе прыемна слухаць усім. Паралельна мы ўжо робім пяты альбом, я нават прыдумаў ужо да яго назву — “Брама ў вырай”. У гэтым годзе мы зноў паспрабуем выдаць два альбомы: акустычны і рокавы”.

(Падбярэскі: ) “Дзякуй, Андрэй, за гутарку. Я нагадаю, што ўдзельнікам чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” быў лідэр групы “P.L.A.N.” Андрэй Плясанаў, пажаданьне якому ў мяне адно: пасьпяшай несьпяшаючы. І да сустрэчы!

У праграме прагучалі фрагмэнты песень “Самотны блюз”, “Ранішнія адчуваньні” і “Вялікае калі ласка” ў выкананьні групы “P.L.A.N.”.
XS
SM
MD
LG