Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для мяне сымбаль сёньняшняй Беларусі — разбуранае гняздо”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Агляд пошты пачну зь ліста нашай слухачкі Сафіі Таболы зь вёскі Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну, якая ў сваім вялікім допісе разважае пра лёс беларускай вёскі.

“Яшчэ ў маім дзяцінстве вёска была зусім іншай, — успамінае слухачка. — Гарэлку пілі адзінкі, а жанчын-п’яніц у нашай акрузе ўвогуле не было. І хоць цяжка працавалі і за працу сваю атрымлівалі мізэр, усё роўна жылі весялей, дружней. Цяпер жа вёскі выміраюць літаральна на вачах. Моладзь уцякае адсюль як можа. Зачыняюцца крамы, пошты, школы, садкі, шпіталі, пункты бытавога абслугоўваньня. Адмяняюцца аўтобусныя маршруты, не рамантуюцца вясковыя дарогі. Заробкі мізэрныя. Дажыліся: калі ў вясковай маладой сям’і нараджаецца дзіця, то ў дэкрэтны адпачынак ідзе муж-калгасьнік. А жонка (настаўніца, бугальтар альбо мэдык) працуе. Бо бюджэтнікам, адрозна ад калгасьнікаў, хоць якія грошы плацяць.

Вёска перастала чытаць. Бібліятэкі наведваюць у асноўным дзеці. У вёсках нашага калгасу каля 900 чалавек, зь іх дзяцей — крыху больш за сто. Можа, і ёсьць дзе на Беларусі лепшае становішча, але ў нашым раёне (ды і ў суседніх — Глыбоцкім, Мёрскім, Браслаўскім, Докшыцкім, Пастаўскім) пра квітнеючыя вёскі я ня чула. Праўда, калі верыць так званым “чэсным” газэтам, у Беларусі выбраныя 100 гаспадарак, і там жыцьцё кіпіць: заробкі высокія, моладзь не ўцякае. Але паводле якога прынцыпу гэтыя гаспадаркі выбіралі? І калі, нарэшце, да астатніх чарга дойдзе?”

У сваім лісьце Сафія Табола паведамляе, што навіны, пачутыя па Беларускай Свабодзе, яна выкарыстоўвае, калі размаўляе з аднавяскоўцамі, абмяркоўвае зь імі вясковыя праблемы. Як на гэта рэагуюць яе суседзі? Яшчэ адна цытата зь ліста слухачкі:

“Многія разумеюць, якое гаротнае ў іх жыцьцё. Але прынцып “Каб горш ня стала” ці “Абы не вайна”, мне здаецца, невынішчальны ў сьветапоглядзе вяскоўцаў. Страх нейкі ў іх у крыві, ці што? Зьбірала подпісы, каб вярнуць аўтобус у нядзелю (яго адмянілі, палічылі непатрэбным). Дык нават подпісы ўжо баяцца ставіць, каб ня трапіць у няміласьць да мясцовых начальнікаў. І гэта — калі ідзе размова пра аўтобус. А што тады чакаць, зьбіраючы подпісы за вылучэньне апазыцыйнага кандыдата? Нават пры бальшавіках такога не было”.

Заканчвае Сафія Табола свой ліст на “Свабоду” ўражаньнямі ад нядаўна пачутай песьні пад назовам “Поставьте памятник деревне”. Спадарыня Табола апісала, якім такі помнік бачыць яна:

“Хата з вокнамі, забітымі накрыж, а побач студня з замшэлым зрубам і жоравам з абарваным вядром. Тут жа высокае сухое дрэва, на якім бусьлінае гняздо, зь якога зьвісае забітая птушка… Вось ён, сымбаль сёньняшняй Беларусі”.

Сапраўды, Сафія Міхайлаўна, марудная сьмерць тысяч беларускіх вёсак — зьява драматычная. Пачалася яна яшчэ за камуністамі, але тады ня была такой імклівай, як у апошняе дзесяцігодзьдзе. У той час так масава не закрывалі шпіталёў і школаў (нават малакамплектных), не адмянялі аўтобусных маршрутаў, ня нішчылі бібліятэк… Цяпер жа на ўсё гэта ёсьць дазвол — усё можна апраўдаць нерэнтабэльнасьцю, стратнасьцю, высокімі бюджэтнымі выдаткамі. Няма дазволу толькі на тое, каб у зямлі зьявіўся гаспадар, уласьнік, які толькі і можа выратаваць вёску ад вынішчэньня. Апірышча цяперашняй улады ў вёсцы — калгас. Нават паўразвалены, паўжывы, які фактычна ня плаціць людзям і жыве толькі за кошт усеагульнага раскраданьня і дзяржаўных датацыяў. Нават у такім выглядзе ён здольны трымаць людзей у страху і прымушаць іх галасаваць так, як хочацца ўладзе.

Ліст ад нашага сталага слухача Пятра Касьнерыка зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну. Слухач палемізуе зь лідэрам Партыі камуністаў Сяргеем Калякіным, які адзін са сваіх артыкулаў у партыйнай газэце “Товарищ”, надрукаваных перад выбарамі, назваў “Адпрацаваць кампанію на пяць з плюсам”. У гэтым жа артыкуле Сяргей Калякін пісаў, што “буржуазныя палітычныя свабоды патрэбны камуністам дзеля актывізацыі барацьбы за сацыялізм”. Пятро Касьнерык з нагоды прачытанага піша:

“Я бясконца рады, што Вячорка з Калякіным адпрацавалі на “пяць з плюсам” у літаральным сэнсе гэтых словаў: гэта значыць, набралі пяць зь невялічкім плюсам працэнтаў галасоў падчас нядаўніх парлямэнцкіх выбараў. Што да намеру таварыша Калякіна змагацца за буржуазныя палітычныя свабоды, то няблага было б спачатку дабіцца суду над камуністамі. Колькі ж можна займацца прапагандай рашэньняў ХХ зьезду КПСС, у якіх злачынствы камуністычнай сыстэмы ўскладзены на Сталіна. Віна Сталіна толькі ў тым, што ён быў верным вучнем Леніна і, як прыстойны чалавек, сумленна выконваў ускладзеныя на яго абавязкі ў справе будаўніцтва бяскласавага грамадзкага ладу з агульнанароднай уласнасьцю на сродкі вытворчасьці.

Беларуская служба Радыё Свабода! Патлумач гэта, калі ласка, удзельнікам “Праскага акцэнту” (26 сьнежня мінулага году). Ачарняючы Сталіна, вы абельваеце камунізм. Той самы камунізм, які зьбіраецца судзіць ваш аўтар Сяргей Дубавец”.

Наўрад ці варта, спадар Касьнерык, зводзіць гістарычную ролю Сталіна да функцыяў, як вы пішаце “вернага вучня”, які “сумленна выконваў свае абавязкі”. Гэты, так бы мовіць, “верны вучань” узбагаціў ленінскую тэорыю класавай нянавісьці такой зьнішчальнай практыкай, у выніку якой мільёны савецкіх грамадзянаў і да сёньняшняга дня ня ведаюць, дзе пахаваныя іх бязьвінна арыштаваныя і закатаваныя сваякі. Асабістыя подпісы Сталіна — пад сотнямі сьмяротных прысудаў невінаватых людзей. І за гэта найперш трэба судзіць не тэарэтыкаў камунізму, а практыкаў — тых, хто ствараў ГУЛАГ, хто праводзіў на касьцях сялянства прымусовую калектывізацыю, хто аддаваў і хто выконваў злачынныя загады.

Ліст ад афіцэра ў адстаўцы Міколы Канаховіча з Пружанаў. Слухач даслаў пералік тэмаў, на якія, на яго думку, журналісты не зьвяртаюць дастатковай увагі. У прыватнасьці, Мікола Канаховіч піша:

“Хацелася б, каб Беларуская Свабода больш шырока раскрывала тэму адсутнасьці дзяржаўнай мяжы на ўсходзе нашай краіны. Да якіх наступстваў гэта вядзе? Штогод сотні тысяч крымінальных вандроўнікаў з Расеі ды іншых азіяцкіх і афрыканскіх дзяржаў запаланяюць нашу невялікую краіну. Што яны нясуць і вязуць з сабой? Наркотыкі, СНІД, зброю, цяжкія інфекцыйныя хваробы… Добра было б, каб патлумачылі, што такое гэтая так званая “саюзная дзяржава” па-лукашэнкаўску, бо, наколькі я ведаю, у прыродзе такога ўтварэньня наагул не існуе.

А яшчэ незразумела, хто прыдумаў і прымусіў нас, беларусаў, лічыць, што, напрыклад, Кіргізія, расейская выспа Сахалін, Казахстан — гэта блізкае замежжа, а вось Польшча, Літва — гэта замежжа далёкае. Хацелася б, каб “Свабода” ламала гэты абсурдны стэрэатып у галовах беларусаў”.

Менавіта такі падзел краінаў на так званае блізкае і далёкае замежжа — гэта прыдумка расейскіх палітыкаў і журналістаў, спадар Канаховіч. Тэрміны гэтыя пачалі актыўна выкарыстоўвацца з пачатку 1992 году, пасьля распаду Савецкага Саюзу. Новыя незалежныя дзяржавы крыўдавалі, калі іх называлі былымі савецкімі рэспублікамі — вось і прыдумалі такую фармулёўку — “блізкае замежжа”. У Беларусі яе па старой завядзёнцы перанялі і пачалі выкарыстоўваць гэтак жа, як і ў Расеі. Хоць зразумела, што для Беларусі блізкае замежжа — гэта пяць суседніх краін (уключна з Польшчай, Літвой і Латвіяй.) Ранейшы стэрэатып трывалы, але ён пакрысе зьнікае, разам з савецкай сьвядомасьцю і былымі сувязямі з колішнімі савецкімі рэспублікамі.

На заканчэньне кароткі ліст ад Генрыха Аўцюкевіча са Шчучынскага раёну. Слухач піша:

“У мінулым месяцы ўсіх жыхароў нашай вёскі сілай прымушалі падпісвацца на дзяржаўныя газэты. Я заўпарціўся. Сказаў: “Няхай Лукашэнка спачатку дабавіць мне пэнсіі, каб на ўсё хапала — тады падпішуся”. Так яны ад мяне і пайшлі ні з чым. У дзяржаўных газэтах праўды — кот наплакаў. Адна хлусьня ды пахвальба. А вось нядаўна мне выпадкова трапіў у рукі нумар недзяржаўнай газэты “Время”. Прачытаў яго адным махам, ад пачатку да канца. Вельмі цікава. Але выпісаць яе ці іншую газэту не магу, грошай у мяне, пэнсіянэра-інваліда, не хапае нават на самае неабходнае”.

Відавочна, спадар Аўцюкевіч, ня ўсе ў беларускіх вёсках так прынцыпова і катэгарычна паставіліся да настойлівых просьбаў падпісацца на дзяржаўныя выданьні. Падпіска на газэты, што абслугоўваюць уладу, паводле вынікаў апошняй кампаніі ўзрасла ледзь не на чвэрць. Але наўрад ці варта асабліва радавацца з гэтай нагоды гаспадарам ды выдаўцам гэтых газэт. Ня дужа шмат у людзей даверу да друкаванага слова, якое прабіваецца да чытача падобным чынам.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Іван Русак з Наваградку, Алесь Галін са Смаргоні, Сяргей Вайтулевіч з Кобрыні, Кірыл Яраш зь Менску, Іван Баранкоў з Горадні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG