Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Радыё Рокс” цалкам пераходзіць на расейскамоўны фармат вяшчаньня


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня найстарэйшая FM-станцыя, якая пачала трансьляцыю на тэрыторыі Беларусі – “Радыё Рокс”, цалкам зьмяніла фармат вяшчаньня. Цяпер эфір на тры чвэрці будуць займаць беларускія выканаўцы, як таго запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка, і на чвэрць – расейскія артысты. Кіраўніцтва радыё гэта тлумачыць тым, што межаваць паміж сабой усясьветную клясыку і беларускую эстраду, якая ёсьць копіяй расейскай, немагчыма.

Загад на 75% насычэньня FM-эфіру беларускімі (паводле паходжаньня) кампазыцыямі ужо пацягнуў за сабой шэраг наступстваў. На мінулым тыдні тры радыёстанцыі атрымалі папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі за малы адсотак “беларускасьці”; цяпер, у адпаведнасьці з тымі ж прапорцыямі на карысьць айчынных выканаўцаў, карэктуе фармат найстарэйшая рыдыёстанцыя беларускага FM-эфіру “Радыё Рокс”.

Пра гэта гаворыць кіраўнік станцыі Дзьмітрый Аўсяньнікаў:

(Аўсяньнікаў: ) “Мы вымушаныя праводзіць такую лінію. І нас да гэтага падштурхнула уключаная ў нашую канцэпцыю норма на 75% беларускай музыкі – я б так усё гэта трактаваў. Мы прагназуем, што нашая аўдыторыя колькасна не паменшыцца, але зьменіцца якасна”.

Што маецца на ўвазе ў кантэксьце “якасьці” – спадар Аўсяньнікаў не удакладняе.

Такім чынам эфір стаў цалкам расейскамоўным – ад навінаў і рэклямы да прадстаўленых выканаўцаў. Дагэтуль жа станцыя славілася як раз тым, што зьяўлялася апалягетам клясыкі усясьветнага року.

Як апавялі супрацоўнікі “Радыё Рокс”, гэтае рашэньне прымалася не калегіяльна, а было агучанае рэдакцыі пастфактум. Асобныя супрацоўнікі параўноўваюць радыкальныя зьмены з шокам: некаторыя зь іх працуюць на “Роксе” яшчэ ад пачатку “беларускага пэрыяду”, калі ў лютым 1997 году маскоўскае вяшчаньне “Радыё Рокс” атрымала цалкам беларускую прапіску. Яны кажуць, што не маглі нават уявіць гэткі расклад падзеяў.

Ужо сёньня на шэрагу інтэрнэт-сайтаў дзесяткі абураных аматараў “Радыё Рокс” вынесьлі абноўленаму радыё свой вэрдыкт: хутка сталыя слухачы “Роксу” папросту забудуцца на частату 102,1 – частату некалі любімай станцыі.

Нагадаем, што ў сярэдзіне 90-х экспэрымэнт на татальную русыфікацыю праводзіла “Радыё Бі-Эй”. Аднак, згубіўшы сур’ёзную аўдыторыю, экспэрымэнт вырашана было заўчасна згарнуць.
XS
SM
MD
LG