Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму Камітэту


Ганна Соусь, Менск Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму Камітэту. Старшыня БХК Тацяна Процька лічыць дзеяньні мінюсту “зачысткай перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Як паведаміла Радыё Свабода Тацяна Процька, міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне па выніках праверкі дзейнасьці Гомельскага і Берасьцейскага аддзяленьняў Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Мінюст палічыў парушэньнем тое, што прыём і выхад сяброў у Гомельскім аддзяленьні адбываўся з парушэньнямі Статуту БХК, а таксама тое, што на выбарчыя ўчасткі падчас леташніх выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў накіроўваліся ў якасьці назіральнікаў асобы, якія нібыта не зьяўляліся на той момант сябрамі аб’яднаньня.

Міністэрства юстыцыі таксама лічыць, што Берасьцейскае абласное аддзяленьне БХК з 1 лістапада 2003 года "фактычна не мае юрыдычнага адрасу". Гаворыць старшыня БХК Тацяна Процька.

(Процька: ) “Яны нам вынесьлі папярэджаньне менавіта за дакумэнты, за тое, што няма тых ці іншых паперак, якія яны патрабуюць у адпаведнасьці з інструкцыямі. Пячатка аддзяленьня не адпавядае форме... Справа ў тым, што паводле папяровых пытаньняў можна прычапіцца да каго хочаш. Будзем ліквідаваць заўважаныя міністэрствам парушэньні”.

У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам пры наяўнасьці на працягу году парушэньняў, за якія вынесена пісьмовае папярэджаньне, Беларускі Хэльсынскі Камітэт можа быць ліквідаваны.

Старшыня БХК Тацяна Процька лічыць палітычна матываванымі дзеяньні міністэрства юстыцыі і зьвязвае іх з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

(Процька: ) “Выказваюцца меркаваньні, што выбары адбудуцца ў 2005 годзе. Мяркуючы па такіх дзеяньнях, можна казаць, што падрыхтоўка ўжо пачалася, чыстка ідзе, я бы сказала, пасьлядоўна. Арганізацыі, якія вядуць актыўнае назіраньне, якія сочаць за дэмакратычным і законным характарам выбарчага працэсу і яго вынікам, яны ўсе цяпер падпадуць у большай ці меншай ступені пад рэпрэсіі. Пакуль мы першыя адкрылі лік у 2005 годзе”.

Летась Мінюст ужо зьвяртаўся ў Вярхоўны Суд з просьбай ліквідаваць Беларускі Хэльсынскі камітэт нібыта з прычыны “парушэньняў Канстытуцыі, Закону аб грамадзкіх арганізацыях і ўласнага статуту”. Гэтыя парушэньні адмыслоўцы Мінюсту ўбачылі ў звароце БХК да грамадзянаў краіны з заклікам “сказаць “не” рэфэрэндуму”. Аднак тады Вярхоўны суд накіраваў пазоў Мінюсту на дапрацоўку, і новы пазоў з боку міністэрства ня быў накіраваны.

Тады ж прадстаўнікі БХК казалі, што не выключаюць, што пасьля рэфэрэндуму ўлады адновяць ціск на праваабаронцаў, якія не зьбіраюцца замоўчваць парушэньні ўладаў падчас выбараў.
XS
SM
MD
LG