Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедзе А.Лукашэнка ў Асьвенцім і Кіеў?


Юры Сьвірко, Менск Старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі, які быў прызначаны ў верхнюю палату прэзыдэнцкім указам і які ачольваў ініціятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2001 году, заяўляе, што трэба прадэманстраваць нэгатыўнае стаўленьне да фашызму й “ня трэба сьпяшацца лезьці наводзіць парадак да суседа”.

Адказваючы на пытаньне, ці паедзе Аляксандар Лукашэнка на інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ўкраіны ды сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня канцлягеру Асьвенцім у Польшчы, Мікалай Чаргінец заявіў, што зь ім спадар Лукашэнка ня раіцца наконт гэтага.

Але, на думку спадара Чаргінца, Беларусі трэба ўзяць удзел у мерапрыемствах у Асьвенціме 27 студзеня, бо ўсім краінам трэба прадэманстраваць сваё стаўленьне да фашызму, а “народ мусіць быць прадстаўлены найвышэйшымі службовымі асобамі”.

Што да Ўкраіны, дык там кіраўнік міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі быў назіральнікам падчас перагаласаваньня, і цяпер выказаў думку, што “нават у Кіеве да другога туру падтрымлівалі Януковіча, але гэта быў не зусім удалы кандыдат, улічваючы ягоную судзімасьць”. Паводле спадара Чаргінца, у трэцім туры настрой народу зьмяніўся.

Камэнтуючы тое, што Аляксандар Лукашэнка пасьля другога туру павіншаваў зь перамогай Віктара Януковіча, спадар Чаргінец сказаў, што “гэта было неафіцыйнае віншаваньне”. Але ён падкрэсьліў, што афіцыйны Менск ня ўмешваўся ва ўнутраныя справы Ўкраіны, бо ня браў удзелу ў міжнародным пасярэдніцтве дзеля разьвязаньня канфлікту:

(Чаргінец: ) “Ня трэба сьпяшацца лезьці наводзіць парадак да суседа, асабліва да добрага суседа. Як сказаў Юшчанка: лепш двойчы пасварыцца з жонкай, чым адзін раз з суседам. Тым больш, мы ж не маглі даць дадатковы газ, падпісаць дамову пра пастаўку дадатковых 5 мільярдаў. Што мы маглі даць? Нас і не запрасілі. А мы й не паехалі. І слушна зрабілі”.

Былы лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка і ў Асвенцім, і ў Кіеў паехаць хоча.

(Статкевіч: ) “Лукашэнка цяпер паедзе куды заўгодна, абы запрасілі. Абы хаця б нейкім бокам аказацца побач з нармальнымі, прыстойнымі прэзыдэнтамі й гэтак далей”.

Спадар Статкевіч дадаў, што Аляксандар Лукашэнка будзе спрабаваць палагодзіць дачыненьні зь Віктарам Юшчанкам, каб не дапусьціць экспарту “аранжавай рэвалюцыі”, якому дамовіліся спрыяць прэзыдэнты Ўкраіны і Грузіі. Гэта сапраўды хвалюе афіцыйны Менск, што й пацьвердзіў Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Які курс абярэ Ўкраіна? Гэта вельмі важна. Асабліва вось гэтыя пагадненьні ў Карпатах паміж Саакашвілі ды Юшчанкам навяваюць на роздумы. Але не на панічныя развагі”.
XS
SM
MD
LG