Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая сыстэма спагнаньня ПДВ стварыла праблемы фірмам, якія працуюць з Расеяй


Міхал Стэльмак, Менск Пераход на новы падатковы мэханізм ва ўзаемным гандлі, які прадугледжвае з 1 студзеня спагнаньне падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня, пагражае разладам беларуска-расейскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Новы падатковы мэханізм у дачыненьнях паміж беларускімі і расейскімі суб’ектамі гаспадараньня спарадзіў шмат праблемаў. З улікам спагнаньня падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня ранейшыя гаспадарчыя сувязі пачалі здавацца нявыгаднымі. Вось, напрыклад, што паведаміла мне на гэты конт кіраўніца эканамічнай службы Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня Людміла Сакалоўская:

(Сакалоўская: ) “Міжурадавае пагадненьне заключанае, але, на жаль, няма выпрацаванага мэханізму: як нам працаваць з Расеяй. Напрыклад, мы 80% прадукцыі пастаўляем у Расейскую Фэдэрацыю. А паколькі мы не манапалісты, то я ня ўпэўнена, што той жа АўтаВАЗ, Заволскі маторны завод ці КамАЗ будуць у нас браць прадукцыю, калі яна будзе даражэйшая, чым у іншых пастаўшчыкоў. Так мы можам згубіць рынак. Мы ў пятніцу мусілі прыняць апэратыўнае рашэньне, бо нам прапанавалі эмальдрот па павышанай на 18% цане. Тады мы зьвярнуліся на другое прадпрыемства, якое вырашыла паставіць нам прадукцыю без павелічэньня цаны, па нулявой стаўцы. Я ведаю, што гэтымі пытаньнямі займаецца ўрад. Магчыма, да нас мэтадычныя рэкамэндацыі не дайшлі. Тут мноства пытаньняў”.

Між тым, на ўрадавым узроўні таксама ня знойдзена ўнівэрсальнага рашэньня. Як лічаць назіральнікі, урадавая камісія ў пытаньнях спагнаньня падатку на даданую вартасьць на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым пераклала адказнасьць за вырашэньне эканамічных цяжкасьцяў на плечы аналягічных камісіяў, што створаныя пры органах дзяржаўнага кіраваньня ніжэйшага ўзроўню.

Гэткая ж разгубленасьць пануе цяпер і ў асяродзьдзі расейскіх суб’ектаў гаспадараньня, якія супрацоўнічаюць зь Беларусьсю. Напрыклад, пецярбурская фірма “Беларусь-МТЗ” займаецца рэалізацыяй ў Паўночна-Заходнім рэгіёне гэтай краіны беларускіх трактараў і дарожнай тэхнікі. Аднак пасьля зьмены міждзяржаўнага падатковага мэханізму, як паведаміла мне намесьніца кіраўніка прадпрыемства Тацяна Букіна, пэрспэктыва далейшага супрацоўніцтва “Беларусь-МТЗ” зь беларускімі партнэрамі досыць цьмяная.

(Букіна: ) “Паколькі падатак на даданую вартасьць цяпер і Беларусі, і Расеі трэба плаціць гэтак жа, нібыта яны замежныя дзяржавы, то гэта прывядзе да скарачэньня таварных патокаў. Таму што расейскія імпарцёры мусяць плаціць гэты падатак пры ўвозе тавараў. Гэта выклікае пэўныя выдаткі, і ў нас няма ўпэўненасьці, што беларускія пастаўшчыкі зьменшаць на 18% кошт тавару, які яны будуць адпраўляць у Расею”, — зазначыла спадарыня Букіна, намесьніца кіраўніка расейскай фірмы “Беларусь-МТЗ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG