Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маладым фронтам” будуць кіраваць два сустаршыні


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску прайшла другая сэсія сойму “Маладога фронту”. Дэлегаты абралі новае кіраўніцтва. Цяпер “Маладым фронтам” будуць кіраваць два сустаршыні — Сяргей Бахун і Зьміцер Дашкевіч. Новыя лідэры гавораць, што галоўная задача іхнай арганізацыі — хуткая зьмена цяперашняй улады.

Адміністрацыі ўсіх менскіх будынкаў, да якіх зьвярталіся маладафронтаўцы, адмовілі ім у арэндзе залі. Таму дэлегаты праводзілі сходы ў рэгіёнах, вызначалі сваіх кандыдатаў на пасаду старшыні, складалі адпаведныя пратаколы, пасьля чаго даслалі ў Менск на сход 48 сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў.

Пасьля першай сэсіі сойму, якая праходзіла ў Менску 23 траўня і была сарваная з прычыны сутычак паміж прыхільнікамі двух кандыдатаў на старшыню — Сяргея Бахуна і Зьмітра Дашкевіча — маладафронтаўцы дасягнулі кампрамісу. Абодва кандыдаты сталі сустаршынямі “Маладога фронту”. Былы старшыня “Маладога фронту” Павал Севярынец так прэзэнтаваў новых кіраўнікоў арганізацыі:

(Севярынец: ) “Гэта сапраўды ўзаемадапаўняльная сыстэма. Адзін з сустаршыняў Сяржук Бахун адказны за пазытыўныя кампаніі — за мабілізацыю, за міжнародную дзейнасьць і спорт. Зьміцер Дашкевіч — за вулічныя акцыі, кампанію супраціву і культурніцкія праекты. Мы лічым, што беларуская “аксамітная” рэвалюцыя дзьвюма хвалямі, дзьвюма лініямі фронту. Першая зь іх, гэта актывізацыя моладзі, мабілізацыя яе да палітычнай актыўнасьці і да выхаду на вуліцы. І другая, гэта кампанія супраціву, якая павінна, уласна кажучы, зьмяніць гэты рэжым”.

Спадар Севярынец гаворыць, што вырашыў саступіць месца старшыні новым лідэрам добраахвотна. Сам Павал цяпер будзе займацца працай у апазыцыйнай кааліцыі й стварэньнем Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі.

Сяргей Бахун лічыць, што ён і Зьміцер Дашкевіч прадэманстравалі іншым апазыцыянэрам прыклад адзінства:

(Бахун: ) “Мы з маім калегам Зьмітром Дашкевічам вырашылі паказаць прыклад усёй апазыцыі, усяму дэмакратычнаму грамадзтву — як трэба аб’ядноўвацца. У нас свае праграмы, мэта ў нас адна, і мы паказваем, як трэба аб’ядноўвацца”.

Зь ім згодны й Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Мы аб’ядналіся, і нам насамрэч няма чаго дзяліць у “Маладым фронце”. У нас вельмі шмат плянаў. Беларуская моладзь падчас кампаніяў рэфэрэндуму і выбараў даказала, што яна ёсьць асноўнаю магутнаю сілаю, адзінаю, якая ў стане зьмяніць гэты рэжым”.

Новыя лідэры “Маладога фронту” гавораць, што галоўнай задачай іх арганізацыі ёсьць падрыхтоўка ў Беларусі мірнай рэвалюцыі. А колерам гэтай рэвалюцыі, на іх думку, павінны стаць колеры сьцягу Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG