Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя пачала вылучэньне прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году


Валер Каліноўскі, Менск Аб’яднаная апазыцыя па часе зьбіраецца высьветліць, хто ў яе шэрагах мае амбіцыі на тое, каб стаць адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. Пра мэханізмы апазыцыйных “праймэрыз” паведамляе наш карэспандэнт.

Першай зь “Пяцёркі+” вызначылася Аб’яднаная грамадзянская партыя, палітычная рада якой прапанавала свайму Нацыянальнаму камітэту і зьезду разгледзець кандыдатуру лідэра партыі Анатоля Лябедзькі. Аднак гэта не выключае, што Нацыянальны камітэт і зьезд партыі ня будуць разглядаць іншых кандыдатураў, паведаміў А.Лябедзька. Але ад АГП на апазыцыйных “праймэрыз” будзе толькі адзін прадстаўнік, як і ад іншых партыяў. Паседжаньне Нацыянальнага камітэту і зьезду АГП з гэтай нагоды пройдзе 6 лютага.

Кааліцыя “Пяцёрка+” у рамках сваіх партыйных арганізацыяў будзе вызначацца з прэтэндэнтамі ў кандыдаты за тры этапы да канца лютага гэтага году. Заплянаваныя таксама сходы дэмакратычнай грамадзкасьці з мэтай вылучэньня адзінага кандыдата ва ўсіх абласьцях і Менску. Як паведаміў лідэр ПКБ Сяргей Калякін, пастаўленая мэта разгледзець максымальную лічбу патэнцыйных кандыдатаў. “Пяцёрка+” рыхтуецца да двух варыянтаў вызначэньня адзінага кандыдата, паведаміў спадар Калякін: калі выбары будуць прызначаныя на гэты год, то адзіны кандыдат ад апазыцыі будзе названы ў травені, калі ж выбары, як і мяркуецца, пройдуць ў 2006 годзе, то адзіны кандыдат будзе вызначаны да кастрычніка.

Чым адрозьніваецца цяперашняя кампанія вылучэньня адзінага кандыдата ад аналягічных мэханізмаў 2001 году, і хто ўжо заявіў пра свае амбіцыі?

Прыкладны сьпіс прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазыцыі складае каля 40 чалавек. Тое, што ўсе гэтыя людзі ўключацца ў прэзыдэнцкую гонку, малаверагодна, бо выбарчая кампанія ва ўмовах Беларусі — нялёгкае выпрабаваньне. Рэальныя магчымасьці арганізаваць свой удзел у выбарчым працэсе маюць пяць-сем патэнцыйных кандыдатураў, мяркуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Адрозна ад кампаніі 2001 году, калі апазыцыяй рабілася стаўка на пазапартыйных кандыдатаў, цяперашнія апазыцыйныя “праймэрыз” выявяць канкурэнцыю менавіта сярод партыйцаў, прычым, зь вялікай ступеньню верагоднасьці — сярод лідэраў апазыцыйных партыяў. Ужо заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і першы сакратар ПКБ Сяргей Калякін. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Так, ёсьць жаданьне ўдзельнічаць у працэсе выхаду на адзінага кандыдата. Для нас я лічу гэта абсалютна лягічным. Амаль тры гады, як ідзе працэс кансалідацыі і аб’яднаньня ў дэмакратычным асяродку, і мы былі аднымі з галоўных ініцыятараў гэтага працэсу. А выхад на адзінага кандыдата — гэта ёсьць ні што іншае, як працэс далейшага аб’яднаньня апанэнтаў беларускага рэжыму”.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што да працэсу вылучэньня адзінага кандыдата павінна быць вялікая цікавасьць у грамадзтве. На думку лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, адной з найважнейшых задачаў будучай кампаніі для апазыцыі зьяўляецца барацьба за зьмяненьне правілаў выбарчага працэсу:

(Калякін: ) “Ідучы на чарговыя выбары, мы ўлічваем, што ў нашай краіне, на жаль, закон не выконваецца, і права кожнага грамадзяніна абіраць і быць абраным фактычна адабранае, узурпаванае выканаўчай уладай. Але гэта ўсё ў руках людзей, калі яны захочуць, каб іх голас улічваўся, яны прымусяць улады сябе паважаць”.

З тых партыяў, якія не ўваходзяць у “Пяцёрку”, сваіх кандыдатаў прапанавалі ЛДПБ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, якая на апошнім Сойме заявіла, што “наступныя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца пад міжнародным пратэктаратам без удзелу Лукашэнкі ды іншых фальсыфікатараў, і што менавіта Зянон Пазьняк зьяўляецца беларускім кандыдатам на прэзыдэнцтва” ад плятформы народнага яднаньня “Беларуская салідарнасьць”. ЛДПБ ж вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты свайго лідэра Сяргея Гайдукевіча яшчэ летась. Цяпер ён заявіў, што гатовы нават быць адзіным кандыдатам ад апазыцыі і супрацьстаяць А.Лукашэнку:

(Гайдукевіч: ) “Я буду змагацца за прэзыдэнцкую пасаду, я вельмі вядомы чалавек на ўсёй тэрыторыі Беларусі”.

Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заяўлялі й пазапартыйныя дзеячы: Пятро Краўчанка, Андрэй Клімаў, ня выключаны ўдзел у выбарах Уладзімера Коласа і Натальлі Машэравай ды іншых вядомых асобаў.
XS
SM
MD
LG