Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ці адчулі вы эканамічны рост, які паводле афіцыйнай статыстыкі склаў летась 11%?"


Галіна Абакунчык, Менск Ці адпавядае афіцыйная статыстыка рэальнаму жыцьцю? Паводле зьвестак дзяржаўных мэдыяў, у мінулым годзе ў Беларусі адзначаны эканамічны рост. Ці адчулі вы на сваім дабрабыце, што эканамічны рост у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, склаў летась больш як 11%?

(Карэспандэнтка: ) “Паводле афіцыйнай статыстыкі, эканамічны рост у краіне за мінулы год склаў 11%. Ці адчуваеце вы паляпшэньне вашага асабістага дабрабыту?”

(Спадар: ) “Так, ёсьць такое. На прыватнай запраўцы працую, і ў нас заробак большы стаў”.

(Юначка: ) “Калі параўноўваць з краінамі Захаду, то мы, канечне, мала што яшчэ можам сабе дазволіць. Але ў сэнсе правесьці свой вольны час — грошай хапае, у прынцыпе”.

(Спадар: ) “Абсалютна не адчуваецца. Больш за тое, я сказаў бы, што ёсьць зьніжэньне эканамічнага росту, калі меркаваць хаця б з таго, што ў нас практычна адсутнічае дробны прыватны сэктар. Рост, можа, які-небудзь і ёсьць паводле лічбаў, але ў рэальным жыцьці гэтага не адчуваецца”.

(Юначка: ) “Заробак у мінулым годзе павялічваўся, толькі ў гэтым і адчуваліся зьмены, але больш ні ў чым”.

(Спадар: ) “Ці адчуваю я паляпшэньне эканамічнага становішча ў сваім жыцьці? Амаль не адчуваю гэтага паляпшэньня. Я працую ў бюджэтнай сфэры, і хоць шмат гаварылася пра падвышэньне заробку, але ўсё гэта было кампэнсаванае ростам цэнаў. А тое, што нам паведамляецца зь дзяржаўных мас-мэдыяў, моцна перабольшана”.

(Спадарыня: ) “Не, не адчуваю. У нашай сям’і нічога не зьмянілася да лепшага ў пляне падвышэньня эканамічнага дабрабыту”.

(Спадар: ) “У маім жыцьці нічога да лепшага не зьмянілася”.

(Юначка: ) “Не, магу сказаць, што так. Я да таго ж яшчэ і вучуся на платнай форме, і пасьля таго, як увялі падатак, я мушу яшчэ больш за сваю вышэйшую адукацыю заплаціць”.

(Юнак: ) “Ведаеце, не. Ніякага эканамічнага пад’ёму я не адчуваю. Стыпэндыю я атрымліваю малую, і каб не мае сваякі, то я ў Менску не пратрымаўся б”.

(Спадар: ) “Не адчуваю ніякага росту, наадварот — стала цяжэй жыць. Вось я прадпрымальнік, маю харчовую краму. Дык яшчэ мінулы год за дзень па 30 кіляграмаў каўбасы зрэалізоўвалася, а цяпер добра б, каб за пару дзён хоць 10 кіляграмаў прадаць. Прычым людзі набываюць найтаньнейшыя прадукты — значыць, бяднеюць. І байкі ўсё гэта, што людзі 700–800 тысяч атрымліваюць. У асноўным людзі маюць 300–400 тысяч заробкі. А заплаці за кватэру сто тысяч, накармі, апрані і абуй дзяцей. Па тэлевізары яно, канечне, усё добра і прыгожа, а ў сапраўднасьці? Не адчуваю я нікага пад’ёму, цяжка, вельмі цяжка”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што статыстыка, якая праводзіцца ў вярхах, яна ніяк не адпавядае рэальнаму жыцьцю, рэальнаму эканамічнаму становішчу ў краіне. Вось гэта ў сваім жыцьці я і адчуваю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG