Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі будуць новыя правілы дарожнага руху?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Праект новых правілаў дарожнага руху падрыхтаваны ў ДАІ і перададзены ва ўрад краіны. Каб праект уступіў ў дзеяньне, акрамя ўраду яго мусіць падпісаць таксама Аляксандр Лукашэнка. Што гэта за зьмены ў правілы дарожнага руху, якія прапанаваныя кіраўніку дзяржавы?

Нагадаю, з чаго пачалася чарговая кампанія зьменаў правілаў дарожнага руху. Летась у лістападзе, падчас выступу ў Нацыянальным сходзе Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на ўведзеныя год таму новыя правілы дарожнага руху і, у прыватнасьці, на абавязковую норму зь 1 лістапада да 31 сакавіка езьдзіць толькі з ўключаным сьвятлом. “Cонца сьвеціць, а яны едуць з уключанымі фарамі!” – абураўся Лукашэнка тым, што ўбачыў па дарозе на працу. Лукашэнка загадаў тэрмінова адмяніць абавязковае ўключэньне фараў і ўвогуле перагледзець правілы з улікам прапановаў грамадзянаў.

Загад Лукашэнкі ДАІ выканала ўжо празь некалькі дзён і запрасіла ўсіх жадаючых дасылаць свае прапановы. Першыя водгукі сьведчылі, што прыхільнікаў абавязковага ўключэньня сьвятла ў асеньне-зімовы пэрыяд значна больш, чым праціўнікаў гэтага правіла. У ДАІ гэта прызнавалі, але ў праекце новых правілаў, якія днямі даслалі ва ўрад, гэта чамусьці не адлюстравана. Вось што сказаў пра новы парадак уключэньня фараў міністр ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў:

(Навумаў: ) “Грамадзянін арыентуецца паводле ўмоваў вакол яго – паводле надвор’я, асьвятленьня – і сам прымае рашэньне, як яму ехаць, з уключаным сьвятлом ці не”.

Міністар Уладзімір Навумаў прызнаў, што пры падрыхтоўцы праекта новых правілаў арыентаваліся найперш на загад Аляксандра Лукашэнкі.

Між тым незалежныя адмыслоўцы лічаць гэты загад памылковым. Алег Маркевіч, старшыня грамадзкай арганізацыі “Асацыяцыя уладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту” нагадвае, што правіла абавязковага ўключэньня сьвятла ў асеньне-зімовы пэрыяд дзейнічае ва ўсіх краінах паўночнай Эўропы і дапамагае значна зьнізіць аварыйнасьць. Алег Маркевіч спасылаецца і на афіцыйныя дадзеныя беларускага ДАІ, паводле якіх за год дзеяньня гэтага правіла колькасьць няшчасных выпадкаў на дарогах Беларусі зьнізілася больш як на 10 адсоткаў.

(Маркевіч: ) “Чаму адзін чалавек адным росчыркам пяра зьнішчыў гэты элемэнт нашай бясьпекі?! У нас дэмаграфічны абвал, людзей больш памірае, чым нараджаецца, і такія дзеяньні гэтаму спрыяюць”.

Алег Маркевіч нагадаў, што да лістападу мінулага года ў ДАІ Беларусі ўсяляк падтрымлівалі абавязковае уключэньне сьвятла, і раптам перадумалі.

Якія яшчэ зьмены прапануюцца ў існуючыя правілы? У прыватнасьці, зьбіраюцца ўвесьці новыя элемэнты дарожнай разьметкі, абмежаваць колькасьць абавязковых дакумэнтаў для кіроўцы аўтамабіля на газавым паліве, частцы інвалідаў трэцяй групы дазволяць спыняцца там, дзе цяпер маюць права спыняцца толькі інваліды першай і другой групаў.

Але, нагадаю, праект яшчэ патрабуе зацьверджаньня Аляксандрам Лукашэнкам і ўрадам. У міліцыі кажуць і пра тое, што новыя правілы трэба будзе тэрмінова ўзгадніць з Адміністрацыйным кодэксам. Каб не атрымалася, як зараз, калі, прыкладам, правілы забараняюць за рулём размаўляць па мабільным тэлефоне, але кодэкс пакараньня за гэта не прадугледжвае.
XS
SM
MD
LG