Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі непасрэдна з майстэрняў карцінаў прадаецца значна болей, чым праз галерэі


Галіна Жарко, Менск У сталіцы Беларусі засталося няшмат мастацкіх галерэяў, дзе можна набыць выстаўленыя на агляд карціны вядомых мастакоў і скарыстацца парадамі мастацтвазнаўцы. Адна з найбольш слынных карцінных галерэяў, “Верхні горад”, якая знаходзіцца ў цэнтры і заўсёды прываблівала аматараў мастацтва, напачатку году таксама апынулася пад пагрозаю закрыцьця.

Цяпер набываць карціны ў галерэі “Верхні горад”, на жаль, нельга. Зараз адбываецца перарэгістрацыя. Адміністрацыя галерэі спадзяецца, што патрэбныя дакумэнты будуць усё ж аформленыя. Аптымізму дадае, што пытаньне з арэндаю памяшканьня вырашылася станоўча. Галерэя “Верхні горад” арэндуе памяшканьне ў Саюза кампазытараў, які й сам знаходзіцца на арандаваных плошчах. Таму напачатку году лёс галерэі быў няпэўны.

Калі можна будзе гандляваць карцінамі, заробленыя грошы – а гэта 30% ад продажу карцін – пойдуць на аплату арэнды. А на тое, каб зрабіць рамонт, які ўжо даўно неабходны ў памяшканьні, грошай ня хопіць. Мастацкі кіраўнік галерэі кажа, што адно шчасьце, калі захопленыя мастацтвам замежныя наведнікі проста ня бачаць столі ў страшных брудных плямах.

Замежнікаў уражвае ня толькі ўзровень мастацтва, але й кошты карцін – яны вельмі танныя, на іхнюю думку.

А як часта набываюць мастацкія творы жыхары Беларусі? Паводле спэцыялістаў, усяго толькі 5% насельнікаў сьвету купляе творы мастацтва. А ўнёсак беларусаў у гэтую статыстыку – надзвычай сьціплы. Вось што кажа мастацкі кіраўнік галерэі “Верхні горад” Вольга Ерэська:

(Ерэська:) “Прадаць мастацтва вельмі складана. Так, працы ў цяперашні момант цяжка прадаюцца. Але ў кожнага мастака ёсьць магчымасьць прадаць. Незалежна нават ад абставінаў. Мастацкі ўзровень у Беларусі вельмі высокі”.

Арт-рынак у Беларусі існуе ў шэрай зоне. Патэнцыйныя пакупнікі наўпрост дамаўляюцца з мастаком. З майстэрняў прадаецца значна болей, чым праз галерэі.

Наконт коштаў на карціны спадарыня Вольга сказала, што называць канкрэтныя лічбы некарэктна. Знайсьці грашовы эквівалент твору мастацтва, асабліва наватарскаму, а тым больш пры адсутнасьці адладжанага мэханізму арт-рынку, даволі складана. І ўсё ж у кошце карціны адным з галоўным фактараў зьяўляецца імя мастака. Зрэшты існуе просты сабекошт – гэта затраты на рамы, падрамнікі, фарбы, палатно... Творцы, што выстаўляюцца ў галерэях, не апускаюцца да таго, каб карыстацца таннымі фарбамі.

Як ня дзіўна, але на суму ад 200 да 500 даляраў можна набыць прыстойны твор ня толькі маладога мастака, але й клясыка.

Уражвае тое, што прыблізна гэткія ж кошты й на вулічным мастацкім кірмашы, дзе гандлююць карцінамі на патрэбы людзей незаангажаваных у мастацтве. Справа ў тым, што, выбіраючы карціну, чалавек кіруецца сваім эмацыянальна-пачуцьцёвым аналізам. Як кажа спадарыня Ерэська:

(Ерэська: ) “Мы часам зьдзіўляемся, што ў вулічных мастакоў добра купляюць. Ня трэба крыўдзіцца і зьдзіўляцца. Кожны чалавек вельмі індывідуальны. Гэта залежыць у першую чаргу ад адукацыі. Мы ня толькі ставім задачу дапамагаць мастаку прадаваць жывапіс, а ў нас яшчэ асьветная роля. Да нас ходзяць і студэнты і школьнікі, моладзь”.

Як ні банальна гэта гучыць, але галерэі спрыяюць выхаваньню густу. Дык дзеля разьвіцьця арт-рынку было б вельмі карысна, каб галерэяў было як мага болей. Але дастаткова шмат прыватных галерэяў у апошні час пазачынялася. Мастацкі кіраўнік галерэі “Верхні горад”, праўда, не губляе аптымізму, а надзеі на актывізацыю рынку твораў мастацтва зьвязвае з моладзьдзю. Паводле яе назіраньняў, цяперашняя моладзь, якая бывае за мяжою й наведвае славутыя галерэі, вельмі добра ўспрымае мастацтва. Асабліва гэта тычыцца тэхнічнае інтэлігенцыі.
XS
SM
MD
LG