Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выданьне беларускіх слоўнікаў у дзяржавы няма грошай


Іна Студзінская, Менск Лінгвісты з жалем канстатуюць: Беларусь адстала ў справе выданьня слоўнікаў нават ад былых савецкіх рэспублік. Ёсьць, да прыкладу, грунтоўныя азэрбайджанска-нямецкі і азэрбайджанска-ангельскі слоўнікі, узбэцка-нямецкі і ўзбэцка-ангельскі. У невялікай Літве выдаюцца самыя экзатычныя слоўнікі, кшталту літоўска-самалійскага. Ці зьявяцца калі-небудзь у дастатковым асартымэнце і колькасьці беларуска-замежныя слоўнікі?

Самае дзіўнае, што слоўнікі, прычым самыя розныя, складаюцца ў Беларусі вельмі інтэнсіўна і хутка, прычым на голым энтузіязьме. Бо ня можа сабе дазволіць беларускі лексыкограф, як некалі Уладзімер Даль, пасяліцца на некалькі гадоў у аддаленым маёнтку і працаваць над слоўнікам – з голаду памрэ. Таму робяцца слоўнікі часьцей за ўсё ў вольны ад асноўнай працы час.

Нядаўна выйшаў салідны польска-беларускі слоўнік (гэта шчасьлівае выключэньне) – падрыхтаваны ён у Інстытуце мовазнаўства згодна з плянам, складальнікі атрымлівалі заробак падчас працы, выдадзены слоўнік на дзяржаўную датацыю. Блізіцца да завяршэньня праца над вялікім француска-беларускім і беларуска-францускім слоўнікам – рыхтуюцца абодва ў Лінгвістычным унівэрсытэце, зараз у стадыі рэдагаваньня.

Ну а найбольш драматычны лёс у беларуска-нямецкага слоўніка. Цалкам падрыхтаваны ён 5 гадоў таму. Распавядае складальнік беларуска-нямецкага слоўніка, дацэнт Лінгвістычнага унівэрсытэту Мікалай Кур’янка:

(Кур’янка: ) “Гэты слоўнік ужо 5 гадоў ляжыць у выдавецтве “Тэхналёгія”. Спадар Санько мяне ўжо “марынуе-соліць” 5 гадоў! Усё шукае фундатара, хто яму дасьць грошы. Падрыхтаваны таксама нямецка-беларускі слоўнік. Я абхадзіў усе нашы выдавецтвы: і ў “Асьвеце” быў, і ў “Вышэйшай школе”, і ў “Мэтадычнай кнізе”: “Так, гэта ўсё цікава, але няма за што выпускаць, не хапае грошай”. Я ўжо замарыўся, ня ведаю, каму верыць, каму ня верыць. Ужо нейкі пэсымізм”.

Але ж 5 гадоў чаканьня – недаравальна доўга. Слоўнік жа старэе, мова разьвіваецца, і спадар Кур’янка вельмі перажывае. Самае дзіўнае, што, нягледзячы на пэсымізм, ён рукі ня склаў і працуе над даволі экзатычным слоўнікам, аналягу якога яшчэ няма.

Умоўная назва слоўніка – “Кантэкстныя значэньні выклічнікаў у нямецкай і беларускіх мовах”. Распавядае Мікалай Кур’янка:

(Кур’янка: ) “Як калышуць дзіця? Мы кажам: “а-а” і “баю-бай”, а ў немцаў – іншае значэньне. І іншая канфігурацыя інтанацыі. Я знайшоў такіх нямецкіх больш за 310 адзіначак. А што тычыцца беларускіх выклічнікаў, спасылаючыся на тлумачальны слоўнік, крышку больш за 100 я знайшоў. Але мы папаўняем. Цяпер трэба ўсё гэта неяк скампанаваць. Вось над гэтым я зараз і ламаю галаву. Але першую частку, я думаю, у нас ва ўнівэрсытэце выпусьцім ў гэтым годзе”.

А перакладчык Зьміцер Колас, да прыкладу, 10 гадоў ужо складае даволі экзатычны тэрміналягічны слоўнік – біялягічны француска-лацінска-беларускі.

(Колас: ) “Гэта як хобі ў мяне. Праца вялікая. Тэрміналёгія невычарпальная: колькі назваў расьлінаў, жывёлаў, жучкоў, павучкоў! Калі я пачынаў, я сам не ўяўляў, куды я ўлажу. Я заўважыў, што ў тых дзьвюхмоўных слоўніках француска-расейскіх ёсьць шмат недакладнасьцяў з назвамі расьлінаў, жывёлаў. Цяпер я спрабую зрабіць амаль бездакорны француска-беларускі слоўнік. Хаця і тут, прызнаюся, ёсьць свае пытаньні…

(Карэспандэнтка: ) “Вы – біёляг? Можа, у вас біялягічная адукацыя ёсьць, ці гэта хобі?”

(Колас: ) “Напэўна, проста прозьвішча прымушае…”

Зьміцер Колас і Лявон Баршчэўскі дзеля фацэту хочуць падрыхтаваць беларуска-суахільскі слоўнік, выдаць яго за свой кошт і зладзіць шыкоўную прэзэнтацыю з запрашэньнем замежных дыпляматаў. Каб дзяржаўным чыноўнікам сорамна было. Хочацца верыць, што з такім энтузіястамі з пачуцьцём гумару прарвемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG