Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак на сабакаў у Круглянскім раёне Магілёўшчыны


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Круглянскім сельскім раёне, што на Магілёўшчыне, уведзены мясцовы збор на дваравых сабакаў. Гэтае рашэньне, якое выклікала зьдзіўленьне людзей, прыняў Круглянскі раённы савет. Чым кіраваліся ўлады і якое меркаваньне на гэты конт маюць круглянцы?

У Круглянскім раённым савеце мне растлумачылі, што першая прычына ўвядзеньня збору – гэта бадзячыя сабакі. Два разы на год, патлумачыў старшыня савету Аляксандар Рылькоў, яны зьбіваюцца ў зграі, якія пужаюць людзей. Каб іх адлавіць і прыбраць з вуліцаў, выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі, якіх не стае. Іх павінны даць, паводле ўладаў, уладальнікі дваравых сабакаў.

Увогуле ў Круглянскім раёне больш за 4 тысячы двароў, і бадай што ў кожным ёсьць сабака. Таксама новым падаткам абкладаюцца сабакі, якія трымаюцца дзеля аховы нейкіх аб’ектаў. Выключэньне складаюць толькі сабакі-павадыры, а таксама пэнсіянэрам дазваляецца мець аднаго сабаку ў двары бясплатна.

Увогуле, новы збор прынясе ў бюджэт прыкладна 50 мільёнаў рублёў. Старшыня райсавету Аляксандар Рылькоў лічыць яго справядлівым і патрэбным.

(Рылькоў: ) “Няма бюджэтных сродкаў, разумееце? Іх няма ні на добраўпарадкаваньне, ні на рамонт калодзежаў, ні на агароджу і прыбіраньне могілак. Няма сёньня бюджэтных сродкаў. Калі б яны былі, то мы на такі крок не ішлі б”.

Як жыхары Круглянскага раёну паставіліся да ўвядзеньня гэтага падатку? У райсавеце на гэтае пытаньне дыпляматычна адказваюць, што ставяцца па-рознаму: адны пагаджаюцца плаціць, а іншыя скардзяцца, што пры цяперашнім жыцьці ім складана заплаціць 12 тысяч рублёў.

А вось што гаворыць на гэты конт дэпутатка Круглянскага райсавету ад АГП Зінаіда Мялешчанка:

(Мялешчанка: ) “Хто сьмяецца, хто злуецца. Хто як, але большасьць кажа: “Ну дажыліся!” Неяк у людзей такое стаўленьне… я нават не сказала б, што нэгатыўнае, а нейкае сатырычнае. Яшчэ засталося толькі, як у старажытным Рыме, прызначыць падатак на прыбіральні”.

Мялешчанка кажа, што для шараговых дэпутатаў пытаньне пра збор на дваравых сабакаў было нечаканасьцю, і асабіста спадарыня Зінаіда палічыла гэта за жарт. Цяпер дэпутатка катэгарычна выказвае нэгатыўнае стаўленьне да новага збору і кажа, што сама яна на 12 тысяч лепш набудзе харчы для свайго дваровага сабакі.

(Мялешчанка: ) “Сабака для чалавека – гэта як ахова, як папярэджаньне. Гэта пагоршыць увогуле сацыяльную абстаноўку ў раёне, выкліча нэгатыўнае стаўленьне да ўлады, якая існуе”.
XS
SM
MD
LG