Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік пінскай вэртыкалі Васіль Шуст у адстаўку не зьбіраецца


Алег Супрунюк, Пінск 17 студзеня спаўняецца дзесяць гадоў з таго часу, як старшынёй Пінскага гарвыканкаму быў прызначаны Васіль Шуст. Акрамя яго на Берасьцейшчыне не засталося ніводнага кіраўніка мясцовай вэртыкалі, які б знаходзіўся на пасадзе цягам такога тэрмiну. Ці ёсьць нейкі сакрэт “доўгажыхарства” ў галоўнага пінскага чыноўніка?

Па-першае, я хацеў бы адзначыць, што на пасаду старшыні гарвыканкаму спадар Шуст быў прызначаны ў 1995-м годзе насуперак рашэньню Пінскага гарадзкога савету. Большасьцю галасоў дэпутаты тады адхілілі кандыдатуру новага кіраўніка вэртыкалі, які дагэтуль узначальваў пінскі аўтобусны парк. Аднак, не атрымаўшы згоды дэпутатаў, берасьцейскiя абласныя ўлады ўсё роўна прызначылі Васіля Шуста старшынёй гарвыканкаму.

За гэтыя дзесяць гадоў на Берасьцейшчыне зьмянілася тры старшыні аблвыканкаму, неаднойчы – кіраўнікі выканаўчай вэртыкалі ў іншых раёнах і гарадох вобласьці, але ў Пінску гэтую пасаду па-ранейшаму займае Васiль Шуст.

Ці азначае гэта, што спадар Шуст карыстаецца павагай у пінчукоў і што ўвогуле гэта аўтарытэтная для жыхароў гораду асоба? Наўрад ці варта рабіць такую выснову. Пра гэта сьведчаць і апошнія падзеі: напярэдадні Новага году болей за 5 тысячаў чалавек падпісаліся пад зваротам у абарону прыватнага тэлеканалу “Варяг”, у якога ўзьніклі праблемы ў адносінах з гарадзкімі ўладамі. Дык вось, пінчукі, якія ставілі свае подпісы, казалі, што робяць гэта ў тым лiку і супраць цяперашняга кіраўнiка гарвыканкаму. Варта нагадаць, што падчас акцыяў мясцовай апазыцыі лёзунг “адправіць Васіля Шуста ў адстаўку” таксама сустракаецца вельмі часта.

Дарэчы, ад жыхароў Пінску можна пачуць і пра магчымае дачыненьне спадара Шуста да паліўнага бізнэсу ў горадзе і пра тое, што старшыня гарвыканкаму мае шыкоўны катэдж. Але падчас рэгулярных праверак кантралёраў і супрацоўнікаў пракуратуры такія зьвесткі быццам бы не пацьвердзіліся. Што да ўласнага адчуваньня сваёй незаменнасьці на пасадзе кіраўніка выканаўчай вэртыкалі, дык, гледзячы па ўсім, Васіль Шуст ня вельмі засмучаны з таго, што дзесяць гадоў знаходзіцца на пасадзе, на якую яго ніхто не абіраў.
XS
SM
MD
LG