Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве прайшло традыцыйнае “Беларускае калядаваньне” – гэтым разам з удзелам гурту “Палац”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Беларускае калядаваньне” у Варшаве адбылося ўжо пяты раз і ладзіць яго, нярэдка пры дапамозе іншых арганізацыяў, грамадзкая арганізацыя Інстытут беларускай культуры.

Традыцыйна імпрэза адбываецца ў прэстыжным варшаўскім клюбе “Апэтыт архітэктара”, і пачынаецца з кароткага аповеду пра традыцыю беларускіх калядак, потым прысутныя маюць магчымасьць пабачыць на свае вочы, як ладзіцца гэтае калядаваньне.

Гасьцей чакаў таксама выступ галоўных гасьцей сёлетняга беларускага калядаваньня – менскага гурту “Палац”. Лідэр “Палацу” Алег Хаменка быў узрушаны прыёмам варшаўскай публікі. Вось што ён сказаў нашаму радыё:

(Хаменка: ) “Нас добра ведаюць у Польшчы, Нямеччыне, Францыі, Літве, але найбольш мы папулярныя, канечне, у Беларусі. На жаль, цяпер такі час, што мы выступаем у вельмі сьціплых залях. Час такі, што калі ты не займаесься палітыкай, то палітыка зоймецца табой!”

Яшчэ ў часе імпрэзы можна было пакаштаваць сапраўдных беларускіх дранікаў, салёных агуркоў, канапкі са шмальцам.

Увогуле, імпрэза ўражвала сваім размахам, калі браць пад увагу тое, што рабілася яна выключна на грамадзкіх пачатках. Як сказаў Радыё Свабода старшыня Інстытуту беларускай культуры Вольга Мазярска, імпрэзы гэтай арганізацыі маюць ня толькі культурны, але й палітычны характар:

(Мазярска: ) “Цяпер, асабліва пасьля ўкраінскіх падзеяў, мы мусім выкарыстоўваць любую нагоду, каб нагадваць пра Беларусь, пра тое, што нельга там пакінуць усё вось так, на свой лёс. Уся дзейнасьць нашага інстытуту накіраваная на тое, каб як найбольш у сьвеце чулі пра Беларусь. Палякі чуюць, што ёсьць добрыя гурты, якія могуць выступаць тут, а ня могуць гэта зрабіць у Беларусі. Хаця гэта гурты не палітычныя. Няма свабоды ад палітыкі ў Беларусі”.

Сёлета на “Беларускае калядаваньне” прыйшлі каля 300 чалавек, што для польскай сталіцы, дзе штодня адбываюцца дзесяткі розных цікавых імпрэзаў, вельмі шмат. Адзначу яшчэ, што на імпрэзе былі і журналісты БТ, але ніякага матэрыялу пра імпрэзу яны не рабілі. Асобнага матэрыялу пра “Беларускае калядаваньне” не замовіла і афіцыйнае радыё, што высьвятлілася ў часе размовы з журналістамі. Магло быць выкліканае прысутнасьцю на імпрэзе “забароненага” гурту “Палац”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG