Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пажарнага атраду звольнілі двух братоў, што былі даверанымі асобамі кандыдата ад БНФ


Вінцэсь Мудроў, Полацак Мінулыя парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум па сваіх наступствах падобныя да выбуху атамнай бомбы: рэфэрэндумная “бомба” ўжо даўно выбухнула, але наступствы выбуху яшчэ доўга будуць давацца ў знакі. І церпяць ад іх людзі, нязвыклыя да лёкайства і пакоры. Сярод такіх людзей і браты-блізьняты Аляксей і Сяргей Жураўлёвы з Полацку. Падчас выбараў яны былі даверанымі асобамі кандыдаткі ў дэпутаты ад Партыі БНФ Леры Сом, і відавочна з гэтай нагоды згубілі працу.

Браты Жураўлёвы яшчэ зусім маладыя людзі: ім па 23 гады. У 2002 годзе яны адслужылі ў войску і, маючы выдатныя армейскія характарыстыкі і зайздроснае здароўе, адразу ж уладкаваліся на працу выратавальнікамі ў Пажарны аварыйна-выратавальны атрад №1, што дыслякаваны на Адкрытым акцыянэрным таварыстве “Нафтан”. Падчас выбарчай кампаніі браты-блізьняты выпадкова завіталі на сустрэчу з кандыдаткай-вылучэнкай Беларускага Народнага Фронту Лерай Сом і запісаліся да яе ў давераныя асобы. Выбарчая кампанія для ўсіх іх скончыліся несамавіта: спадарыню Леру Сом, фактычна бяз дай прычыны, камісія пазбавіла кандыдацкага пасьведчаньня, а братоў звольнілі з працы.

Пры звальненьні – а хлопцаў прымусілі звольніцца па “ўласным жаданьні” – намесьнік начальніка атрада па выхаваўчай працы паведаміў братам, што яны звальняюцца з-за палітычнай дзейнасьці, якую нібыта разгарнулі ў рэжымнай установе. Браты, аднак, сьцьвярджаюць, што ніякай палітычнай дзейнасьці яны не разгортвалі, апроч таго, што былі даверанымі асобымі на выбарах. Гаворыць Аляксей Жураўлёў:

(Аляксей Жураўлёў: ) “Мы з братам ніякіх заўвагаў па працы ня мелі. Былі ня горш ад астатніх. Нашае звальненьне я разглядаю як парушэньне элемэнтарных правоў чалавека і Канстытуцыі”.

А вось што сказаў з гэтай нагоды Сяргей Жураўлёў:

(Сяргей Жураўлёў: ) “Мне й Аляксею спадабалася выбарчая праграма кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Леры Сом. Мы вырашылі яе падтрымаць. І вось, як аказалася, Канстытуцыя ў нашай краіне – гэта нішто! Усё вырашаюць начальнікі. Да свайго звальненьня мы былі проста маладымі людзьмі, а цяпер сталі маладымі змагарамі за свабодную і дэмакратычную Беларусь”.

Чым браты зараз займаюцца, ці знайшлі нейкую працу?

(Сяргей: ) “Працу ў нас знайсьці вельмі цяжка. Часова ўладкаваліся грузчыкамі. Але, паўтаруся, мы ні аб чым не шкадуем”.

Больш ад астатніх засмучаная з усяе гэтае гісторыі Лера Сом. Уласна кажучы, гэта яна папрасіла мяне распавесьці пра братоў Жураўлёвых на хвалях Радыё Свабода. Ёй слова:

(Сом: ) “Мне вельмі шкада, што так атрымалася з нашымі хлопчыкамі. Мне было вельмі прыемна зь імі пазнаёміцца: яны вельмі шчырыя, вельмі адкрытыя, вельмі клясныя як людзі. І, шчыра кажучы, калі б я ведала, што ў іх будуць такія праблемы, магчыма, я б іх проста не запісала ў давераныя асобы”.

Ну а напрыканцы кароткая рэпліка аднаго з братоў на адрас тых, хто выкідвае сумленных і годных людзей з працы:

(Аляксей:) “Звальненьне нас не зламала, а нават умацавала ў нашых перакананьнях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG