Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Размовы на кухні пра палітыку


Сяргей Дубавец, Вільня Як і ў памятныя нам савецкія часы, грамадзкая думка ў Беларусі зноў заціснутая на сямі мэтрах паміж газавай плітой і лядоўняй...

Інтэлігенцкая кухня зь яе шчырымі размовамі пра лёсы краіны, палітычнымі показкамі ды песьнямі пад гітару – чыста савецкая традыцыя, жанр і форма існаваньня грамадзкае думкі. Сьпярша зьявілася сама гэтая кухня – разам з пачаткам масавага жыльлёвага будаўніцтва ў часы Хрушчова. А пасьля ўжо на тых шасьці-сямі мэтрах папрысядалі да стала і інтэлігенты – галоўным чынам “ітээры”, выпушчаныя са сталінскага ГУЛАГу, і тыя, якіх масава выпускалі савецкія ВНУ. Яны ўсё разумелі, але гаварыць пра гэтае ўсё не было дзе і было небясьпечна. З пачаткам брэжнеўскае рэсталінізацыі да іх далучылася інтэлігенцыя творчая – прагнаныя з студэнцкай аўдыторыі паэты і абмежаваныя сцэнічнай цэнзурай тэатралы. У часы татальнага кантролю над грамадзкай думкай яна знайшла сваё падпольле на вузенькім пятачку паміж газавай плітой і рукамыйнікам.

Менавіта тут кожны адчуваў сябе адносна вольна і адкрываў душу суразмоўцам. Тут нараджаліся палітычныя аналітыкі і дысыдэнты, літаратары і заўтрашнія дэмакратычныя дэпутаты. Але сама кухня, як жанр, сьведчыла толькі пра адно – у краіне няма свабоды.

З пачаткам перастройкі кухня спакваля апусьцела. Яе заўсёднікі перасяліліся на старонкі газэт і на сцэны тэатраў, у штабы палітычных партыяў і ў парлямэнт. Інакш кажучы, грамадзкая думка зьмяніла жанр свайго існаваньня, выйшла з падпольля, каб сустрэць тую свабоду, пра якую так доўга марыла. У тыя некалькі гадоў зусім ня думалася, што гэта не назаўсёды, што неўзабаве ўсё скончыцца, і новым постацям грамадзкага жыцьця, якія з кухонных пасьпяхова ператварыліся ў публічныя, давядзецца вяртацца на свае сем мэтраў.

Аднак давялося.

Зьміцер Бартосік – заўсёднік беларускай інтэлігенцкай кухні – у сёньняшняй перадачы паспрабаваў перакласьці кухонныя размовы ў радыйны фармат.

(Бартосік: ) “Скажы мне напачатку 1990-х, што Савецкі Саюз вернецца, што савецкія грамадзяне будуць зноў нараджацца і выхоўвацца ў ХХІ стагодзьдзі, я б палічыў гэта кепскім жартам. Але сёньня мяне ўжо не зьдзіўляюць ні піянэры ў чырвоных гальштуках, ні кагэбісты з дыктафонамі на літаратурных сустрэчах, ні ідэалягічныя работнікі са сваімі палітінфармацыямі на прадпрыемствах. Ужо ня дзівяць тыя тэмпы, зь якімі беларуская сталіца ператвараецца ў заштатную расейскую “цьмутаракань”. Такім назвам пазайздросьціў бы нават Брайтан-Біч: рэстаран “Емеля”, гастраном “Рублевский”, кавярня “Русская тройка”... Дзівіць хіба што тая мазахісцкая асалода, зь якой Беларусь вяртаецца ў свой уласны страх перад усім і ўся. Перад начальствам, перад непадкантрольным словам, нават перад непераадольным часам.

Ці не таму цяпер у нас перажывае рэнэсанс такі жанр актыўнага адпачынку як кухонная гутарка “пра палітыку”. Усё часьцей хочацца павыключаць усе тэлевізары, радыё і магнітафоны. Не хадзіць ні на якія прэм’еры ды прэзэнтацыі. Не зазіраць ні ў якія газэты, а зачыніцца зь сябрам на кухні ды ўволю нагутарыцца. Там цяпер найчасьцей месца для беларускіх аракулаў і трыбунаў.

Аднак са знакамітымі кухнямі 1970-х гадоў сёньняшнія лучаць хіба толькі савецкія сьцягі за вакном. Тэмаю размоваў усё часьцей становіцца Беларусь. І, што характэрна, у любых кампаніях. Нават самых далёкіх ад ідэалаў 25-га сакавіка. Калі дзе і жыве зараз Беларусь, дык перш за ўсё на нашых кухнях, а не на плошчах.

Мае сёньняшнія кухонныя суразмоўцы – людзі розныя. Фізык і лірык. Адзін – пасьпяховы навуковец, які часова працуе ў Кембрыджы, другая – сьпявачка. Адзін – пераможца міністэрскіх алімпіядаў, другая – голас бунтоўнага 1996-га. Адзін – патрыёт сёньняшняй РБ, другая – нацыяналістка. Адзін хавае сваё прозьвішча для этэру, імя другой вядомае ўсім. Гэта Кася Камоцкая.

Паслухаем фізыка.

– “Што, па-твойму, замінае паспалітаму беларусу стаць нармальным чалавекам? Я маю на ўвазе нацыянальную нармальнасьць, загаварыць па-свойму, свае кніжкі чытаць, на сьвет глядзець не праз маскоўскі тэлеэкран? Савецкая інэрцыя ці жаданьне стаць “истинно русским”?”

– “А няма, няма такіх беларусаў, якія жадаюць стаць “истинно русскими”. Я ніколі іх ня бачыў. Рабілі гома савецікус, яго амаль што зрабілі, амаль што па ўсім Савецкім Саюзе яго зрабілі. Яго не дарабілі толькі ў Прыбалтыцы. Патрыятызм, ён па рознаму праяўляўся ў Беларусі, ва Ўкраіне, але ён быў ва ўсіх краінах. У тым ці іншым выглядзе. Але беларусы, яны памяркоўныя, больш сьціплыя, больш разумныя...”

– “Больш разумныя? Падмацуй...”

– “Ну, напрыклад, у асяродку ангельскім, у Лёндане, мы можам пайсьці на суполку расейскую, там мы будзем прынятыя, як свае. Можам пайсьці на якуюсь “парці” ўкраінскую. Таксама мы там свае. На балтыйскую. Мы там свае. На казахскую. Мы свае. А хай расейцы пойдуць. Яны паўсюль чужыя. Ці ўкраінцы. Хай украінцы пойдуць на расейскую “парці”. Там на іх будуць глядзець, як на ідыётаў. “Зьявіліся тут! Хай ідуць на сваю!” А беларусы могуць пайсьці на любую. Можа, хтосьці называе гэта “ой, няма ў іх нічога нацыянальнага”… Ёсьць. Але гэта ў іншай форме. Гэта вялікае адрозьненьне ад іншых народаў. Нацыяналізм і патрыятызм у нас такі добры, ён унутраны. Ён не агрэсіўны”.

(Бартосік: ) “У гэтым месцы наша размова “на дваіх” перапыняецца і ў яе ўступае трэцяя ўдзельніца – Кася Камоцкая.

– “Скажы, якія пачуцьці ў цябе выклікаюць праявы “русскости” ў беларусаў? Я маю на ўвазе ўсе гэтыя кавярні “Ермак”, “Русская тройка”... Калі чытаеш інтэрвію якіх-небудзь нашых гімнастак... “Вот в Атланце гучыць Кіркораў, “голас родзіны” і г.д. Якія пачуцьці? У мяне – раздражненьне і нейкае азлабленьне, я пачынаю псыхаваць...”

(Камоцкая: ) “Гэта ты як рускі псыхуеш, таму што да Расеі гэта ня мае ніякага дачыненьня. Ні “Ермакі” рэстарацыі, ні кіркоравы. Гэта мае дачыненьне да нашай сацыялістычнай родзіны, Савецкага Саюза. Усё гэта творыцца ў Расеі, а яна атаясамліваецца з Савецкім Саюзам. У выніку ўсё лічыцца сваім. Ясна, што гэта раздражняе, але я не магу сказаць, што гэта азлабляе, таму што я разумею карані гэтага працэсу. Тут трэба не злавацца, а штосьці мяняць”.

(Бартосік: ) “Што замінае беларусам стаць нармальнымі людзьмі? Нармальнымі ў нацыянальным сэнсе?”

(Камоцкая: ) “Я думаю, што замінае ў першую чаргу... калі назваць зацёртым словам – мэнтальнасьць. Мэнтальнасьць не высоўвацца. У кожным чалавеку, які жыве зараз у Беларусі, усё ж такі існуе беларускі патрыятызм, я ў гэтым упэўненая. Замінае жаданьне не высоўвацца. Можа быць, я ідэалізую гэтую сытуацыю. Але мне падаецца, той час, калі трэба было быць рускім каб зрабіць кар’еру альбо для таго, каб застацца ў горадзе, ён прайшоў. Трэба проста не высоўвацца. Гэта агульны лёзунг нашага часу. Ты хочаш рабіць бізнэс, проста сумленна працаваць? Не высоўвайся”.

(Бартосік: ) “Наш герой-навуковец адчуў любоў да радзімы менавіта ў Ангельшчыне. Якая, зь ягоных словаў, вельмі шмат у чым прайграе Беларусі...”

– “Дарэчы, ангельцы у чым-небудзь падобныя да беларусаў? На што мы тут, у сябе, больш за ўсё наракаем? На хамства…”

– “У Ангельшчыне хамства ня менш. Быццам ты пакрыўдзіў каго, з такім выразам твару табе парою падаюць заказ у рэстарацыі. Не заўсёды там так усё добра, як малюецца”.

– “Там таксама ёсьць такія страшныя раёны, куды лепш не заходзіць?”

– “Там ёсьць такія раёны, куды ня трэба заходзіць наогул ніколі. У нас такіх няма. Напрыклад, у раёнах, дзе жывуць пралетарыі, туды лепш ня совацца. У такіх гарадах, як Бірмінгем, Лівэрпуль, Манчэстэр… Гэта палова Ангельшчыны. Ёсьць месцы, дзе небясьпечна хадзіць ноччу. Ёсьць такія месцы, дзе верагоднасьць таго, што можна “атрымаць”, амаль што сто адсоткаў”.

– “Калі параўнаць нашую моладзь і іхнюю, ня моладзь Кембрыджа і ня моладзь, якая вучыцца ў БДУ. А моладзь менавіта такіх раёнаў…”

– “Аднолькавая моладзь. Інтарэсы тыя самыя. Тыя самыя адносіны да жыцьця. Кніг не чытаюць ні ў нас, ні там. Па тэлебачаньні там вельмі немудрагелістыя шоў, рэфлекторныя рэчы, якія грунтуюцца на вельмі простых эмоцыях. Намнога менш моладзі ўжывае наркотыкі ў Беларусі. У Ангельшчыне – 30 адсоткаў моладзі да 15 гадоў ужо спрабавалі што-небудзь. Мы зараз у стане, які яны мелі ў гадах 40-х--50-х, калі ўсё пачыналася”.

(Бартосік: ) “Пытаньне да Касі Камоцкай:”

– “Твой патрыятызм – ад Караткевіча, ад Песьняроў, ад убачанага бел-чырвона-белага сьцяга?”

(Камоцкая: ) “Можа, гэта ўсё было штуршком да ўзьнікненьня нейкага патрыятычнага духу. Але, я думаю, мой патрыятызм – ад жаданьня самасьцьвердзіцца ў сьвеце. Я хацела быць сабой і сабою заставацца. Быць беларускай – гэта быў самы яскравы, самы просты шлях застацца сабой”.

(Бартосік: ) “… які, на жаль, не даходзіць да большасьці насельнікаў нашае краіны. Ці ім проста ня хочацца самасьцьвердзіцца?”

(Камоцкая: ) “Ім проста ня хочацца самасьцьвердзіцца. Можа, яны ня маюць нейкіх унутраных матываў, унутраных памкненьняў. А, можа быць, так сапраўды зручней і лепей. У кожнага ёсьць сям’я, абавязкі перад роднымі…”

(Бартосік: ) “Якая, на тваю думку, галоўная праблема беларусаў? Моўная праблема, сацыяльная, эканамічная?”

(Камоцкая: ) “Першая праблема – гэта разабрацца на сёньняшні дзень з тым, які выбар хоча зрабіць нацыя і краіна. І за кім ці куды яна хоча ісьці. Ці хоча яна ісьці ў эўрапейскі цывілізаваны сьвет. Ці хоча яна невядома дзе быць… Гэта асноўная праблема беларусаў”.

(Бартосік: ) “А калі вывезьці палову беларусаў за межы Беларусі на пару гадоў, ці мацней бы сталі радзіму любіць – ці не?”

(Камоцкая: ) “Хаця б усьвядомілі, што ёсьць радзіма – гэта першае. Гэта ўжо нямала. А па-другое, гледзячы куды вывезьці…”

(Бартосік: ) “Пытаньне да фізыка:”

– Чаго табе, як спажыўцу беларускай культуры, больш за ўсё не хапае?”

– “Не хапае нацыянальнага героя, нацыянальнага гістарычнага героя. Падняць патрыятызм беларусаў можа добрая кніжка пра гістарычнага героя. Напрыклад, тыя ж самыя падзеі 13-гадовай вайны, тое, што адлюстравана ў “Невядомай вайне” Сагановіча. Ну, хто зараз ведае ў Беларусі тых жа Радзівілаў, Сапегаў. Ведаюць, што яны былі. А вось што яна рабілі, ніхто ня ведае. Ну хто чытаў якую кніжку пра таго ж самага Мікалая Радзівіла Чорнага? Вельмі вузкае кола мае інфармацыю аб гэтай пэрсоне, якая руліла Эўропай. Той жа самы “Фаварыт” Пікуля ня будзе варты нічога ў параўнаньні з кніжкай пра Радзівіла”.

(Камоцкая: ) “Я б не зацыклівалася на жанрах, бо пагоня за новымі жанрамі – гэта ня самы лепшы шлях. Вось няма ў нас хоку, будуць хоку. Няма кардэбалета, бузе кардэбалет. Справа ня ў гэтым. Мне не хапае культурнай прасторы. Мне не хапае сродкаў масавай інфармацыі, мне не хапае тэлевізіі, тэатраў. Мне не хапае ўстановаў, дзе тыя жанры могуць да мяне дайсьці”.

(Бартосік: ) “А што можа падняць беларускі патрыятызм?”

(Камоцкая: ) “Падняць беларускі патрыятызм можа беларуская тэлевізія. У якой будзе ўсё. Супраць лома няма прыёма. Супраць тэлевізіі пакуль яшчэ ня вынайшлі ніводнага іншага сродку фармаваньня грамадзкай думкі. А стварэньне патрыятызму, фармаваньне патрыятызму – гэта таксама фармаваньне грамадзкай думкі. 90% перамогі Юшчанкі ва Ўкраіне – гэта праца Пятага канала. Трэба пра гэта памятаць. А пакуль у нас няма электронных СМІ, нішто ня будзе фармаваць”.

(Бартосік: ) “Што будзе зь беларускай мовай у бліжэйшай пэрспэктыве?”

(Камоцкая: ) “Калі хоць трошкі ведаць беларускую гісторыю, то няма ніякіх падстаў быць пэсымістам у дачыненьні да гэтага пытаньня. Калі кажуць: “Ой, зьмяншаецца колькасьць школ!” Згодная, зьмяншаецца. Але ўзрастае колькасьць людзей, якія размаўляюць гэтай мовай. Не па школьнай праграме, а па ўнутраным перакананьні. І гатовыя за гэтую мову выйсьці на вуліцы і біцца з гэтымі галаварэзамі з АМАПу. Я ня ведаю, што істотней, і не хацелася б нават казаць, што істотней”.

(Бартосік: ) “Пытаньне да фізыка:”

– “Беларусь яшчэ праславіцца дзякуючы ня толькі Чарнобылю і Лукашэнку, але і… Чым яшчэ можа праславіцца Беларусь?”

– “Асноўнае, што ёсьць у Беларусі, гэта людзі. І чым праславіцца Беларусь? Добрымі адносінамі да ўсіх. Яна заўсёды славілася гэтым, і зараз яна гэтым славіцца. Гэта тая валюта, якая заўсёды была, ёсьць і будзе ў Беларусі. У нас няма і ніколі ня будзе нэгатыўных адносінаў да каляровых расаў ці да суседзяў. Людзкія якасьці – гэта асноўнае”.

– “Чаго нам чакаць ад новага году ў пляне нацыянальнага будаўніцтва ці нацыянальнага разбурэньня?”

– “Няма беларускасьці, але зараз патрэбна, каб гэты вакуўм хтосьці запоўніў. І нельга, каб яго запоўнілі экстрэмісцкія формы. Бо яны ніколі ў Беларусі не прыжываюцца. У Беларусі цікавыя адносіны да ўлады. Улады заўсёды паважаюцца. Зараз такі момант, можа, у наступным годзе ўлада зробіць штосьці для большага разьвіцьця беларускай культуры. Для пашырэньня беларускага слова. Гэта будзе на карысьць гэтай самай уладзе”.

(Бартосік: ) “Кася, апошняе пытаньне да цябе як да аракула. Што нас выратуе? Толькі не кажы, што гэта будзе прыгажосьць…”

(Камоцкая: ) “Думка альбо жаданьне думаць. Бо, нягледзячы на ўвесь страх, чалавек нават у стане страху можа паспрабаваць задумацца. І я думаю, што ня трэба так драматызаваць сытуацыю. Трэба набірацца сіл і ісьці наперад”.

(Дубавец: ) “Назіраючы сёньня за новым жыцьцём інтэлігенцкае кухні, я згадваю крыху ранейшае дыскусійнае пытаньне: а ці не падманваем мы сябе, гаворачы, што ў Беларусі зноў запаноўвае таталітарны лад, што няма свабоды? Можа быць, усё ня так, і гэта мы чагосьці не разумеем, неяк ня так уяўляем сабе свабоду і дэмакратыю? Інакш, чаму наша крытыка так радыкальна разыходзіцца з задаволеным успрыманьнем сёньняшняга жыцьця ці ня большасьцю нашых суграмадзянаў? Яны цешацца мноствам магчымасьцяў, зусім немагчымых у ранейшым жыцьці: напрыклад, купіць аўтамабіль ці выехаць за мяжу. Іх вясковыя бацькі рэгулярна атрымліваюць пэнсіі пры тым, што не адчуваюць на сабе калгаснага прыгнёту. У краіне стабільнасьць і нават, кажуць, эканамічны рост. Чыстыя вуліцы. Урэшце, лепей такі таталітарызм, чым нешта іншае...

Мне ўспомнілася, як летась увосені мы ехалі з калегам дзесьці ў Маладэчанскім раёне. Цудоўнае надвор’е, прыгажэнныя краявіды і паўз дарогу – кошыкі з грыбамі. Надта грыбны быў год. Мой калега, вядомы іраніст, заўважыў: “І чаго ўжо яны наракаюць на гэтага Лукашэнку – паглядзі, колькі грыбоў у лесе!”

Іронія ў тым, што Лукашэнка да грыбоў мае такое самае дачыненьне, як да пэнсіяў і эканамічнага росту. Нашмат большы той рост з пэнсіямі ў краінах-суседках, дзе ніякага Лукашэнкі няма. Але галоўнае, што паспаліты жыхар суседняе краіны яшчэ й сам кантралюе сваю сытуацыю і ўплывае на яе. Гэта значыць, што ён уплывае на будучыню і пакіне сваім дзецям ды ўнукам прагназаваны сьвет і рэальна лепшае жыцьцё, а не ўспамін пра сваю эўфарыю ад той міскі поліўкі, за якую ён аддаў правіцелю будучыню ўласных нашчадкаў, якіх непазьбежна чакае крах аўтарытарнага рэжыму.

Толькі ў нас пра гэта ня пішуць і на БТ не гавораць. А калі й гавораць, дык зноў на інтэлігенцкай кухні. Бо там ня толькі гавораць, а яшчэ й думаюць. Кася Камоцкая так і сказала – нас выратуе жаданьне думаць. Нават калі адзінае месца, што засталося для вольнага выказваньня думак – гэта твая ўласная кухня”.
XS
SM
MD
LG