Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Юшчанка – мост паміж Украінай і Захадам


Сьвятлана Курс, Прага Шмат хто лічыць, што пры новаабраным прэзыдэнце Віктары Юшчанку Ўкраіна павернецца да Захаду. Немалую ролю ў гэтым працэсе давядзецца згуляць першай лэдзі Ўкраіны – Кацярыне Юшчанцы, лёс якой зьвязаны і з Захадам, і з Украінай.

2004 г. быў для Кацярыны Юшчанкі спалучэньнем жаху і шчасьця. Яна паступова назірала, як фізычна зьмяняецца яе муж Віктар, атручаны, як лічыцца, палітычнымі апанэнтамі, але адначасна яна нарадзіла сына і пабачыла, як яе любімая краіна стала вольнай.

Кацярына Чумачэнка нарадзілася ў 1961 г. ў Чыкага. Яе бацькі, украінскія эмігранты, прыехалі ў Амэрыку пасьля Другое сусьветнае вайны зь Нямеччыны, куды іх пагналі нацысты на прымусовыя працы. Маці была швачкаю, бацька – электрыкам. Гэтыя простыя людзі любілі Ўкраіну, але паехаць туды не маглі. Расказвае Кацярына Юшчанка:

(К.Юшчанка: ) “Я была тыповым дзіцём з дыяспары. Я спалучала два жыцьці – амэрыканская школа, адукацыя і шмат амэрыканскіх сяброў. Зь іншага боку, дома мы гаварылі па-ўкраінску, прытрымліваліся ўкраінскіх традыцыяў. У суботу я хадзіла ва ўкраінскую школу. Я наведвала ўкраінскую царкву і хадзіла ў клясу ўкраінскага танца”.

Кацярына скончыла Джорджтаўнскі ўнівэрсытэт у Вашынгтоне. З 1982 да 1986 гг. лабіравала ў Вашынгтоне інтарэсы украінскай дыяспары і вярнулася ў каледж, каб атрымаць ступень у галіне мэнэджмэнту ў Чыкаскім унівэрсытэце. Падчас другога прэзыдэнцкага тэрміну Рональда Рэйгана яна займалася этнічнымі пытаньнямі Ўсходняй Эўропы ў Белым Доме, а таксама працавала ў аддзеле правоў чалавека Дзярждэпартамэнту ЗША. Яна марыла паехаць ва Ўкраіну.

У 1991 г., калі ёй было 30 гадоў, мара збылася. Тады Кацярына працавала ў амэрыканскай праграме падтрымкі Ўкраіны. І ў 1993 г., калі яна суправаджала групу ўкраінскіх банкіраў у Амэрыку для вывучэньня амэрыканскае фінансавае сыстэмы, яна пазнаёмілася зь Віктарам Юшчанкам, які ачольваў дэлегацыю.

(К.Юшчанка: ) “Віктар кажа, што ён назаўсёды запомніў нашу першую размову, ён тады назваў мяне калючай, як вожык. Я няшмат ведала пра яго у той час і лічыла, што раз ён быў банкірам у савецкай сыстэме, то, пэўна, ён не арыентаваны на вольны рынак. І я вырашыла навучыць яго, што такое ўвогуле вольны рынак. А пасьля я зразумела, што ён шмат пра гэта ведае і прыхільна ставіцца да заходняй эканомікі. Ён быў вельмі адкрыты і зацікаўлены, хацеў лепей вывучыць заходнюю эканамічную сыстэму”.

Яны кантактавалі, але раман, як кажа Кацярына, пачаўся празь некалькі гадоў. У 1998 г. яны пабраліся і цяпер маюць траіх дзяцей – дзьвюх дачок і сына, які нарадзіўся летась увесну. Кацярына кажа, што ў іх з мужам аднолькавыя інтарэсы – тэатар, кіно, музэі, украінская культура і гісторыя. Палітычныя апанэнты вінавацяць яе ў тым, што яна агентка ЦРУ і ўплывае на свайго мужа. Кацярына кажа, што яны нават не гавораць дома пра палітыку.

(К.Юшчанка: ) “Я зразумела, што мая роля захавальніцы хатняга агмяню і маці сямейства вельмі важная для яго. Ён моцны палітычны лідэр, ён чалавек, які мае патрэбу ў хатняй атмасфэры, спакоі, каб быць моцным у сваёй справе”.

У верасьні Віктар Юшчанка ледзь не памёр, аўстрыйскія дактары канстатавалі, што яго атруцілі дыяксынамі. Ён амаль месяц прабыў у шпіталі і выйшаў адтуль са зблажэлым тварам. Выстаяць яму дапамаглі сотні тысячаў людзей, якія выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць яго і выказаць волю да пераменаў.

Кацярына кажа, што перад сфальшаваным другім турам выбараў 21 лістапада, яе муж не сумняваўся, што ўкраінцы ня прымуць хлусьні. Пратэсты ператварыліся ў “Памаранчавую рэвалюцыю”, і 26 сьнежня, у паўторным туры выбараў, Віктар Юшчанка перамог прэм’ера Ўкраіны Віктара Януковіча.

Кацярына Юшчанка спадзяецца, што яе маці й сястра, што жывуць у ЗША, прыедуць на інаўгурацыю яе мужа. Яна хоча, каб дыяспара вярнулася і дапамагала Ўкраіне досьведам і інвэстыцыямі. У панядзелак Віктар Юшчанка быў афіцыйна абвешчаны прэзыдэнтам. Але Віктар Януковіч зноў і зноў спрабуе аспрэчыць вынікі паўторнага галасаваньня ў Вярхоўным Судзе. Таму інаўгурацыя адкладваецца.
XS
SM
MD
LG