Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі сьвятар Б.Гамаер просіць міністра адукацыі Беларусі тэрмінова адмяніць забарону на аздараўленьне дзяцей за мяжой


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Ўсенямецкай асацыяцыі чарнобыльскіх ініцыятываў “Дзецям Чарнобыля” сьвятар Буркгард Гамаер накіраваў ад імя гэтай грамадзкай арганізацыі ліст міністру адукацыі Беларусі ў зьвязку з забаронай на аздараўленьне школьнікаў за мяжой менавіта ў часе вучобы.

Як мяркуюць у кіраўніцтве нямецкай асацыяцыі, асабіста кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман спрыяў новым правілам выезду школьнікаў на аздараўленьне за мяжой падчас навучальнага году. У міністэрстве адукацыі рэалізацыяй гэтага распараджэньня займаецца намесьнік міністра Тацяна Кавалёва.

Кіраўніцтва асацыяцыі мяркуе распаўсюдзіць у палітычных колах і ў сродках масавай інфармацыі паведамленьне пра выдадзеную беларускімі ўладамі забарону на аздараўленьне дзяцей ў часе вучобы. Паводле спадара Гамаера, гэтае новаўвядзеньне ёсьць першым пробным крокам, па якім можна меркаваць, як будзе разьвівацца сытуацыя далей. “Мэта гэтага кроку, калі я правільна разумею спадара Лукашэнку, паставіць пад свой кантроль усю грамадзянскую супольнасьць і займець доступ да сродкаў грамадзкіх арганізацый, якія аказваюць гуманітарную дапамогу”, адзначае спадар Гамаер.

Занепакоенасьць сытуацыяй стала падставай для ліста, які накіраваны міністру адукацыі Беларусі. Спадар Гамаер піша: “Калі я з вамі пазнаёміўся, я зыходзіў з таго, што вы ня спыніце наш клопат пра здароўе дзяцей і дзеці змогуць езьдзіць, як гэта заплянавана. Уявіце сабе, якая падрыхтоўка праведзеная да плянаваных паездак на аздараўленьне дзяцей і як шмат людзей ня толькі ў Нямеччыне, але і ў іншых краінах Эўропы, не шкадуючы сродкаў і сілаў, працуюць дзеля будучыні беларускіх дзяцей. Не ў апошнюю чаргу ад гэтага залежаць добрыя міжнародныя стасункі ў сьвеце, які ўсё больш яднаецца. Гэтым стасункам можа моцна перашкодзіць згаданая забарона”.

Старшыня Ўсенямецкай асацыяцыі чарнобыльскіх ініцыятываў “Дзецям Чарнобыля” сьвятар Буркгард Гамаер просіць міністра тэрмінова адмяніць забарону на аздараўленьне дзяцей за мяжой, а магчымыя праблемы супольна абмеркаваць і выпрацаваць агульнае рашэньне.
XS
SM
MD
LG