Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскі ліцэй адзначыў Дзень народзінаў


Любоў Лунёва, Менск Беларускаму ліцэю імя Якуба Коласа споўнілася 14 гадоў. Калектыў ліцэя адзначыў сьвята урачыстым сходам і імпрэзай у двары зачыненага ліцэя, а таксама пікетам на праспэкце Францыска Скарыны.

А 12 раніцы выкладчыкі, ліцэісты і іх бацькі ўвайшлі ў двор сваёй alma mater. Дырэктар ліцэя Ўладзімір Колас традыцыйна павіншаваў калектыў са сьвятам і нагадаў прысутным гісторыю стварэньня ліцэя і барацьбы з чыноўнікамі за права існаваньня гэтай унікальнай навучальнай установы.

(Колас: ) “Усе мы разам. Гэта ня купіш за грошы… Той дух салідарнасьці, братэрства, адзінства, што жыве ў нас, які праявіўся і пад час віленскай сэсіі, пад час сьвяткаваньня Новага года, калі было такое братаньне ліцэістаў і зычаньне ўсяго найлепшага ў новым годзе… Яно паказвае, што справа ліцэю жыве і перажыве ўсіх тых, хто спадзяецца, што ліцэй зьнікне. Віншую вас з нашым сьвятам. Жыве ліцэй! Жыве Беларусь! Жывем мы!”

Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі дадаў:

(Баршчэўскі: ) “Гэта атмасфэра павагі. Імкненьне выціснуць зь сябе савецкасьць, “саўковасьць”. Не заўсёды гэта атрымліваецца. Не ва ўсіх. Але паступова, паступова... Чалавек свабодны, калі ён усьвядоміць сваю свабоду. Чалавек свабодны, калі ён разумее сваю адказнасьць. Чалавек свабодны, калі ён давярае іншым людзям і гэта ёсьць дэмакратыяй. Мы лічым, што мы, настаўнікі, выбраныя вамі. Таму ў нас дэмакратыя пануе як нідзе ў нашым грамадзтве. І гэта самае галоўнае”.

Ліцэісты і выпускнікі ліцэю казалі словы падзякі сваім выкладчыкам.

Гаворыць Яўген Воўк:

(Воўк: ) “Вы нас вучыце ня толькі розным прадметам, але вы вучыце нас самай важнай навуцы – вы вучыце нас жыцьцю. Вы вучыце нас заставацца самімі сабой, нават калі ёсьць розныя бар’еры і перашкоды”.

Намесьніца дырэктара ліцэю Ірына Сідарэнка казала пра віншаваньні выпускнікоў з замежжа і амбасадараў. Яна ўзгадала як ліцэй прымалі ў Літве.

(Сідарэнка: ) “Запрасілі нас на тэлебачаньне на самую рэйтынгавую праграму “Прашу слова!”. Калі мы прыехалі зь Вільні на экскурсію ў Каўнас, то, даведаўшыся, што мы – тыя самыя ліцэісты, нас папросту бясплатна прапускалі ў музэі. Калі мы яшчэ пераяжджалі мяжу, то памежнікі нас усіх віншавалі і казалі, што калі вы трымаецеся, то Беларусь будзе жыць. І гэта, дарэчы, нашы беларускія памежнікі”.

Дзеці да будынку ліцэю прымацавалі плякаты: “Ліцэй дзецям!”, “Праблема ліцэю не вырашана!”, “Вярніце нам наш дом!” ды іншыя. Традыцыйна запусьцілі ў неба дзесяткі белых і чырвоных балёнікаў.

Пасьля заканчэньня імпрэзы навучэнцы разам з выкладчыкамі і бацькамі пайшлі на праспэкт Францыска Скарыны. Нягледзячы на халоднае надвор’е – мокры сьнег і моцны вецер – дзеці сталі ланцугом уздоўж праспэкта насупраць рэстарацыі “Патыё Піца”. Яны трымалі плякат: “Нацыянальнаму ліцэю 14 гадоў” і сьпявалі гімн ліцэя.

Напрыканцы акцыі да дзяцей падышлі супрацоўнікі ОМОНу, якія патрулявалі на Кастрычніцкай плошчы. Яны папярэдзілі ўсіх, што мусяць паведаміць пра несанкцыянаваны пікет начальству, а тады можа быць загад затрымаць пікетоўцаў. У адказ дзеці працягнулі міліцыянтам дзьве белыя і адну чырвоную кветкі, а таксама паперку, на якой былі надрукаваныя вершы, прысьвечаныя ліцэю. Тыя зьбянтэжыліся і ўжо іншым тонам папрасілі разысьціся. Ліцэісты на разьвітаньне казалі, што спадзяюцца 15 угодкі ліцэю адзначыць у сваім будынку.
XS
SM
MD
LG