Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі сацыяльнага фонду на суд над аршанскім прадпрымальнікам Я.Бурымскім не зьявіліся


Браніслава Станкевіч, Ворша Распачаўся суд над аршанскім прадпрымальнікам Яўгенам Бурымскім, які два гады не рэгістраваўся і не плаціў унёскаў ў гарадзкі сацыяльны фонд. Гэта першы выпадак на Беларусі, калі непадпарадкаваньне дэкрэту №18 Аляксандра Лукашэнкі “Пра некаторыя пытаньні сацыяльнай абароны грамадзянаў” разглядаецца ў судзе ў якасьці крымінальнага правапарушэньня.

Крымінальную справу на прадпрымальніка Яўгена Бурымскага завёў Аршанскі Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Спадара Бурымскага вінавацяць у тым, што ён, ня стаўшы своечасова на ўлік у гарадзкім Фондзе сацыяльнай абароны і два гады не плаціўшы ўнёскаў, нанёс дзяржаве матэрыяльных стратаў на 833 тысячы 20 рублёў.

Паколькі гэтая сума перавышае 40 базавых велічыняў, справу на спадара Бурымскага вырашылі завесьці па крымінальным артыкуле, які прадугледжвае пакараньне выпраўленчымі работамі, грашовым штрафам альбо арыштам да 6 месяцаў.

На думку намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы ды юрыста аршанскага Вольнага прафсаюзу Алега Граблеўскага, якія кансультуюць падсуднага прадпрымальніка па юрыдычных пытаньнях, абвінаваціць яго можна толькі па адміністрацыйным артыкуле – за спазьненьне з рэгістрацыяй у сацыяльным фондзе. Бо пакуль чалавек там не зарэгістраваны, ён ня мае падставаў плаціць якія б там ні было ўнёскі.

Яўген Бурымскі кажа, што два гады таму сябры аршанскага Вольнага прафсаюзу прадпрымальнікаў адмыслова вырашылі не рэгістравацца ў Фондзе сацыяльнае абароны, бо фактычнае абароны ад яго няма аніякай.

(Бурымскі: ) “Каля шасьцісот чалавек па горадзе і каля ста чалавек у раёне ня сталі на ўлік у сацыяльны фонд і ня плацяць унёскі. Як мне казаў сьледчы, яшчэ двух чалавек рыхтуюць да суду. Але, паколькі мая справа першая, ён казаў так: “Сьпярша паглядзім, што з гэтага атрымаецца”.

Першай падобная справа сталася і для судзьдзі Тацяны Рыбаковай. Паводле меркаваньня прысутных сёньня на судзе юрыстаў, судовы працэс можа зацягнуцца, бо Яўген Бурымскі вінаватым сябе не прызнае ды карыстаецца падтрымкай з боку незалежных юрыстаў. Паколькі прадстаўнікі падатковае службы прэтэнзіяў да падсуднага ня выказалі, а прадстаўнікі сацыяльнага фонду на суд не зьявіліся ўвогуле, то наступнае пасяджэньне прызначанае на 19 студзеня.
XS
SM
MD
LG