Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі за выбарамі ў СНД: “Назіральніцтва, пра якое можна казаць: ты – мне, я – табе”


Уладзімер Глод, Менск Цяперашні старшыня Выканаўчага камітэту СНД Уладзімер Рушайла летась больш за 100 дзён правёў у розных краінах садружнасьці, займаючыся там пераважна падрыхтоўкай да назіраньня за выбарчым працэсам. Пра гэта 14 студзеня паведаміў сталы прадстаўнік Беларусі ў СНД Вячаслаў Кузьняцоў.

Падчас "круглага стала" на тэму "СНД: новыя палітычныя рэаліі" я пацікавіўся ў спадара Кузьняцова, чаму былы кіраўнік Выканаўчага камітэту Юры Яраў пераважна надаваў увагу эканамічным праблемам садружнасьці, а ягоны пераемнік спадар Рушайла, які узначаліў выканкам вясною 2004 году, хутка адзначыўся шэрагам выключна палітычных заяваў.

Менавіта Уладзімер Рушайла ачольваў назіральнікаў ад краінаў СНД на усіх леташніх выбарчых кампаніях і рэфэрэндумах, у прыватнасьці ў Беларусі. І паўсюль ацэнкі, якія выстаўлялі назіральнікі СНД, палярна адрозьніваліся ад высноваў іншых міжнародных арганізацыяў, перадусім АБСЭ.

Адказваючы на пытаньне, Вячаслаў Кузьняцоў прапанаваў зыходзіць з прыярытэтаў садружнасьці:

(Кузьняцоў: ) “На чым патрэбна засяродзіць перадусім увагу? Калі мы зьвернемся да дакумэнтаў, якія разглядаюцца на паседжаньнях садружнасьці, у тым ліку і кіраўнікамі дзяржаваў, то галоўнае – эканоміка. Вось чым і займаўся былы старшыня выканкаму СНД. Летась жа, паглядзіце, колькі выбараў было. І гэта усё дасталася Рушайлу. Ён нядаўна сустракаўся зь міністрам замежных справаў Беларусі і казаў, што летась быў у камандзіроўках больш за 100 дзён. І паўсюль ён узначальваў назіральнікаў ад СНД. Таму Рушайла фактычна аддаўся гэтаму працэсу – надзвычай важнаму, палітычнаму. Але гэта прыводзіць да думкі, што назіраньне за выбарамі трэба арганізоўваць па-іншаму – не самому усё на сябе браць, выканаўчаму камітэту й старшыні, не самому тырчаць там месяцамі, а арганізоўваць прадстаўніцтва прадстаўнікоў дзяржаваў”.

Незалежны экспэрт, кандыдат філязофскіх навук Вячаслаў Паздняк лічыць крэн ад эканомікі да палітыкі на абшарах СНД невыпадковым:

(Паздняк: ) “Ідзе кансалідацыя палітычных рэжымаў, якія існуюць на постсавецкай прасторы. Яна праяўляецца ў тым, што праз фасад выбараў працягваюцца паўнамоцтвы тых кіраўнікоў, тых парлямэнтаў, якія абраныя ужо працяглы час таму. І гэта робіцца таксама праз дапамогу назіральнікаў. Назіральніцтва ад СНД – лагоднае, добрых знаёмых, партнэраў... Назіральніцтва, пра якое можна казаць: ты – мне, я – табе”.
XS
SM
MD
LG