Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі распачынаецца кампанія “За вольную Беларусь!”


Юры Сьвірко, Менск У гэтую суботу шэраг грамадзкіх арганізацыяў Латвіі распачне кампанію інфармаваньня насельніцтва краіны пра сытуацыю ў Беларусі й парушэньні правоў чалавека. А ў пачатку лютага ў Рызе пройдзе сэсія Моладзевага парлямэнту Эўропы, на якой будуць абмеркаваныя беларускія ды украінскія падзеі.

Кампанія “За вольную Беларусь!” пачнецца 15 студзеня ў буйным латвійскім партовым горадзе Ліепаі ды яшчэ ў двух мястэчках, а потым будзе мець працяг у Рызе, Даўгаўпілсе і іншых мясьцінах Латвіі. Цягам 2-месячнай кампаніі яе арганізатары будуць распаўсюджваць улёткі й ладзіць сустрэчы з насельніцтвам, паведаміла ў пятніцу Латвійская трансатлянтычная асацыяцыя (LATO). LATO заяўляе, што хоча, каб людзі ў Латвіі, каб людзі прыгадалі, як самі калісьці жылі пад таталітарным рэжымам.

Арганізатары кампаніі “За вольную Беларусь!”, якой папярэднічалі пікеты каля беларускай амбасады ў Рызе ў абарону Міхаіла Марыніча, заклікаюць Эўрапейскі Зьвяз не прызнаваць вынікі беларускіх выбараў, увесьці забарону на візы для высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, расьсьледаваць гандаль зброяй, больш актыўна шукаць зьніклых апазыцыянэраў і замарозіць банкаўскія рахункі Аляксандра Лукашэнкі.

У акцыях будуць браць удзел суполка “Адкрытая Беларусь” і Латвійскі трансатлянтычны моладзевы клюб. З кульмінацыяй кампаніі “За вольную Беларусь!” супадзе рыская сэсія Моладзевага парлямэнту Эўропы.

4–7 лютага каля 150 маладых прадстаўнікоў розных эўрапейскіх краін ва узросьце ад 16 да 20 гадоў будуць абмяркоўваюць пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця кантынэнту, асабліва падзеі ў Беларусі ды Украіне.

На адмысловай сэсіі “Латвія–Беларусь” моладзь будзе аналізаваць падзеі апошніх месяцаў у Беларусі, апошняй зь якіх стаў прысуд Міхаілу Марынічу, былому беларускаму амбасадару ў Латвіі. Мэтай сэсіі будзе ня толькі абмен думкамі, але й дапамога беларускай ды украінскай моладзі ў засваеньні эўрапейскага досьведу.

Сэсію Моладзевага парлямэнту таксама арганізоўвае суполка “Адкрытая Беларусь” – адзін з арганізатараў 2-месячнай кампаніі “За вольную Беларусь!”. Але сэсію падтрымала й амбасада Вялікай Брытаніі ў Рызе, філія Брытанскае Рады ў Латвіі ды ангельскі прафэсар Алан Флаўэрз, які працаваў у Менску й быў дэпартаваны зь Беларусі.
XS
SM
MD
LG