Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржант удаваў сябе за афіцэра?


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Скандал разгарэўся ў Крычаўскай раённай арганізацыі вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Частка вэтэранаў выказала недавер старшыню сваёй арганізацыі Анатолю Грабскаму. Яго абвінавачваюць у фальсыфікацыі сваёй вайсковай біяграфіі.

У Крычаўскай вэтэранскай арганізацыі адбываецца раскол з прычыны кадравага пытаньня. Шэсьць вэтэранаў патрабуюць адхіленьня ад пасады іх цяперашняга лідэра. Гаворыць Віктар Басуматараў:

(Басуматараў: ) “Я хачу, каб разабраўся райвыканкам, абласны савет вэтэранаў, хто ля стырна вэтэранскай арганізацыі Крычава”.

Вэтэраны даведаліся, што хаця іх старшыня Анатоль Грабскі называе сябе капітанам, службу ў савецкім войску ён скончыў у чыне старшага сяржанта. Гэты факт цяпер пацьведжаны афіцыйна. Падман моцна пакрыўдзіў вэтэранаў, гаворыць Мікалай Шаўкуноў.

(Шаўкуноў: ) “Я абараняю праўду. Грабскі ніколі ня меў афіцэрскага званьня. Вось гэта мы і абараняем. Няма чаго пазорыць гонар афіцэра”.

Сам Анатоль Грабскі ніякіх прэтэнзіяў на свой адрас не прызнае. Ён сьцьвярджае, што канфлікт вэтэранаў у Крычаве мае бытавыя карані.

(Грабскі: ) “Чалавека выгналі з працы, і ён пачаў лухтой займацца. Самая сапраўдная правакацыя. Усё ад “а” да “я” — хлусьня”.

У Крычаве спрабавалі пагасіць канфлікт без агалоскі. Вэтэранаў заклікалі да прымірэньня, бо ўсё гэта адбываецца на тле падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 60-годзьдзя Перамогі. Гаворыць кіраўнік вэтэранскай арганізацыі Магілёўскай вобласьці Віктар Абрамаў:

(Абрамаў: ) “Трэба пагасіць гэты скандал, якія распальваецца паміж удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта брудна, непрыгожа і агідна”.

Аднак частка сяброў вэтэранскай арганізацыі ўсё ж лічыць, што барацьбу за праўду трэба працягваць. Тым больш, у іх зьявіліся і больш сур’ёзныя падазрэньні наконт вайсковай біяграфіі Анатоля Грабскага.

(Шаўкуноў: ) “Яго ўзвысілі дарма, і ніхто ня хоча гэтага прызнаць, таму што кожны абараняе гонар мундзіра”.

(Басуматараў: ) “Трэба ў кіраўніцтва ставіць людзей, якія адпавядаюць гэтай пасадзе”.

Крычаўскія вэтэраны цяпер зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта і чакаюць новага разбору з удзелам прадстаўнікоў улады зь Менску. А ў абласной вэтэранскай арганізацыі мяркуюць, што ў гэтай справе павінен разьбірацца суд.
XS
SM
MD
LG