Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія прадпрымальнікі Цэнтральнага рынку ідуць на працоўныя месцы праз шчыльны заслон кантралёраў


Казімер Яноўскі, Гомель Апошнія дні гомельскія прадпрымальнікі, што гандлююць харчам на Цэнтральным рынку, вымушаны ісьці на свае працоўныя месцы праз шчыльны заслон кантралёраў. Сем розных уладных структураў могуць правяраць дробных гандляроў.

Гэтым разам пры ўваходзе на рынак у прадпрымальнікаў асабліва правяралі наяўнасьць ліцэнзіі на гандаль. Але ня толькі ліцэнзіі. Як гэта выглядала, распавядаюць самі прадпрымальнікі:

(Першая прадпрымальніца: ) “У брамах сталі АБЭЗ, падаткоўцы, кантралёры рынку і правяралі ліцэнзію, усе астатнія дакумэнты. Сказалі, што гэта распараджэньне гарвыканкаму”.

(Другая прадпрымальніца: ) “Рынак адкрылі ў 8 гадзінаў, а не на палову восьмай, як гэта належыць. І пачалі правяраць: давайце ліцэнзію, санітарную кніжку, квіткі аплаты месца, падаткаў”.

Дробныя гандляры зьдзіўляюцца, як шмат на рынку розных кантралёраў:

(Прадпрымальніца Эла: ) “Нас прыходзяць правяраць з аблспажыўсаюзу, кантралёры рынку правяраюць. І міліцыя правярае, і падатковая інспэкцыя правярае, і санслужба правярае. На аднаго прадпрымальніка — сем кантрольных інстанцыяў. Некалькі іх могуць прыйсьці нават у адзін дзень — і кожны выпіша штраф”.

Ейны калега Андрэй лічыць праверкі ня столькі жаданьнем уладаў упарадкаваць працу, колькі спосабам папаўненьня бюджэту:

(Андрэй: ) “Праверкі гэтыя — сапраўдны папулізм. І робяцца яны дзеля папаўненьня бюджэту коштам гаротных прадпрымальнікаў. Дасталі ўжо”!

Паводле суразмоўцы, дзяржава і без шматлікіх штрафаў абірае прадпрымальнікаў:

(Андрэй: ) “Я плачу за месяц 600 тысяч рублёў падаткаў і розных збораў. Што застаецца мне? Застаецца 200 тысяч! Атрымліваецца, што я плачу з прыбытку 80% падаткаў”.

Пра падобныя невясёлыя падрахункі вынікаў працы гаворыць ня толькі Андрэй:

(Прадпрымальніца: ) “Зробіш адно — пачынаюць іншае. Устанавілі ліцэнзію. Плачу за яе 100 эўра. Падатак — 346 тысяч рублёў. Гандлёвае месца — 215 тысяч на месяц”.

Нягледзячы на шматлікія праверкі, вялікія падаткі, падвышаную плату за месца, розныя штрафы, адміністрацыя рынку ўсё-такі ня можа забясьпечыць добрых умоваў ні для пакупнікоў, ні для працы прадпрымальнікаў.

(Прадпрымальніца: ) “Працоўны дзень пачынаецца са швабры. Бяру швабру, прыбіраю сваё працоўнае месца, тэрыторыю вакол яго — і пасьля ўжо працую. Іначай ніхто з пакупнікоў ня зможа да мяне падысьці. Вакол вада, усюды бруд”, — сьцьвярджае прадпрымальніца Цэнтральнага рынку.
XS
SM
MD
LG