Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі і праваабаронцы камэнтуюць справаздачу Human Rights Watch


Ганна Соусь, Менск У абнародаванай учора штогадовай справаздачы сусьветнай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch адзначаецца пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека і свабодай слова ў Беларусі. Сваёй рэакцыяй на справаздачу дзеляцца беларускія палітыкі і праваабаронцы.

У штогадовай справаздачы Human Rights Watch згадваюцца справы Валерыя Леванеўскага й Аляксандра Васільева, Міхаіла Марыніча, адхіленьне палітычных апанэнтаў улады ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Праваабарончая арганізацыя адзначае зьнішчэньне незалежных мэдыяў і рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі. У справаздачы гаворыцца пра судовы перасьлед і дыфамацыю ў афіцыйнай прэсе Беларускага Хэльсынскага камітэту. Вось як пракамэнтаваў справаздачу кіраўнік справаў БХК Алег Гулак.

(Гулак: ) “Праблема Беларусі – гэта ня толькі беларуская праблема. Сёньня гэта ўжо праява сыстэмнай праблемы на постсавецкай прасторы, палігон, на якім выпрацоўваюцца гэтыя тэхналёгіі парушэньня правоў чалавека і недэмакратычнасьці дзеяньняў улады. На маю думку, у дакладзе даволі поўна акрэсьленыя праблемы, якія існуюць у нашым грамадзтве. Правы чалавека – гэта ня толькі цікаўнасьць пэўных праваабарончых арганізацый, вядомых палітыкаў і журналістаў. Гэта тая праблема, якая цікавіць і тычыцца кожнага чалавека”.

Сярод парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў справаздачы Human Rights Watch згадваецца перасьлед і ліквідацыя незалежных прафсаюзаў, у тым ліку леташні арышт Аляксандра Ярашука, старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Вось што сказаў пра справаздачу для нашага радыё сам Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Насамрэч усё адпавядае існуючаму парадку ў нашай краіне. Ніхто ня можа абвергнуць гэтыя канкрэтныя факты, што адбываліся й адбываюцца апошнім часам – усе перасьледы і арышты. У дадзеным выпадку я магу разважаць пра тое, што тычыцца нашай арганізацыі. Магу спаслацца на высновы такой аўтарытэтнай арганізацыі, як Міжнародная арганізацыя працы. Фактычна прызнаныя ўсе без выключэньня факты парушэньня правоў прафсаюзаў. Хутчэй за ўсё, чарговы раз гэтыя высновы будуць праігнараваныя нашым урадам”.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі пакуль ніяк не камэнтуюць справаздачу Human Rights Watch. А вось меркаваньне экс-старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча.

(Шушкевіч: ) “У нас парушэньняў значна больш, чым зафіксавана ў гэтай штогадовай справаздачы. Але паколькі ёсьць моцная краіна, якая ва ўсім падтрымлівае Лукашэнку, то яму няма пра што клапаціцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG