Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адпавядае беларуская статыстыка рэальнай карціне ў гаспадарцы?


Юлія Шарова, Менск Паводле афіцыйных зьвестак, у 2004 годзе ў Беларусі валавы ўнутраны прадукт вырас больш чым на 11%. Ці можна лічыць гэту лічбу праўдзівай і ці ўзрос разам з афіцыйнымі паказьнікамі рэальны дабрабыт насельніцтва? Пра гэта нашая карэспандэнтка запыталася ў экспэртаў-эканамістаў.

Старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня “Асацыяцыя садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю” Васіль Шлындзікаў лічыць, што паміж афіцыйнымі паказьнікамі эканамічнага росту ды рэальным узроўнем жыцьця беларусаў ёсьць пэўная неадпаведнасьць.

(Шлындзікаў: ) “У Савецкім Саюзе таксама параўноўвалі статыстыку 1913 году з гадамі 1970-м, 1980-м і г.д. І паказвалі, як добра мы расьцём, колькі мы трактароў выпускаем і нафты здабываем. Аднак аказалася, што насельніцтва як жыло ў беднасьці, так і працягвала жыць. Нешта падобнае адбываецца і з намі”.

Пры гэтым узровень жыцьця беларусаў, занятых не ў афіцыйнай эканоміцы, сапраўды, падвышаецца. Сьведчыць пра гэта і рост коштаў на нерухомасьць, і вялікая колькасьць дарагіх машын на вуліцах гарадоў, і рост колькасьці карыстальнікаў мабільнай сувязі. На думку спадара Шлындзікава, у Беларусі квітнее “шэрая”, паўлегальная эканоміка, якая разьвіваецца асобна ад афіцыйнай. Калі б у Беларусі яе не было, то зь беларускіх эканамічных паказьнікаў усе сьмяяліся б, сказаў экспэрт.

Эканаміст Леанід Злотнікаў цьвердзіць, што беларуская статыстыка скажае рэальную карціну ў гаспадарцы.

(Злотнікаў: ) “Мэтадалёгія статыстыкі, на маю думку, заніжае індэкс спажывецкіх коштаў. Толькі заніжэньне аднаго гэтага індэксу ўсе астатнія паказьнікі робіць добрымі”.

Ад гэтага індэксу, тлумачыць адмыслоўца, залежаць усе астатнія паказьнікі — ад ВУП да колькасьці насельніцтва, якое жыве за мяжой галечы. Праверыць усю мэтодыку разьліку індэксу спажывецкіх коштаў немагчыма, але некаторыя моманты выклікаюць пытаньні. Так, Мінстат звычайна бярэ пад увагу кошты на нізкаякасныя тавары, якія даражэюць марудна. Адпаведна, індэкс выходзіць нізкім. А калі б статыстыка улічвала падаражэньне тавараў высакаякасных, то агульная карціна ў эканоміцы была б іншай, кажа Леанід Злотнікаў.

На думку эканаміста Паўла Данэйкі, эканамічныя паказьнікі ў Беларусі ўсё ж больш адпавядаюць рэчаіснасьці, чым у краінах кшталту Туркмэністану.

(Данэйка: ) “У нас усё ж сацыяльныя паказьнікі растуць. Яны маглі б мець, напэўна, іншы тэмп росту пры іншым тыпе эканамічнага росту, больш высокія. Калі падлічыць, напрыклад, працэнт прыросту заробкаў адносна працэнту прыросту ВУП, то ў разьвітых краінах гэты паказьнік большы”.

Спадар Данэйка тлумачыць гэта тым, што Беларусь усё ж эўрапейская краіна, і эканоміка тут разьвіваецца паводле больш цывілізаваных прынцыпаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG