Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэтах барацьбы з хабарніцтвам студэнтам забаранілі дарыць выкладчыкам кветкі


Галіна Жарко, Менск Зімовая экзамэнацыйная сэсія ў вышэйшых навучальных установах мае сёлета цікавую асаблівасьць. Выкладчыкі з насьцярогаю глядзяць на традыцыйныя кветкі, якія студэнты па старой завядзёнцы яшчэ прыносяць на экзамэн. Чарговая хваля ўзмацненьня барацьбы з карупцыяй і хабарніцтвам накрыла ВУЗы краіны.

Няўжо букет кветак цяпер можа падвесьці пад артыкул аб хабарніцтве? Прынамсі, рызыкаваць, каб гэта высьветліць, ніхто з выкладчыкаў, відаць, не захоча. Але й выкладчыкі, і студэнты папярэджаныя. Усе павінны паставіць свае подпісы пад тым, што яны азнаёмленыя з загадам “Аб мерах па прадухіленьні эканамічных правапарушэньняў, недапушчэньні карупцыі й хабарніцтва”. Загад напісалі “ў мэтах выкананьня пратаколу даручэньняў прэзыдэнта”, якія той зрабіў 17 лістапада мінулага году, падпісваючы рашэньне рэфэрэндуму.

У Белдзяржунівэрсытэце да загаду, напісанага звычайнаю канцылярскаю моваю, дадаюць тлумачэньне на словах: ніякіх цукерак, ніякіх напояў – часам студэнты ладзілі невялікі пачастунак падчас абаронаў дыплёмных работ. І ніякіх кветак. Хоць зімою кветкі й нятанныя, але, відаць, не да такой ступені, каб букетам можна было падкупляць экзамэнатараў.

Прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце Ўладзімер Клюня пракамэнтаваў загад, пад якім стаіць і ягоны подпіс, так:

(Клюня: ) “Пытаньне вельмі цікавае, якое прымушае і студэнтаў і перш за ўсё выкладчыкаў адчуваць сябе няўтульна. Ёсьць такое распараджэньне, у кожным канкрэтным выпадку яно па-свойму ўспрымаецца. Кветак я пакуль ня бачыў. Літаральна, відаць, зразумелі ўсе – і студэнты, і выкладчыкі”.

А як у іншых ВУЗах? Знаёмая выкладчыца з Лінгвістычнага ўнівэрсытэту сказала, што ў іх з загаду сьмяюцца. Выкладчыкі кажуць: вось, падпісваемся пад тым, што да гэтае пары ўсе мы былі хабарнікамі. А цяпер кожнаму пэрсанальна “пагразілі пальцам”.

Першы прарэктар па выхаваўчай рабоце Мастацкай акадэміі Валер Максімовіч – адказны за тлумачальную работу – сам ня ведае, што тлумачыць.

(Максімовіч: ) “Трэба да нейкіх кампэтэнтных органаў зьвярнуцца і спытаць, што лічыцца хабарам. Прыйдзе чалавек з праваахоўных органаў, запросім выкладчыкаў, куратараў, студэнтаў, каб яны паслухалі і маталі сабе на вус. Я нават ня ведаю, можна ўручаць студэнтам кветкі выкладчыку, ці не.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж традыцыя такая існуе...”

(Максімовіч: ) “Канешне. Я лічу, што гэта нейкі перабор. Гэтай традыцыі ўжо вельмі шмат гадоў. Кветкі – з удзячнасьцю!”

Студэнты з нагоды новага загаду збольшага сьмяюцца, але выкладчыкаў, якім сымпатызуюць, падстаўляць ня хочуць. Вось меркаваньне студэнткі філялягічнага факультэта БДУ:

(Студэнтка: ) “Студэнтам бывае вельмі прыемна падараваць любімаму выкладчыку кветкі. На знак увагі, падзякі... Цікава, а паштоўкі можна дарыць ці нельга? Скажам, паштоўкі на сьвятога Валенціна... Гэта таксама будзе лічыцца хабарам?”

У Польшчы кветак на экзамэны студэнты не прыносяць. Але агульнапрынятым ёсьць правіла дарыць выкладчыку падарункі. На знак падзякі студэнты апошняга курса ладзяць пачастунак і ўручаюць кнігу, альбом, сувэнір выкладчыку які працаваў зь імі доўгі час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG