Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стварэньне ў межах гістарычнага цэнтру Менску новых забудоваў ня вырашыць праблемы аднаўленьня гэтай тэрыторыі, лічаць адмыслоўцы


Юлія Шарова, Менск Рэканструкцыя й забудова гістарычнага цэнтру Менску можа адбыцца за дзесяць год – такое меркаваньне выказаў аўтар адпаведнага праекта Дзьмітры Бубноўскі. Раней плянавалася, што ўсе працы зоймуць 15 год, але кіраўнік краіны загадаў скараціць іхны тэрмін. Пры гэтым фінансаваньне праекту будзе адбывацца пераважна за кошт інвэстараў, а не дзяржаўных грошай.

Што ў агульных рысах уяўляе сабой гэты праект рэканструкцыі й забудовы гістарычнага цэнтру Менску Аўтар праекта, начальнік аддзелу інстытута “Менскпраект” Дзьмітры Бубноўскі бачыць сэнс гэтай працы не ў рэгенэрацыі кожнага канкрэтнага гістарычнага будынка, а ў аднаўленьні атмасфэры старога гораду. Да таго ж, спадар Бубноўскі ня лічыць патрэбным пазбаўляцца ад забудоваў, што ўзьніклі на гэтай тэрыторыі ў пазьнейшыя часы.

(Бубноўскі: ) “Увесь асяродак гістарычных цэнтраў складваецца гадамі. Гэта ня столькі аўтарская задума, як асяродак, што шліфуецца цягам стагодзьдзяў: нешта прыжываецца, няўдалыя варыянты нейкім чынам адсейваюцца, фільтруюцца. У гэтым пляне па тым жа прынцыпе мы пайшлі і ў выбары праектных рашэньняў”.

Праект прадугледжвае ў тым ліку і аднаўленьне малога Гасьцінага двара і Сьвятадухаўскай царквы, але, са словаў Дзьмітрыя Бубноўскага, з рэалізацыяй гэтых задумаў ёсьць пэўныя цяжкасьці інжынэрнага кшталту: якраз у гэтым месцы праходзяць абедзьве лініі мэтро. Мяркуецца стварыць і своеасаблівы “менскі Манмартр” на месцы старажытнага замчышча, дзе мастакі могуць гандляваць карцінамі – кшталту таго, што было на плошчы Свабоды да рэканструкцыі ратушы.

Магчыма, у гістарычным цэнтры Менску зьявіцца таксама музэй старажытнага беларускага мастацтва – на месцы бэрнардынскага кляштара, дзе цяпер месьціцца гаўптвахта. У любым выпадку, камэндатуры адтуль будуць высяляцца, цьвердзіць спадар Бубноўскі. Высяляць таксама трэба і Другую лякарню – былы Троіцкі кляштар – але ажыцьцявіць гэта будзе складана. У карпусах лякарні пасьля рэканструкцыі можна разьмясьціць офісныя памяшканьні ды ператварыць яе ў гэткі бізнэсцэнтар.

Як экспэрты ў справе захаваньня гістарычнай спадчыны ацэньваюць гэтыя спробы інстытута “Менскпраект” аднавіць гістарычны цэнтар беларускай сталіцы? На думку намесьніка старшыні Менскай гарадзкой рады беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Уладзімера Дзянісава, сам конкурс на лепшы праект у гэтай справе быў зладжаны з парушэньнямі закону пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны.

Конкурсы на такія аб’екты наагул ня робяцца, сьцьвярджае спадар Дзянісаў. На ягоную думку, мусіць быць зроблены дакладны плян рэгенэрацыі гэтай тэрыторыі, каб захаваць яе гістарычны характар, аўтэнтычнасьць. Да таго ж мой суразмоўца нагадвае, што гістарычны цэнтар Менску мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі, такіх аб’ектаў няшмат, і таму тут трэба кіравацца ня толькі айчынным заканадаўствам, але й міжнароднымі нормамі. Але і яны былі парушаныя, лічыць спадар Дзянісаў.

(Дзянісаў: ) “Пайшлі па прынцыпе, які існаваў у савецкай гістарычнай навуцы: спачатку робіцца схема, а пад яе падбіраюцца факты. А трэба наадварот, трэба правесьці цэлы комплекс работ, а потым ужо вырашаць, якім павінен быць гэты праект. Гэта павінен быць чыста горадабудаўнічы праект, і той жа інстытут “Менскпраект”, відаць, не зусім павінен быў ім займацца. Гэтым павінны займацца горадабудаўнікі, спэцыялісты-рэстаўратары ў першую чаргу. Прычым у законе гэта вельмі сур’ёзна абгаворана”.

Да таго ж самі ўмовы конкурсу прадугледжвалі стварэньне ў межах гістарычнага цэнтру новых забудоваў – гандлёвых ды дзелавых цэнтраў, паркінгаў, што ніяк ня вырашыць праблемы менавіта аднаўленьня гэтай тэрыторыі, лічыць Уладзімер Дзянісаў.
XS
SM
MD
LG