Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Камсамольская праўда ў Беларусі”: “Для рэклямы беларуская мова больш элітная, чым руская”


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

У сёньняшнім нумары “Беларускай дзелавой газэты” надрукаваны артыкул пад назваю “Сьмерць ад выцьвярэзьніка”. Гаворка вядзецца пра тое, як на праваслаўнае Раство міліцыя забрала ў выцьвярэзьнік 18-гадовага юнака. Ён быў нападпітку й разам зь сябрамі вяртаўся да хаты. Літаральна празь некалькі гадзінаў па яго паехалі сваякі, але хлопец быў ужо мёртвым. Бацькам ня далі ніякіх тлумачэньняў адносна сьмерці сына й не дазволілі паглядзець на цела, а ў афіцыйнай даведцы мэдыкі напісалі, што прычына сьмерці высьвятляецца. Што здарылася зь юнаком у выцьвярэзьніку, нават пасьля ягонага пахаваньня для сям’і застаецца невядомым.

Незалежная газэта “Салідарнасьць” у артыкуле “Як нас абдурваюць з квартплатаю” паведамляе падрабязнасьці таго, як без падвышэньня камунальных тарыфаў, кватэрныя плацяжы за сьнежань вырасьлі на некалькі дзесяткаў тысячаў рублёў. Пры гэтым сумы розьняцца ня толькі паміж гарадамі, але нават паміж рознымі раёнамі, як гэта выявілася ў Менску. Гэткім чынам, кожная камунальная служба адвольна зьмяняе тарыфы на пэўныя паслугі ў спадзяваньні, што гэта пройдзе незаўважна для спажыўцоў. Таму варта пільна сачыць, за кошт чаго падвышаецца квартплата – раіць “Саліданасьць”.

“Піце ваду на здароўе” – так называецца артыкул у сёньняшнім нумары газэты “Кур’ер з Барысава”. Гаворка вядзецца пра якасьць вады ў гарадах, якія бяруць ваду з адкрытых вадасховішчаў – гэта Полацк, Гомель, Гародня, часткова Менск і многія іншыя. У кожным разе выкарыстоўваецца хляраваньне, а паводле навукоўцаў, з-за ўжываньня хляраванай вады, на анкалёгію пакутуюць каля аднаго адсотку ад агульнай колькасьці хворых – паведамляе газэта.

“Камсамольская праўда ў Беларусі” ў сьвежым нумары друкуе артыкул пад назваю “Для рэклямы беларуская мова больш элітная, чым руская”. Паводле газэты гэта сьцьвярджаюць мэнэджэры пасьпяховых Заходніх кампаніяў. У гэтым зьвязку “Камсамолка” арганізавала рэклямную акцыю: усім прадпрыемствам, якія будуць выкарыстоўваць у сваёй прадукцыі беларускую мову, народны паэт Рыгор Барадулін дапаможа прыдумаць фірмовую назву ці брэнд. А газэта гарантуе зьніжку на ўсю беларускамоўную рэкляму.

Сьвежы нумар тыднёвіку “Наша ніва” зьмяшчае артыкул пад назваю “Сьвятло пратэсту”: арышты пастараў, падпольныя друкарні і лясныя служэньні — гэта гісторыя пратэстанцкага руху на Берасьцейшчыне. Такім ёсьць кароткі зьмест рэпартажу, зробленага карэспандэнтамі “Нашай Нівы” ў вёсцы Альшаны Столінскага раёну.
XS
SM
MD
LG