Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якой мэтай рыхтуюцца зьмены ў Працоўны кодэкс?


Уладзімер Глод, Менск У Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь зьявяцца зьмены. Пра гэта стала вядома ўчора, калі ў кіраўніка беларускай дзяржавы адбылася адмысловая нарада. Паводле словаў Лукашэнкі, перадусім зьмены скіраваныя на ўмацаваньне працоўнай дысцыпліны, павышэньня эфэктыўнасьці працы й сацыяльную абарону працоўных. Аднак усе пералічаныя мэты ўзгадваліся й тады, калі ў Беларусі ўводзілі кантрактную сыстэму працы...

Спачатку, мабыць, ёсьць сэнс сказаць пра магчымыя тэрміны ўвядзеньня новай рэдакцыі Працоўнага кодэксу. Старшыня профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Камянецкі ў інтэрвію агэнцыі “Интерфакс” сказаў, што дапрацаваны варыянт гэтага дакумэнту будзе вынесены ўжо на восеньскую сэсію. Робіцца гэта дзеля таго, каб новы кодэкс пачаў афіцыйна дзейнічаць у наступным годзе.

Кантрактная сыстэма й без таго значна пагоршыла становішча працоўных. Яны запалоханыя і баяцца сказаць слова насуперак кіраўнікам, бо баяцца, што ім проста не працягнуць кантракты. Чаму ж тады ўлады хочуць зьмяніць яшчэ і Працоўны кодэкс? Вось як адказвае на гэтае пытаньне старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “З нашага пункту гледжаньня, тое, што апошнім часам адбываецца, я маю на ўвазе перадусім пагалоўную кантрактызацыю і яе нэгатыўныя наступствы, можна гаварыць пра тое, што прававое становішча працоўных значна пагоршанае, параўнальна нават з тымі нормамі, што замацаваныя ў Працоўным кодэксе. І таму размовы яшчэ аб нейкіх мерах па ўмацаваньні дысцыпліны выклікаюць як мінімум зьдзіўленьне. Іншая справа, што адпаведна лёгіцы той палітычнай сыстэмы, якая адбудавана ў краіне, такія захады прадказальныя. Сыстэма можа рухацца толькі ў адным напрамку – браць працоўных пад моцны прэсінг для таго, каб яны не маглі рэагаваць, супраціўляцца і ствараць уладам нейкія праблемы”.

Ёсьць шмат канкрэтных прыкладаў пацярпелых ад кантрактнай сыстэмы. Бальшыня людзей, мабыць, ведае пра факты, калі не працягваюць працоўныя кантракты родным, блізкім, знаёмым. Але ж высьвятляецца, што ёсьць мноства прыкладаў, так бы мовіць, пабочнага дзеяньня наступу на працоўных. Пра іх распавядае Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Непасрэднае сьледзтва кантрактаў – чалавек будуе сабе жыльлё. Без крэдытаў цяпер ён абысьціся ня можа. Ён зьвяртаецца ў банк, а там кажуць: прынясіце даведку зь месца працы аб вашых заробках. Ён прыносіць, а там напісана, што кантракт у яго на год, у лепшым выпадку – на тры. У банку гавораць: мы ня можам даць крэдыт, паколькі няма ніякай упэўненасьці, што кантракт з вамі будзе працягнуты. І такіх фактаў мноства. Яны датычацца ня толькі жыльля, але і іншых выпадкаў”.

А як ацэньваюць захады ў справе зьмяненьня Выбарчага кодэксу незалежныя экспэрты? Яны бачаць у новаўвядзеньнях далейшае згортваньне правоў працоўных. І яшчэ яны сьцьвярджаюць, што, па-першае, такое ўжо было ў нашай гісторыі, а па-другое, цяперашнія ўлады ня могуць абысьціся без такіх захадаў. І вось як тлумачыць гэта гісторык Тацяна Процька:

(Процька: ) “Усякі таталітарны рэжым, заснаваны не на інстытуце прыватнай уласнасьці, павінен клапаціцца пра дысцыпліну. Бо калі дзейнічае інстытут прыватнай уласнасьці, там гэтай праблемы не існуе – людзі працуюць, бо яны хочуць зарабіць больш грошай і г.д. А ў нашай сацыялістычнай, савецкай форме гаспадараньня матывацыі да працы ўсё менш і менш. Тады ўводзяцца розныя прымусовыя мэтады й спосабы працы.

Мы наагул пераходзім да прымусовай працы. Гэтая дысцыпліна ёсьць элемэнт прымусу да працы. Вось, напрыклад, студэнтаў, якія вучацца за дзяржаўныя грошы, хочуць на пяць год адправіць на працу. Гэта таксама прымус. Лягеры былі ў гісторыі нашай краіны – ГУЛАГ. Там людзі таксама былі пад прымусам, але там – пад жорсткім. А ёсьць менш жорсткі – звальненьні, пазбаўленьне прэміяў, іншыя адміністратыўныя санкцыі. Гэта ўсё – розныя ступені адной і той жа справы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG